Чаму нас вучыць гісторыя?

- 13:03Суразмоўца

Чаму так важна помніць сваё мінулае? Што зараз найбольш цікавіць маладых людзей у вывучэнні падзей даўніх часоў? Як сталася, што разам з дапытлівасцю маладога розуму існуе простае запамінанне фактаў? Сваімі думкамі падзяліўся Аляксандр Валер’евіч КАСОВІЧ, дэкан гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— З даўніх часоў гісторыю называюць філасофіяй у прыкладах. Аляксандр Валер’евіч, вопыт якіх падзей вам як гісторыку падаецца найбольш каштоўным?
— З нашай слаўнай гісторыі каштоўным лічу вопыт пачатку сярэдзіны XVI стагоддзя — так званага залатога веку беларуска-літоўскай дзяржавы. У гісторыю ён увайшоў як перыяд талерантнасці. Менавіта ў гэты час ідэя памяркоўных адносін паміж людзьмі і народамі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў увасобілася ў жыццё. Закладзеныя асновы такіх адносін пануюць у нашым грамадстве і зараз.
Другі істотны момант — усебаковы аналіз прычын ваенных канфліктаў. Войны заўсёды нясуць разбурэнні, няшчасці і, самае страшнае, смерць людзей. Патрэбна не адно дзесяцігоддзе, каб пасля іх вярнуцца да мірнага жыцця, аднавіць эканоміку, сацыяльную сферу, культуру, стварыць людзям умовы для прыстойнага і годнага жыцця. Таму замоўчваць ці забываць урокі ўзброеных канфліктаў мы не павінны ні пры якіх абставінах. З любога ваеннага канфлікту павінны быць зроблены высновы, каб у будучыні прадухіліць спробу і магчымасць іх паўтарэння…

— Аляксандр Валер’евіч, вы сказалі пра важнасць аналізу ваенных канфліктаў. Менавіта асэнсаваннне трагічных падзей дае людзям шанс не паўтараць памылак гісторыі. Нярэдка ў грамадстве адбываецца і пераасэнсаванне гістарычнага мінулага. Прычым робіцца гэта па розных прычынах, а не толькі тады, калі адкрываюцца новыя, не вядомыя раней факты. Так, напрыклад, зараз пры асвятленні падзей Другой сусветнай вайны мы назіраем свайго роду перацягванне коўдры…
— Няпростыя падзеі, якія адбываюцца зараз паміж славянскімі народамі, прадвызначылі адносіны некаторых краін да падзей 70-гадовай даўнасці. Напрыклад, зараз назіраецца спроба прынізіць ролю СССР і перабольшыць ролю ЗША ў дасягненні перамогі ў Другой сусветнай вайне. У той жа час сур’ёзныя айчынныя і замежныя даследчыкі нават не ставяць пад сумненне той факт, што Вялікая Перамога кавалася менавіта на Усходнім, а не на Заходнім фронце. Сапраўды, востра праяўляецца спроба фальсіфікацыі фактаў, выдавання жаданага за сапраўднае. Таму задача і абавязак айчынных гісторыкаў і, у прыватнасці, гісторыкаў, якія працуюць на гістарычным факультэце БДПУ, — дапамагчы маладым людзям аб’ектыўна разабрацца і зрабіць правільныя высновы, якія базіруюцца на праўдзівых фактах адносна гэтай трагічнай і адначасова гераічнай старонкі нашай гісторыі.
У нашай краіне многа робіцца для мемарыялізацыі подзвігу беларускага народа ў гады мінулай вайны: маладое пакаленне павінна ведаць і не забываць, каму абавязана мірным небам над галавой. Нацыя тады моцная, калі яна шануе сваё гістарычнае мінулае, калі клапатліва да яго ставіцца, улічваючы ўласныя нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы. Мы павінны не саромецца праводзіць даследаванні, выступаць на навуковых мерапрыемствах, паказваць гістарычную праўду, аднаўляць гістарычную справядлівасць.
Так, на постсавецкай прасторы Беларусь — адзіная краіна, у якой у якасці самастойнай дысцыпліны ва ўстановах вышэйшай адукацыі выкладаецца спецкурс “Вялікая Айчынная вайна”. У свой час група навукоўцаў на чале з Аляксандрам Аляксандравічам Каваленяй, які з’яўляецца членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, доктарам гістарычных навук, прафесарам і займае пасаду акадэміка-сакратара гуманітарных навук, правяла вялікую работу па падрыхтоўцы дапаможнікаў, хрэстаматый і матэрыялаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў.

