Установы адукацыі Быхаўскага раёна гатовы прыняць навучэнцаў 1 верасня. Пра гэта на пачатку нашай размовы адзначыў начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Васіль Міхайлавіч БАТВЯНКОЎ. А далей расказаў пра асаблівасці падрыхтоўкі і пра тое, як прайшло лета для навучэнцаў раёна.
— Васіль Міхайлавіч, лета канчаецца, таму хочацца спытаць ужо пра вынікі аздараўленчай кампаніі для школьнікаў у вашым раёне.
— У чэрвені ў аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем аздаравіліся 250 навучэнцаў, у лагеры працы і адпачынку — 50. Функцыянавалі 11 швейных і 4 рамонтныя брыгады. Навучэнцы выконвалі работы па рамонце і зборцы мэблі, даглядалі кветнікі, шылі пасцельныя рэчы і ручнікі. Ва ўсіх установах арганізавана работа гульнявых і спартыўных пляцовак. Рэжым працы і месцы арганізацыі пляцовак устаноўлены з улікам пажаданняў дзяцей і іх бацькоў.
Праведзены дзве змены профільнага спартыўна-турыстычнага аздараўленчага палатачнага перасовачнага лагера з кругласутачным знаходжаннем, у якім аздаравіліся 25 навучэнцаў. Школьнікі ажыццяўлялі пераход на байдарках па рацэ Друць і Чыгірынскім вадасховішчы па маршруце Быхаў — Дуброва — Кароўчына — Чачэвічы — Быхаў.
У здраўніцы Рэспублікі Беларусь Мінскай і Магілёўскай абласцей у складзе агульных арганізаваных груп на санаторна-курортнае лячэнне і азда-раўленне выехалі 582 навучэнцы і выхаванцы. За мяжу ў Вялікабрытанію і Рэспубліку Славенія выехалі 24 навучэнцы Быхаўскага раёна. Праграма летняй занятасці навучэнцаў дае станоўчыя вынікі. Школьнікі становяцца больш камунікабельнымі, фізічна загартаванымі, раскрываюць свае таленты.
— Напэўна, падрыхтоўка да новага навучальнага года таксама ўжо завершана?
— Сапраўды. Раённым выканаўчым камітэтам, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, установамі адукацыі і спорту раёна ўжо праведзена работа па падрыхтоўцы да 2016/2017 навучальнага года. Вырашаны комплекс арганізацыйна-педагагічных, гаспадарчых пытанняў, што дазваляе арганізавана пачаць новы навучальны год і забяспечыць устойлівае функцыянаванне ўстаноў адукацыі і спорту ўсіх узроўняў.
Падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ажыццяўлялі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу (педагагічныя работнікі, бацькі і навучэнцы), падчас якой ва ўсіх установах зроблены бягучыя рамонты памяшканняў (афарбоўка, абклейванне класных пакояў, вестыбюляў, майстэрняў, школьных сталовых, спартыўных зал), прымаюцца меры па гарантаванні бяспечнай эксплуатацыі і падтрыманні ў належным санітарна-тэхнічным стане будынкаў, павышэнні ўзроўню эпідэміялагічнага дабрабыту ўстаноў адукацыі.
Раённая адукацыйная сістэма мае дастатковы прафесійны ўзровень кваліфікаваных кадраў. У 2016 годзе ва ўстановы адукацыі раёна накіраваны 13 маладых спецыялістаў, сярод якіх 5 вучыліся па мэтавым накіраванні. Усе маладыя спецыялісты маюць вышэйшую педагагічную адукацыю. У школах горада будуць працаваць 8 чалавек, у вёсцы — 5.
Плануецца, што ў 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будуць вучыцца 3375 навучэнцаў, што на 132 чалавекі больш, чым у 2015 годзе. У падвозе школьнікаў будуць задзейнічаны 12 аўтобусаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, адзін з якіх набыты ў 2016 годзе.
— Цяпер, напэўна, актыўна рыхтуецеся да жнівеньскай нарады?
— Так. Напярэдадні новага навучальнага года ў раёне традыцыйна ў жніўні праводзяцца пасяджэнні метадычных фарміраванняў педагогаў, якія заўсёды ўспрымаюцца як старт новага навучальнага года. Падводзяцца вынікі працы за мінулы навучальны год, вызначаюцца задачы метадычнай дзейнасці на новы навучальны год.
