Чатыры ўдзельнікі — чатыры медалі

- 12:48Адукацыйная прастора, Рознае

Вельмі паспяхова для Беларусі завяршылася 27-я Міжнародная алімпіяда па біялогіі IBO-2016. Нашу каманду прадстаўлялі чатыры чалавекі, усе яны вярнуліся з медалямі.

Алімпіяда праходзіла з 17 па 24 ліпеня ў Ханоі (В’етнам). У ёй прынялі ўдзел 252 школьнікі з 69 краі свету. Выступаючы на адкрыцці алімпіяды, міністр адукацыі і падрыхтоўкі кадраў Рэспублікі В’етнам Фунг Суан Н’я паведаміў, што ў гэтым годзе налічваецца рэкордная колькасць удзельнікаў алімпіяды па біялогіі. Ён адзначыў, што 27-я Міжнародная алімпіяда па біялогіі мае вялікае значэнне як для школьнікаў, так і для настаўнікаў, бо дае магчымасць умацаваць міжнароднае супрацоўніцтва, абмяняцца вопытам, а таксама служыць стымулам для школьнікаў у вучобе і навуковых даследаваннях. “Алімпіяда, несумненна, паслужыць укладам у павышэнне навуковых магчымасцей біёлагаў ва ўсім свеце”, — адзначыў Фунг Суан Н’я.

Падчас алімпіяды яе ўдзельнікі прынялі ўдзел у навуковых семінарах па біялогіі і наведалі гістарычныя помнікі і славутасці В’етнама. У прыватнасці, школьнікі пабывалі ў этнаграфічным музеі В’етнама, храмавым комплексе, прыродных комплексах.

Міжнародная біялагічная алімпіяда (англ. International Biology Olympiad, IBO) — міжнароднае навуковае спаборніцтва для школьнікаў не маладзей за 15 гадоў. Праводзіцца штогод у ліпені з 1990 года. Кожная краіна-ўдзельніца можа даслаць каманду, якая складаецца з 4 чалавек, пераможцаў біялагічнай нацыянальнай алімпіяды, і 3 кіраўнікоў.

Афіцыйнай мовай алімпіяды з’яўляецца англійская (усе заданні краіна-арганізатар павінна таксама даць і на рускай мове). Усе ўдзельнікі ацэньваюцца індывідуальна. Ацэньванне грунтуецца на выніках тэарэтычнага і практычнага выпрабаванняў у некалькіх асноўных раздзелах біялогіі: клеткавая біялогія, малекулярная біялогія, анатомія і фізіялогія раслін, анатомія і фізіялогія жывёл і чалавека, эталогія, генетыка і эвалюцыя, экалогія, біясістэматыка.

Залатыя медалі прадастаўляюцца лепшым 10% удзельнікаў, сярэбраныя — наступным 20% удзельнікаў і бронзавыя медалі даюцца наступным 30% удзельнікаў.

І вось нашы героі: Альберт Вайшэвіч, навучэнец 11 класа Ліцэя БДУ, атрымаў “серабро”; Дзяніс Яроцкі, таксама адзінаццацікласнік Ліцэя БДУ, Ганна Галькевіч, вучаніца 11 класа гімназіі № 12 Мінска, Паліна Трус, навучэнка 11 класа Ліцэя БДУ, былі ўдастоены бронзавых узнагарод. Віншуем!
Кіраўнікамі каманды і членамі міжнароднага журы ад Беларусі былі настаўнік Ліцэя БДУ кандыдат біялагічных навук Васіль Панкратаў і дацэнт біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта кандыдат біялагічных навук Аксана Несцерава.

Першыя тры месцы (залатыя медалі) атрымалі прадстаўнікі Сінгапура і Кітая. Краіны Паўднёва-Усходняй Азіі даўно трымаюць лідарскія пазіцыі. Традыцыйна моцнымі з’яўляюцца ўдзельнікі з Карэі, Японіі і ЗША. Сярод еўрапейскіх краін лепш за ўсіх выступілі школьнікі з Германіі і Венгрыі.
Сёлета інтэлектуальныя спаборніцтвы традыцыйна праходзілі ў два туры: спачатку было прапанавана выканаць 4 блокі практычных заданняў — пачынаючы ад відавога вызначэння насякомых і заканчваючы разлікам дозы лекавага прэпарату ў залежнасці ад генетычных асаблівасцей пацыентаў. Затым адбыўся тэарэтычны тур, у якім трэба было адказаць на 100 тэставых пытанняў з самых розных раздзелаў біялогіі.

“Калі гаварыць пра практычныя заданні, то там былі чатыры тэмы і, адпаведна, чатыры кабінеты. Гэта біяхімія, малекулярная біялогія, фізіялогія раслін, анатомія і фізматыка жывёл. Апошні кабінет, па анатоміі і фізматыцы жывёл, меў рэгіянальную спецыфіку. Там неабходна было вызначаць віды матылькоў і ўскрыць вадзянога чарвяка, які не належыць да звыклай у нас групы.

З усіх сістэмных праблем, якія тычыліся нашых удзельнікаў, можна адзначыць толькі хуткасць выканання практычных заданняў. Усе заданні нашым удзельнікам былі па сілах. Школьнікі ведалі, што ім неабходна рабіць, але часу не хапала. Разам з тым мы вельмі задаволены выступленнем нашай каманды. Усе проста малайцы”, — адзначыў кіраўнік каманды Васіль Панкратаў.

Удзельнікі каманды на міжнародную алімпіяду вызначаліся ў некалькі этапаў. Па выніках Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі на падрыхтоўчыя зборы былі запрошаны 12 чалавек (па 6 чалавек з 10 і 11 класаў). Яны прымалі ўдзел у першым этапе падрыхтоўчых збораў, які праходзіў на базе біялагічнага факультэта БДУ. Першы этап насіў адборачны характар. Ён стаў вызначальным для фарміравання беларускай каманды, удзельнікі якой былі вызначаны пасля выканання тэставых тэарэтычных і пэўнага набору практычных заданняў.

Другі этап доўжыўся два тыдні і быў насычаны тэорыяй і практыкай. Ён праводзіўся для тых чатырох удзельнікаў нашай каманды, якія і прадстаўлялі Беларусь у Ханоі. І трэба яшчэ раз адзначыць, што зрабілі яны гэта вельмі паспяхова.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.