Час здзяйснення жаданняў

- 11:13Нашы дзеці

Разам сталі ў карагод каля ёлкі, паглядзелі святочны паказ “Навагоднія прыгоды Нязнайкі і яго сяброў”, абмяняліся падарункамі навучэнцы і педагогі Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку і дапаможнай школы № 1, а таксама і іх госці — старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Галіна Курганская.

Па добрай традыцыі, напярэдадні навагодняга свята кіраўнікі вобласці, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый наведваюць адукацыйныя ўстановы і віншуюць дзяцей са святам.

— У снежні традыцыйна праводзіцца акцыя “Нашы дзеці”. Запланавана шмат мерапрыемстваў, у якіх усе з задавальненнем удзельнічаюць, — гаворыць старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В.Краўцоў. — Усе дзеці ў Гродзенскай вобласці атрымліваюць віншаванні і падарункі, асаблівую ўвагу ўдзяляем дзецям, якія выхоўваюцца ў інтэрнатах, прыёмных і мнагадзетных сем’ях.

Да свят і прыходу гасцей дзеткі рыхтаваліся вельмі адказна. Вучні школы-інтэрната разам са сваімі настаўнікамі і выхавальнікамі перайначылі на сучасны лад казку пра Нязнайку. Гэты любімы герой разам са сваімі сябрамі Знайкай і Кнопачкай, а таксама Снежнай каралевай прайшоў шэраг прыгод, але ўсё скончылася добра: Дзед Мароз і Снягурка з’явіліся, агеньчыкі на ёлцы запаліліся.

Атрымалі дзеці і падарункі: ад Гродзенскага аблвыканкама — сертыфікат на набыццё музычных інструментаў для школы-інтэрната, камп’ютарную тэхніку для дапаможнай школы № 1. Салодкімі пачастункамі парадавалі шэфы з “Белтэлекама”, арганізацыі Беларускага саюза жанчын і Беларускага фонду міру Ленінскага раёна Гродна набылі для навучальных устаноў, якія размешчаны ў адным будынку, электрапліту і набор кухоннага посуду. У сваю чаргу і госці не засталіся без падарункаў — дзеткі з дапаможнай школы зрабілі для іх сувенірных лялек.

— Мы атрымалі задавальненне не толькі ад падарунка, але і ад цёплых слоў віншавання і падтрымкі нашых дзетак, усяго калектыву кіраўніцтва вобласці, — гаворыць дырэктар школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Алена Вераб’ёва. — Нашы дзеці вельмі таленавітыя музычна, многія з іх спяваюць і іграюць на музычных інструментах. У школе ёсць свой духавы аркестр, так што сертыфікат на набыццё інструментаў вельмі патрэбны. Як важна, што дзяржаўная ўлада дапамагае здзейсніць пажаданні нашых дзяцей!

Пабываюць госці ў перадсвяточныя дні ў Парэцкай санаторнай школе-інтэрнаце і Азёрскай школе-інтэрнаце Гродзенскага раёна, Панямунскім дзіцячым доме Гродна, гродзенскіх раённым і гарадскім сацыяльна-педагагічных цэнтрах, Радунскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце, Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, Навагрудскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, Гродзенскім гарадскім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Васілішкаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў, Гродзенскім гарадскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, Гродзенскім абласным спецыялізаваным доме дзіцяці.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.