Чуць і слухаць: як выхаваць дзяцей сёння, каб не было сорамна заўтра?

- 8:52Сацыяльны ракурс

Тэма прафілактыкі правапарушэнняў сярод падлеткаў заўсёды была і будзе актуальнай. Для таго каб засцерагчы дзяцей ад ужывання наркотыкаў і алкаголю і тым самым не згубіць свой статус, навучальныя ўстановы павінны цесна супрацоўнічаць з міліцыяй, у прыватнасці з інспекцыяй па справах непаўналетніх. Каб прадстаўнікі сістэмы адукацыі, а таксама бацькі давяралі праваахоўным органам выхаванне сваіх дзяцей, прадстаўнікі ІСН павінны ўмець правільна будаваць работу з непаўналетнімі. І такія інспектары ў нас ёсць.

Пра тое, як знайсці падыход да дзяцей і якія метады ў рабоце з непаўналетнімі і іх бацькамі з’яўляюцца найбольш дзейснымі, нам з нагоды Дня беларускай міліцыі, якой 4 сакавіка споўнілася 100 гадоў, расказала начальнік ІСН Смалявіцкага РАУС маёр міліцыі Ала Генадзьеўна РУСАНОВІЧ.

— Ала Генадзьеўна, як вам удаецца знаходзіць падыход да дзяцей? Яны ўсе вельмі розныя, часам са складаным характарам.

— Так, кожнае дзіця — гэта асоба са сваім непаўторным характарам, са сваёй унікальнай, індывідуальнай жыццёвай сітуацыяй і інш. Таму для таго, каб знайсці падыход да дзіцяці, трэба ведаць пра яго як мага больш. Вядома, расказваюць і бацькі, якія часам самі звяртаюцца па дапамогу, і педагогі, і аднагодкі. Тым не менш бывае і так, што і самі дзеці расказваюць нам пра сябе ўсю праўду. Для гэтага дастаткова проста даверліва пагутарыць з самім падлеткам, каб зразумець, як у далейшым з ім працаваць. Менавіта такія даверлівыя адносіны дапамагаюць убачыць праблему і паглядзець на яе вачыма дзіцяці. Дарэчы, часцей за ўсё ў аснове праблемы ляжаць страх перад аднагодкамі або кампаніяй, пратэст у адносінах да бацькоў і настаўнікаў, жаданне паказаць характар, адстаяць свой пункт погляду, які, як лічаць самі падлеткі, не можа быць няправільным і г.д.

— Ці многа такіх дзяцей (пазітыўных прыкладаў), якія доўгі час знаходзяцца на ўліку ў ІСН, а пасля наладжваюць сваё жыццё?

— Будзем глядзець праўдзе ў вочы. Такія выпадкі, на жаль, вельмі рэдка здараюцца. Як правіла, здзяйсняючы ў падлеткавым узросце на працягу доўгага часу правапарушэнні, нашы падапечныя і пасля, у дарослым жыцці, працягваюць весці антыграмадскі лад жыцця. Такіх падлеткаў большасць. Але, безумоўна, ёсць і станоўчыя прыклады. Так, у Смалявіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі вучылася дзяўчына. Яна сірата і больш чым год знаходзілася ў нас на ўліку. Трапіла ў поле зроку міліцыі не толькі за ўчыненне правапарушэнняў, але і за тое, што была схільна да бадзяжніцтва. Акрамя гэтага, дзяўчына знаходзілася на ўліку ў нарколага за ўжыванне алкаголю. Здавалася б, яе ўжо не выправіш, але пасля заканчэння нашага ліцэя, атрымаўшы прафесію, яна размеркавалася на працу кухара на адзін з заводаў у Мінск, атрымала жыллё. Цяпер пра яе адгукаюцца толькі станоўча. Вось такія прыклады нас вельмі радуюць. Толькі дзякуючы станоўчым, пазітыўным гісторыям, разумеем, што наша прафілактычная работа адыгрывае немалаважную ролю ў выхаванні дзяцей. Акрамя гэтага, прыемна, што некаторыя падуліковыя, пасталеўшы, самі прыходзяць да нас у інспекцыю пагаварыць, падзяліцца сваімі поспехамі. Гэта таксама сведчыць аб тым, што былыя падапечныя разумеюць, тое, што яны знаходзіліся на ўліку ў ІСН, дапамагло ім правільна сарыентавацца ў жыцці.