— У нашай краіне мы помнім падзеі Другой сусветнай і Вялікай айчыннай войнаў. Аднак у XX стагоддзі ад сусветных войнаў свет уздрыгваў двойчы. Толькі вось падзеі Першай сусветнай доўгі час знаходзіліся ў цені…
— Сапраўды, падзеі Першай сусветнай вайны доўгі час не так актыўна вывучаліся. Зараз сітуацыя змянілася. У мінулым годзе мы адзначалі 100-годдзе з пачатку Першай сусветнай вайны, што дало імпульс для яе актыўнага асвятлення ў СМІ. Так, на беларускім тэлебачанні выходзілі цыклы тэматычных перадач. Дарэчы, у стварэнні дакументальных фільмаў, якія ішлі на АНТ, прымалі ўдзел выкладчыкі нашага ўніверсітэта. Гэтая тэма асвятляліся і ў друку — у спецыялізаваных і грамадска-палітычных часопісах. І гэта правільна, што Першую сусветную вайну не скідваюць з рахунку. Яе вынікі аказалі вялікі ўплыў на далейшае геапалітычнае развіццё свету.

— Белых плям гісторыі XX стагоддзя становіцца ўсё менш. Рыхтуюцца і выходзяць у свет матэрыялы, якія праліваюць святло на закрытыя раней пытанні. Як успрымае новыя факты сучаснае пакаленне моладзі? Сярод гісторыкаў усё часцей гучыць думка, што гістарычная свядомасць цяперашняга пакалення адрозніваецца ад свядомасці пакалення мінулага. У чым, на ваш погляд, заключаюцца адрозненні?
— Пры аналізе падзей мінулага многія маладыя людзі, якія цікавяцца гісторыяй, спрабуюць самастойна разабрацца ў іх. Ім уласцівы своеасаблівы рыгарызм, крытычнасць у ацэнцы. Сучаснае пакаленне намагаецца выказаць сваё меркаванне, свае высновы. У значнай ступені гэта дазваляе зрабіць даступная і ёмістая інфармацыйная прастора — СМІ, інтэрнэт, спецыялізаваныя гістарычныя каналы і г.д.
Змяніліся і акцэнты пры вывучэнні таго ці іншага факта. Раней, напрыклад, пры ацэнцы падзей ваеннай пары людзей цікавілі праблемы гераізму, воінскай адвагі і мужнасці. З пашырэннем інфармацыйнай прасторы, зняццем абмежавання з архіваў, уводам у навуковы абарот вялікіх пластоў раней не вядомых дакументаў, якія захоўваліся пад грыфам “сакрэтна” ці “зусім сакрэтна”, цяперашнюю моладзь цікавяць праблемы асабістага выбару, псіхалогіі паводзін чалавека на вайне, праблемы штодзённага жыцця ва ўмовах акупацыі, міжканфесійных, міжнацыянальных адносін, у значнай ступені разагрэтых ваенным канфліктам, праблемы калабарацыі і іншыя, якія існавалі ў гады ваеннага ліхалецця.
Нягледзячы на такія розныя падыходы, любая падзея ўсё роўна патрабуе аналізу, зыходзячы з рэалій таго часу, калі яна адбылася, з пазіцый існуючых на той час умоў. Маю на ўвазе ваенна-палітычную сітуацыю, эканамічныя і этнасацыяльныя фактары і многае іншае. За ўменне аналізаваць мінулае менавіта з такіх пазіцый і падыходаў я вельмі ўдзячны выкладчыкам гістарычнага факультэта БДПУ, дзе я вучыўся.