Калі гаварыць пра значныя падзеі мінулага навучальнага года, то хочацца адзначыць наступныя мерапрыемствы. Па выніках абласной канферэнцыі работ даследчага характару навучэнка гімназіі Быхава ўзнагароджана дыпломам I ступені і будзе прадстаўляць сваю работу на рэспубліканскай канферэнцыі. Дастаткова эфектыўна выступіла каманда раёна ў гэтым годзе на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Двое навучэнцаў атрымалі дыпломы III ступені (інфарматыка, астраномія), адзін — II ступені (гісторыя).
Свае традыцыі сфарміраваны ў сістэме дашкольнай адукацыі раёна. На працягу пяці апошніх гадоў праводзіцца конкурс пазнавальнай дзейнасці “Я — даследчык”; у Дзень абароны дзяцей — музычны конкурс “Дамісолька”; спартландыя сярод дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту “Вясёлыя старты”. Выхаванцы ясляў-сада № 1 “Вясёлка” Быхава прынялі ўдзел у адборачным этапе XI Абласнога фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, выйшлі ў фінал і былі ўзнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
— Па-ранейшаму актуальным пытаннем у сістэме адукацыі застаецца аптымізацыя навучальных устаноў. Наколькі яна закранула ваш рэгіён?
— Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта № 28/05 ад 23 мая 2016 года, на пачатак 2016/2017 навучальнага года будуць ліквідаваны дзве ўстановы адукацыі: Ніканавіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа і базавая школа ў вёсцы Чырвоная Беларусь, якія наведвалі 27 школьнікаў, 4 дашкольнікі і 20 навучэнцаў адпаведна. Дзеці з гэтых устаноў адукацыі будуць пераведзены ў найбліжэйшыя школы альбо дзіцячыя сады, куды іх будуць дастаўляць аўтобусамі.
Асноўнымі прычынамі закрыцця ўстаноў адукацыі стала малая напаўняльнасць класаў (ад 1 да 5 навучэнцаў), што выклікала перавышэнне нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на ўтрыманне аднаго вучня ў 22—31 раз. У новым навучальным годзе працягнуць функцыянаваць у сельскай мясцовасці 5 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з кантынгентам навучэнцаў менш за 50 чалавек.
— Васіль Міхайлавіч, а як у вашым раёне ідуць справы з профільнай адукацыяй?
— Адразу хачу зазначыць, што профільнае навучанне сапраўды пашырае магчымасці выбару адукацыйнага маршруту для старшакласніка, дазваляе яму загадзя арыентавацца на тую ці іншую прафесію і больш дэталёва вывучаць неабходныя прадметы. Мы вывучылі запыты старшакласнікаў і іх законных прадстаўнікоў, прааналізавалі магчымасці вучняў, кваліфікацыйны ўзровень педагогаў для работы ў профільных класах, вызначылі ўстановы адукацыі, профілі. Было адкрыта 14 класаў розных профіляў: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны. На базе гімназіі Быхава працаваў педклас. Дапрофільнай падрыхтоўкай было ахоплена 57% дзевяцікласнікаў.
У новым навучальным годзе плануецца адкрыццё двух педкласаў і 6 профільных класаў, тэматыка напрамкаў профіляў не мяняецца.
— Якія праблемы хвалююць вас сёння і як іх можна вырашыць?
— Востра стаіць праблема дэфіцыту месцаў у дашкольных установах па месцы жыхарства. У цяперашні час 30,4% устаноў дашкольнай адукацыі працуюць з перагрузкай, гэта значыць, у дзіцячых садках назіраецца недахоп месцаў. На 5 жніўня 2016 года 60 дзяцей маюць патрэбу ў афармленні ў дашкольныя ўстановы, з іх 24% дзяцей, якім да канца каляндарнага года споўніцца 3 гады. Гэтая праблема вырашаецца за кошт арганізацыі падвозу 90 дзяцей у 12 найбліжэйшых дашкольных устаноў, адкрыцця дзвюх груп на базе ясляў-сада № 5 “Буслік” Быхава. Акрамя гэтага, з 1 верасня 2016 года плануецца адкрыццё дадатковай групы на базе Варонінаўскага дзіцячага сада — базавай школы.
— Дзякуй за размову.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.