— Як вы лічыце, ці заўсёды ў тым, што падлетак пачынае здзяйсняць крадзяжы, ужываць наркотыкі, вінаваты бацькі, іх недастатковая ўвага да свайго дзіцяці?

— Безумоўна, роля бацькоў у выхаванні дзіцяці вялікая, але не варта забываць і аб тым, што немалаважны ўплыў у станаўленні падлетка як правільна выхаванай асобы належыць і той установе адукацыі, дзе навучаецца дзіця. Тут дарэчы будзе прывесці ў якасці прыкладу некаторыя лічбы са статыстыкі здзяйснення злачынстваў на тэрыторыі Смалявіцкага раёна ў 2016 годзе. Такім чынам, на тэрыторыі раёна было здзейснена 10 злачынстваў пры ўдзеле 10 непаўналетніх. Аналіз часу здзяйснення правапарушэнняў непаўналетнімі паказвае, што 4 злачынствы (40% ад агульнай колькасці злачынстваў) здзейснены днём, 6 — у начны час (60% ад агульнай колькасці злачынстваў). Пры аналізе прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць здзяйсненню злачынстваў, устаноўлена, што тыя правапарушэнні, якія былі зафіксаваны днём, здзяйсняліся з-за аслабленага кантролю з боку законных прадстаўнікоў і супрацоўнікаў устаноў адукацыі. Гэта значыць, што за месцазнаходжаннем непаўналетніх у вучэбны час проста не сачылі. Усе падлеткі, якія трапілі ў крымінальныя зводкі раёна, павінны былі ў час здзяйснення злачынстваў наведваць адпаведныя гурткі і секцыі, у якія яны запісаны. Але са школ яны чамусьці сышлі. І ніхто не звярнуў на гэта ўвагі. Такой безадказнасці ў адносінах да дзяцей быць не павінна. Што тычыцца тых правапарушэнняў, якія былі здзейснены падлеткамі ў начны час (а гэта, нагадваю, 60% ад агульнай колькасці злачынстваў), то за гэта адказнасць ускладваецца на бацькоў. Гэта гаворыць аб тым, што многія бацькі заплюшчваюць вочы на выхаванне дзяцей, бескантрольныя паводзіны падлеткаў. І гэта вельмі страшна. Бацькі павінны разумець, што не заўсёды іх паслухмяныя сын ці дачка з’яўляюцца такімі на вуліцы. Трапляючы ў кампаніі, падлеткі здольны поўнасцю мяняцца, падстройвацца пад аўтарытэт. А аўтарытэт, як правіла, не хлопчык з паралельнага класа ў акулярах і з падручнікам па фізіцы. Эталонам правільнасці і крутасці ў дзяцей у пераходным узросце з’яўляецца абсалютная супрацьлегласць таму хлопчыку ў акулярах. І жартаваць з гэтым нельга. Бацькі павінны кантраляваць сваё дзіця і ведаць, дзе яно, з кім і што робіць.

— Многія перакананы, што часцей за ўсё на ўліку ў ІСН знаходзяцца дзеці з няпоўных сем’яў. Ці былі выпадкі, калі ў ваша поле зроку траплялі дзеці са станоўчых сем’яў?

