Cярэдневяковая школа

- 14:38Адукацыйная прастора

Навучальны праект “Сярэдневяковая школа”, над якім працавалі навучэнцы і педагогі гімназіі Мсціслава, быў прадстаўлены на рэгіянальным свяце сярэдневяковай культуры “Рыцарскі фэст — 2018”. Гімназісты парадавалі гасцей і жыхароў роднага горада сваімі ведамі, фантазіяй, акцёрскім майстэрствам і гасціннасцю. Сярэдневяковая музыка, пісьмо пяром на пергаменце, тэлескоп, арыфметыка і нават пакаранне лянівых вучняў розгамі — усё гэта рэканструкцыя эпохі сярэдневякоўя, у якую змаглі акунуцца сотні наведвальнікаў.

Мсціслаў — вельмі старажытны горад, калісьці палітычны, духоўны і культурны цэнтр, а ў нашы дні — гісторыка-культурная мясціна Магілёўшчыны. Гімназісты з задавальненнем крок за крокам вывучаюць гісторыю малой радзімы. У гэтым ім дапамагаюць шматлікія помнікі, музеі, храмы.

Сёлета ўсіх навучэнцаў аб’яднаў праект “Сярэдневяковая школа”, заключным этапам якога стала яго тэатралізаваная прэзентацыя на “Рыцарскім фэсце”. З самага пачатку навучальнага года былі сфарміраваны дзве творчыя групы навучэнцаў па 10 чалавек. Прадстаўнікі першай групы вывучалі гісторыю сярэдневяковых прадметаў трывіума (граматыка, рыторыка, дыялектыка), а другая група працавала над квадрывіумам (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). Атрыманыя веды праектаваліся ў рэальнасць пры дапамозе створаных сярэдневяковых атрыбутаў. А гістарычная сюжэтная лінія функцыянавання сярэдневяковай школы адлюстравалася ў тэатралізаваным прадстаўленні.

Навучэнцы з энтузіязмам вучылі наведвальнікаў школы пісаць пяром на пергаменце, правільна разглядаць аб’екты пры дапамозе тэлескопа, прапаноўвалі прымераць вопратку гэтай гістарычнай эпохі, ігралі на музычных інструментах, знаёмілі з сярэдневяковымі стравамі. Станоўчыя эмоцыі, радасць, новыя веды, незабыўныя ўражанні і фота на памяць — гэта тое, што дапамагае зрабіць адукацыйны працэс лёгкім, даступным, творчым і цікавым.

Наталля ПРАТАСЕВІЧ,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі Мсціслава.