Да эфектыўнай прафілактыкі — разам

- 12:11Сацыяльны ракурс

Выніковасць прафілактычнай дзейнасці за 2019 год дэталёва абмеркавалі на сумесным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

Мерапрыемства прайшло пад старшынствам намесніка старшыні аблвыканкама В.А.Ма­лашкі і аб’яднала для дыя­логу намеснікаў старшынь рай(гар) выканкамаў, начальнікаў раённых аддзелаў па адукацыі, намеснікаў старшынь рэгіянальных камісій па справах непаўналетніх, супрацоўнікаў тэрытарыяльных органаў унутраных спраў, кіраўнікоў устаноў сістэмы ПТА і ССА. Удзел у пасяджэнні таксама прынялі намеснік пракурора вобласці С.В.Сільвановіч, старшы памочнік пракурора вобласці А.Я.Бардзілоўскі.

У Магілёўскай вобласці на працягу апошніх 12 гадоў захоўваецца дынаміка зніжэння асноўных паказчыкаў падлеткавай злачыннасці. Мінулы год не стаў выключэннем. Рэгіёну ўдаецца заставацца адным з трох у краіне, дзе адзначаецца зніжэнне ўзроўню дзіцячай злачыннасці.

Аднак не ўсюды якасць працы можна ацаніць станоўча. У сямі раёнах вобласці — Ленінскім і Кастрычніцкім Магілёва, Горацкім, Шклоўскім, Бабруйскім, Мсціслаўскім, Глускім — назіраецца дынаміка росту злачыннасці сярод непаўналетніх.

Супрацьпраўныя паводзіны непаўналетніх характарызуюцца не толькі крымінальнымі дзеяннямі, але і адміністрацыйнымі правапарушэннямі. Пры агульным памяншэнні іх колькасці, кожнае другое звязана з п’янствам падлеткаў.

— Паводзіны высокай рызыкі ў любых сітуацыях часта звязаны з ужываннем алкаголю. З 22 да 38 павялічылася колькасць злачынстваў, якія здзейснены падлеткамі ў п’яным выглядзе, што паказвае на неабходнасць прыняцця больш мэтанакіраваных мер па ўстанаўленні цвёрдага бар’ера недаступнасці алкаголю для падлеткаў і забароны на яго ўжыванне. Забаронныя меры неабходны ў гэтым выпадку. Але, безумоўна, у аснове павінны ляжаць меры папераджальныя, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама В.А.Малашка.

У ходзе пасяджэння акцэнт быў зроблены на прафілактыцы гвалту як сярод непаўналетніх, так і ў дачыненні да іх саміх. Гэтае пытанне застаецца актуальным для ўсіх раёнаў вобласці.

— Нельга абысці ўвагай і праблему падлеткавай агрэсіі, якая апошнім часам стала вельмі важнай сацыяльнай тэмай. Яе асноўнымі прычынамі з’яўляюцца сямейныя, асабістыя і сітуацыйныя фактары. У ліку апошніх: прагляд жорсткіх фільмаў, доўгае сядзенне за камп’ютарам, разумовая нагрузка, разлад у дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, — паведаміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Н.С.Ігнаценка.

Паводле яе слоў, асаблівай увагі таксама патрабуе праблема крызісных станаў падлеткаў, якія з’яўляюцца асноўнымі прычынамі ўчынення суіцыдаў. У 2019 годзе ў Магілёўскай вобласці іх колькасць павялічылася. У сувязі з гэтым узрастае роля ўсіх рэзерваў аказання псіхалагічнай дапамогі.

На пасяджэнні неаднаразова бы­ло заўважана, што сёння паўсюдна наспела неабходнасць мадыфікацыі прафілактычнай дзейнасці з улікам сучасных рэалій. Важнай застаецца і кансалідацыя агульных намаганняў усіх зацікаўленых у гэтым ведамстваў. На далейшыя тры гады ў рэгіёне распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне прафілактычнай дзейнасці.

Для пашырэння метадычнай ас­веты па пытаннях прафілактыкі баць­коўскага актыву і педагагічнай гра­мадскасці ў перыяд вясновых канікул адбудзецца чарговы абласны бацькоўскі сход. Потым падобныя сходы пройдуць на раённых і агульнашкольных узроўнях. Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вясной арганізуюць адзіны Дзень прафілактыкі. Такія меры павінны пашырыць інфармаванасць аб наяўных рызыках, формах рэагавання і службах, якія аказваюць садзейнічанне ў вырашэнні праблемных пытанняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.