— Насамрэч такое меркаванне правільнае. Але ў апошнія гады каля 20% ад агульнай колькасці падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН, выхоўваюцца ў поўных і станоўчых сем’ях. Акрамя гэтага, на ўліку ў інспекцыі знаходзяцца тры непаўналетнія, якія навучаюцца ва УВА. Як правіла, усе падлеткі са станоўчых сем’яў былі пастаўлены на ўлік за ўжыванне алкаголю. Але ёсць, вядома, і хлопцы, якія значацца ў нашым чорным спісе за тое, што здзейснілі яшчэ адно папулярнае адміністратыўнае правапарушэнне — дробны крадзеж. Правапарушэнні часцей за ўсё здзяйсняюцца дзецьмі заможных бацькоў. Аднойчы, напрыклад, навучэнцы 11 класа адной з сельскіх школ вырашылі працягнуць святкаванне дня нараджэння ў адной з альтанак, якая знаходзіцца на ўскрайку вёскі. Сваю адсутнасць дома падлеткі патлумачылі бацькам тым, што пайшлі праводзіць аднакласніцу. Але ўсё, зразумела ж, было зусім не так. Падлеткам проста захацелася пагуляць у дарослых, але нічога не атрымалася. Як вынік — яны трапілі на ўлік у ІСН. Падобная гісторыя здарылася і з адным студэнтам УВА, які трапіў да нас таксама з-за ўжывання алкаголю. Увогуле, некаму можа падацца, што не варта ставіць дзяцей на ўлік з-за таго, што тыя адзін раз трапілі ў поле зроку міліцыі з-за ўжывання алкаголю, маўляў, з-за хвіліннай слабасці няма сэнсу псаваць дзіцяці жыццё і ставіць на ўлік. З такімі меркаваннямі, на жаль, даводзіцца сутыкацца. Але гэтыя думкі няправільныя. І з любым правапарушэннем трэба змагацца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Наша задача — не дапусціць таго, каб дзеці ўвогуле траплялі ў міліцэйскія зводкі. І ніякіх паблажак у адносінах да правапарушальнікаў быць не павінна. Калі не зрабіць дзіцяці заўвагу сёння, заўтра можа быць горш. Таму хочацца звярнуцца і да настаўнікаў, і да бацькоў. Давайце будзем больш пільнымі да сваіх дзяцей. Толькі ад нас з вамі, ад сумеснай работы залежыць тое, наколькі выхаванымі і дысцыплінаванымі яны будуць. І варта памятаць аб тым, што дзяцей трэба не толькі слухаць, але і ўмець чуць. Паверце, гэта вельмі важна.

— Ці магчыма пераканаць дзіця, паўплываць на яго, каб яно не пачало ўжываць наркотыкі, алкаголь?

— Я лічу, што гэта магчыма і рэальна. Так, за апошнія чатыры гады колькасць падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі, знізілася са 135 да 87 (больш чым на 35%). З іх колькасць непаўналетніх, якія ўжываюць наркотыкі, знізілася з 3 да нуля, а тых, хто ўжывае алкаголь, — з 50 да 28 (на 44%). Дасягнуць такіх вынікаў дапамагла прафілактычная работа, якая праводзіцца з навучэнцамі. Эфектыўнымі з’яўляюцца рэальныя прыклады з жыцця і, безумоўна, відэаматэрыялы. Так, дэманструючы чарговы раз прафілактычны відэафільм “Забыць як сон”, у якім паказваецца адзін дзень з жыцця ў выхаваўчай калоніі для непаўналетніх, мы бачым, як рэальнасць уражвае школьнікаў. Дзецям становіцца страшна ад таго, што іх равеснікі ўжо знаходзяцца ў калоніях. Пасля прагляду фільма падлеткі выходзяць з актавай залы прыціхлыя, сур’ёзныя, нават не задаючы пытанняў. Нікому не хочацца паўтарыць лёс тых, хто сёння адбывае пакаранне за злачынствы рознай ступені цяжкасці.

— Больш чым два гады назад Міністэрствам адукацыі было прынята рашэнне добраахвотна анкетаваць школьнікаў на схільнасць да ўжывання алкаголю і наркотыкаў. Як вы лічыце, наколькі дзейсным з’яўляецца гэтае новаўвядзенне? Ці зменшылася ў вашым раёне дзякуючы анкетаванню колькасць злачынстваў сярод падлеткаў?

— На мой погляд, анкетаванне з’яўляецца падмогай як у рабоце з падлеткамі, так і з бацькамі. Часта менавіта бацькі апошнімі даведваюцца, што іх дзіця прымае наркотыкі ці ўжывае алкаголь. Даведваючыся аб гэтым, бацькі пачынаюць адмаўляць відавочнае — не жадаюць прызнаваць, што іх дзіця на такое здольна. Як вынік — бацькі абараняюць, як ім здаецца, сваё дзіця, не дазваляючы яго абследаваць. Але менавіта настаўнікі часам здольны заўважыць тое, чаго не бачаць ні мамы, ні таты. Педагогі назіраюць за паводзінамі вучняў у калектыве і могуць першымі выявіць відавочныя змены: у кагосьці раптам знізілася паспяховасць, а хтосьці спіць на ўроках і неадэкватна рэагуе на заўвагі ці звычайныя словы. На практыцы большасць такіх сігналаў застаюцца нераспазнанымі і незаўважанымі, а гэта значыць, што час можна ўпусціць. Таму яшчэ раз звяртаюся да педагогаў і бацькоў: калі ласка, давайце супрацоўнічаць. Любую хваробу лепш папярэдзіць, чым пасля лячыць.

