Снежань — месяц клопатаў для дарослых і час цудаў для дзяцей. Менавіта ў гэты час дзяцей чакаюць казачныя і незабыўныя імгненні іх жыцця. Бацькі праводзяць больш часу са сваімі дзецьмі не толькі для падрыхтоўкі ўрокаў, але і для творчасці. Па традыцыі ў школе напярэдадні навагодніх і калядных свят арганізавана выстава навагодніх вырабаў вучняў. Лепшыя работы былі адпраўлены для ўдзелу ў раённых тэматычных конкурсах, дзе занялі прызавыя месцы.
Але цуды не заканчваюцца, а толькі пачынаюцца. Актывісты і валанцёры атрада “Міласэрнасць” у межах рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” падрыхтавалі незабыўнае падарожжа ў госці да ляснога гнома для вучняў 1—4 класаў. Вучні разам з галоўным героем размарожвалі Дзеда Мароза і Снягурку, якіх замарозіла Ледзяная прыгажуня. На дапамогу ў гэтым нялёгкім заданні вучні клікалі Эльзу, Алёшу Паповіча, Райдара і Гоншчыка. Эльза для дапамогі прапанавала станцаваць вяселы танец, у якім вучні з ахвотай прынялі ўдзел, але гэтага, на жаль, было недастаткова. І разам з гномам яны запрасілі на дапамогу Алёшу Паповіча і ўсе разам стваралі армію дабра і спрабавалі перамагчы Ледзяную прыгажуню, але аказалася, і гэта даволі няпроста. Услед за Алёшам Паповічам на дапамогу прымчаўся Райдар і Гоншчык. Ён дапамог адшукаць шлях да зачараванага лесу і Дзеда Мароза са Снягуркай. І толькі дабро і дружба растапілі халоднае сэрца Ледзяной Прыгажуні. Дзед Мароз са Снягуркай прыйшлі на свята. Вучні яшчэ доўга танцавалі, вадзілі карагоды вакол ёлкі, удзельнічалі ў розных конкурсах і атрымлівалі салодкія прызы ад галоўных герояў навагодніх свят.
Навучэнцы 5—7 класаў сталі сведкамі святочнага здарэння. У госці да іх прыйшлі Ліса, Воўк, Кікімара, Лясун, Снежная каралева і, вядома ж, Дзед Мароз са Снягуркай. Яны з ахвотай малявалі, танцавалі, спявалі песні.
Старэйшыя вучні прынялі ўдзел у гульнявым марафоне, дзе разам са Снягуркай і Дзедам Марозам зладзілі танцавальную бітву, праспявалі разам караоке і запалілі ёлку, павадзілі навагодні карагод.
Усе вучні прынялі актыўны ўдзел у святочных паданнях і атрымалі шмат незабыўных уражанняў.
Таксама ў межах акцыі “Нашы дзеці” члены спартыўнай секцыі прынялі ўдзел у навагоднім раёным валейболе, дзе паказалі найлепшыя вынікі.
Лепшыя вучні наведалі дабрачынныя раённыя і абласныя святы. На абласным свяце пабываў Аляксей Петушок, навучэнец класа спартыўнай накіраванасці, неаднаразовы прызёр абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы. У раённым свяце прынялі ўдзел навучэнцы з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, вучні, якія занялі прызавыя месцы ў конкурсах і спартыўных спаборніцтвах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Выдатнікі вучобы таксама атрымалі віншаванні ад адміністрацыі і салодкія прызы.
Так свята зазірнула ў госці да кожнага дзіцяці.
Вікторыя ДАШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Скідзеля.