Чараўніцтва пад Новы год

- 11:25Сацыяльны ракурс

З пажаданнямі добрага Новага года і падарункамі завіталі да выхаванцаў Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху жаданыя госці — старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, начальнік упраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін.

Ушколе-інтэрнаце вучацца 50 дзяцей, установу наведваюць таксама 9 дзетак дашкольнага ­ўзросту. Школа забяспечвае вучэбны і карэкцыйна-развіццёвы працэс, усебаковае развіццё дзяцей, што і было прадэманстравана на навагоднім ранішніку. Гэтыя дзеці ўмеюць “спяваць” жэстамі, танцаваць, выступаюць, як сапраўдныя артысты, у тэатры, які называецца тэатрам цішыні. У гэтым годзе выхаванцы школы-інтэрната прынялі ўдзел у міжнародным праекце “Дзеці вітаюць дзяцей”, па выніках якога змаглі паўдзельнічаць у выставе ў адной з мастацкіх галерэй Мінска. Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай у прадстаўленні ўдзельнічалі Снежная каралева з тролямі, сімвал наступаючага года Певень.

Уладзімір Краўцоў павіншаваў выхаванцаў і супрацоўнікаў школы-інтэрната з Новым годам і падарыў тэлевізар.

— Падчас дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў Гродзенскай вобласці падарунак атрымае кожны з дзевяці тысяч дзяцей, якія выхоўваюцца ў спецыялізаваных установах, прыёмных і апякунскіх сем’ях, — сказаў Уладзімір Ва­сільевіч. — Гэта акцыя дае цудоўную магчымасць павіншаваць дзяцей. Кіраўнікі прадпрыемстваў і дзяржаўных устаноў сустракаюцца з дзецьмі, каб пажадаць ім здароўя і дабрабыту, каб яны раслі, развіваліся і сталі сапраўднымі грамадзянамі нашай дзяржавы.

У гэты дзень у школе-інтэрнаце пабывалі і прадстаўнікі арганізацый, якія аказваюць дапамогу навучальнай установе і падтрымліваюць яе выхаванцаў: ад  Беларусбанка школа атрымала сертыфікат на набыццё слыхавога трэнажора, яшчэ адзін грашовы сертыфікат — ад Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду, ад прадпрыемства “Цветлит” — салодкія пачастункі і запрашэнне на навагодні ранішнік у Дом культуры, ад абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў — спартыўны інвентар.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.