— Раскажыце, калі ласка, аб ваенна-патрыятычных і спартыўных лагерах, якія вы арганізоўваеце для падлеткаў, што знаходзяцца ў вас на ўліку. Якая мэта правядзення такіх лагераў? Ці маюць яны ўплыў на цяжкіх дзяцей?

— На тэрыторыі Смалявіцкага раёна штогод ва ўсіх установах адукацыі арганізоўваюцца спартыўна-патрыятычныя лагеры. На жаль, з-за слабай матэрыяльна-тэхнічнай базы і адсутнасці на тэрыторыі раёна вайсковай часці мы не арганізоўваем ваенна-патрыятычныя лагеры. Раней мы адпраўлялі сваіх дзяцей у Барысаўскі раён, але сёння стала больш складана гэта ажыццявіць, таму што за дзецьмі павінен быць устаноўлены кругласутачны кантроль. Што тычыцца эфектыўнасці спартыўна-патрыятычных лагераў, то, несумненна, яна тут ёсць. Падлеткі становяцца больш дысцыплінаванымі, самастойнымі. Некаторыя дзеці нават загадзя запісваюцца, каб трапіць у спартыўна-патрыятычны лагер. І гэта вельмі добра, што ў дзяцей ёсць ахвота праводзіць канікулы з карысцю, а не бадзяцца па вуліцах горада.

— Ала Генадзьеўна, вам часта даводзіцца працаваць з бацькамі, якія выбіраюць алкаголь, а не выхаванне дзяцей. Для таго каб наставіць іх на правільны шлях, трэба быць псіхолагам. З дарослымі, верагодна, цяжэй працаваць, чым з дзецьмі?

— У працы з дарослымі свая спецыфіка. Дарослы чалавек — гэта асоба, у якой ужо даўно сфарміраваўся светапогляд, ёсць свае меркаванні і прынцыпы. Трапіўшы ў складаную жыццёвую сітуацыю, ужываючы алкаголь, чалавек спрабуе такім чынам забыцца пра свае праблемы, забываючы і пра дзяцей. Так, з некаторымі бацькамі дастаткова некалькі разоў пагутарыць, наведаць па месцы жыхарства. Але ёсць і тыя, для выхавання якіх даводзіцца прымаць радыкальныя меры, такія як адбіранне дзяцей і змяшчэнне іх у прытулак. І ўсё ж большасць бацькоў пасля адбірання дзяцей робяць правільны выбар, працаўладкоўваюцца, праходзяць антыалкагольнае лячэнне і вяртаюць сабе дзяцей. Так, знаходзілася ў нас жанчына, у якой было трое дзяцей. Жанчына ўжывала алкаголь і ўвесь клопат пра дзяцей пераклала на сваю састарэлую маці. Так працягвалася да той пары, пакуль дзяцей не адвезлі ў прытулак. Вось тут яна імгненна прыйшла ў сябе. За 4 месяцы зрабіла рамонт у доме, уладкавалася на працу, дзе ў адносінах да яе заўваг увогуле не было. Зараз дзеці з маці, сітуацыя ў сям’і стабільная. Хацелася б адзначыць, што нават адбіранне дзяцей не заўсёды спыняе бацькоў. Тым не менш нават пасля пазбаўлення бацькоўскіх правоў у кожнага ёсць шанс усё выправіць. Так, у 2016 годзе раённым судом была адноўлена ў бацькоўскіх правах адна з жанчын. Яе дачка на працягу 6 месяцаў (а жанчыне гэты час даваўся для рэабілітацыі) ужо пражывала ў прыёмнай сям’і. За гэты перыяд маці ні разу не зрабіла спробы вярнуць дачку ў родную сям’ю. І толькі пасля таго, як суд канчаткова пазбавіў гора-маці бацькоўскіх правоў, жанчына ўзялася за розум, змяніла свой лад жыцця і звычкі. Цяпер у гэтай сям’і ўсё добра. І хочацца, каб у кожнай сям’і было ўсё добра. А калі раптам будуць з’яўляцца праблемы, давайце вырашаць іх разам!

Гутарыла Наталля ДУБІК.
Фота аўтара.