Ці можа з’явіцца плесня ў вучнёўскім рукзаку?

- 12:15Адукацыйная прастора

На базе Маларыцкай раённай гімназіі адбылася ІХ раённая навукова-даследчая канферэнцыя вучняў пачатковых класаў “Я — даследчык”. Спаборніцтва праходзіла з мэтай выяўлення адораных дзяцей, раскрыцця іх творчага патэнцыялу, развіцця навыкаў навукова-даследчай і пошукавай дзейнасці, умення аналізаваць і прагназаваць, а таксама актывізацыі пазнавальнай цікавасці да школьных прадметаў.

У інтэлектуальным марафоне ўдзельнічалі вучні 3—4 класаў з 19 устаноў адукацыі. Юныя даследчыкі прэзентавалі вынікі сваіх эксперыментаў і доследаў у трох секцыях: “Матэматыка, фізіка, тэхніка”, “Прыродазнаўства” і “Гуманітарныя веды”.

Школьнікаў цікавіла шырокае кола пытанняў. Так, дзеці даследавалі, як тытунёвы дым уплывае на рост і развіццё раслін, ці можа з’явіцца плесня ў вучнёўскім рукзаку, знаходзілі адрозненне ў грачаніках, спечаных дома і на хлебазаводзе, вывучалі гісторыю з’яўлення календара і ўзнікнення ткацтва на Маларытчыне, вырошчвалі ў дамашніх умовах імбір і вызначалі якасць мёду, шукалі адказ на пытанне “Чаму беларусы вельмі любяць буслоў?”. Акрамя таго, юныя даследчыкі давалі парады, як зберагчы зрок і пазбавіцца шкодных звычак, аналізавалі перыядычныя выданні для дзяцей, складалі генеалагічнае дрэва сваёй сям’і, вызначалі 7 цудаў роднай вёскі, расказвалі пра мінулае населеных пунктаў і будову кроснаў.

Дыпломы І ступені атрымалі Ангеліна Максімук з сярэдняй школы № 1 Маларыты (кіраўнік В.А.Астапук), Ганна Паляціла і Канстанцін Пархамук з Дарапеевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы (кіраўнік І.В.Яшчук); дыпломы ІІ ступені — Ілья Бяльчук з Пажэжынскай базавай школы (кіраўнік В.М.Бяльчук), Ілья Мірчук з Маларыцкай раённай гімназіі (кіраўнік В.В.Дзяніс), Ірына Жлукта і Вікторыя Серада з Замшанскага дзіцячага сада — базавай школы (кіраўнік Л.Ю.Тарасюк); дыпломы ІІІ ступені — Мікіта Сланеўскі з Маларыцкай раённай гімназіі (кіраўнік С.К.Аксянюк), Ганна Кардзялюк з сярэдняй школы № 2 Маларыты (кіраўнік Т.М.Яцура) і Таццяна Алесіюк з Лукаўскай сярэдняй школы (кіраўнік І.К.Тарасюк).

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.