— Нягледзячы на такую дапытлівасць розуму некаторых маладых людзей, усё часцей сутыкаешся з няведаннем, здаецца, элементарных гістарычных падзей…
— Такое таксама ёсць. Да нас усё больш прыходзіць першакурснікаў, якія са школьнай парты арыентаваны толькі на запамінанне фактаў без іх аналізу і сістэматызацыі. Гэта вялікая праблема. Таму задача выкладчыка заключаецца ў тым, каб, з аднаго боку, прымусіць думаць і аналізаваць, а з другога — навучыць іх лагічна, абгрунтавана і пераканаўча выступаць перад любой аўдыторыяй. За кошт чаго гэта можна зрабіць? У прыватнасці, за кошт логікі і рыторыкі, якія выкладаюцца на нашым факультэце.

— Аляксандр Валер’евіч, выкладчыкі гістарычнага факультэта БДПУ вядомы ва ўсёй рэспубліцы. Многія з іх сталі заснавальнікамі навуковых школ…
— Доктар навук становіцца заснавальнікам навуковай школы ў тым выпадку, калі ў яго з’яўляюцца свае вучні, паслядоўнікі. Так, на факультэце існуюць навуковыя школы Анатоля Міхайлавіча Лютага, Анатоля Паўлавіча Жытко, Генадзя Аркадзьевіча Космача, Мікалая Міхайлавіча Забаўскага, Віталя Міхайлавіча Фаміна і інш. У межах навуковых школ вывучаецца новая гісторыя Беларусі перыяду XVII — пачатаку XX стагоддзя.

— Вы якраз закранулі тэму паслядоўнікаў, вучняў вашых прызнаных навукоўцаў. Якія тэмы, перыяды ў гісторыі выклікаюць асаблівую цікавасць з боку студэнтаў і аспірантаў?
— Звычайна маладыя людзі, якія захапляюцца гісторыяй, да выкладчыка прыходзяць ужо са сваім інтарэсам і жаданнем даследаваць праблему пэўнага перыяду. Ім цяжка штосьці навязаць. Яны выбіраюць тое, што ім цікава.
Для сябе я вылучаю некалькі кірункаў, якія выклікаюць асаблівую цікавасць у моладзі. Натуральна, гэта XX стагоддзе — перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі і перыяд станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Аб’ектам уважлівага вывучэння таксама стала мяжа XX і XXI стагоддзяў — знешне- і ўнутрыпалітычныя, сацыяльна-эканамічныя адносіны нашай дзяржавы ў гэты перыяд.
Моладзь цікавіць і навейшая гісторыя Заходняй Еўропы, у прыватнасці, праблема станаўлення нацыянал-сацыялізму ў Германіі. Значны інтарэс выклікае гендарная гісторыя, гісторыя штодзённасці, а таксама міжнацыянальныя і канфесійныя адносіны і іншыя кірункі ў галіне гістарычных даследаванняў.
Да гэтага часу вывучаюцца і больш даўнія перыяды. Здаецца, столькі зроблена даследаванняў па гісторыі Сярэднявечча, аднак усё роўна штогод абараняюцца кандыдацкія работы, прысвечаныя аналізу гэтага перыяду. Тое самае можна сказаць і пра Другую сусветную і Вялікую Айчынную войны. З’яўляюцца новыя факты, сведчанні, знімаецца грыф “сакрэтна” з архіўных матэрыялаў, якія ўдакладняюць, дапаўняюць, уносяць пэўныя карэктывы ў карціну гістарычнага мінулага. Задача выкладчыкаў якраз і заключаецца ў тым, каб навучыць аб’ектыўна, з улікам нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў нашай краіны тлумачыць і адстойваць перад любой аўдыторыяй унутры і па-за межамі краіны падзеі сваёй уласнай гісторыі.

— Вялікі дзякуй за размову!

Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена гістарычным факультэтам БДПУ імя Максіма Танка.