Цуды на Каляды

- 13:02Нашы дзеці

Зіма для кожнага чалавека асацыіруецца з чараўніцтвам, цудам, здзяйсненнем жаданняў. Гэта пара года, напоўненая весялосцю, радасцю, шчасцем і чаканнем падарункаў і Дзеда Мароза. Іх чакаюць усе і паўсюль. Але не заўсёды Дзядуля Мароз можа дабрацца да кожнага дзіцяці, і тут яму на дапамогу прыходзяць валанцёры атрада “Данка” і цімураўскага атрада “Гарачыя сэрцы” Браслаўскай гімназіі.

У сярэдзіне снежня дзеці выйшлі з акцыяй “Цуды на Каляды” да жыхароў Браслава з прапановай дапамагчы дзецям, якія маюць патрэбу ва ўвазе і падтрымцы, і ўручыць ім падарункі на Каляды і Новы год. Браслаўчане з радасцю адгукнуліся, і ўжо за кароткі перыяд была сабрана вялікая колькасць ласункаў, канцылярскіх тавараў, цацак і сувеніраў.

Напярэдадні Новага года Дзед Мароз і валанцёры прыйшлі з віншаваннямі ў Браслаўскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, наведалі дзяцей, якія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні ў дзіцячым аддзяленні Браслаўскай ЦРБ, а таксама не забылі і пра выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Відзах.

Вершы, песні, танцы і навагодні карагод былі ў кожным доме. Радаваліся і весяліліся не толькі дзеці, але і дарослыя, бо застацца абыякавым было проста немагчыма.

Каб рабіць добрыя справы, зусім не трэба быць чараўніком. Спяшайцеся рабіць дабро і памятайце, што цуды мы можам ствараць усе разам!

Вольга ЛУКША,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Браслаўскай гімназіі Віцебскай вобласці.