Да сапраўднага прафесіяналізму — праз практыку

- 12:26Якасць адукацыі

Праблемы кадравага забеспячэння сельскай гаспадаркі Віцебшчыны і спосабы іх вырашэння абмеркаваны на міжведамаснай нарадзе пад старшынствам кіраўніка абласной выканаўчай улады Мікалая Шарстнёва.

Удасканаленню прафесійнай падрыхтоўкі, забяспечанасці кадрамі ў вобласці надаецца прыярытэтнае значэнне. Прычым справа не спыняецца на абмеркаванні: ідзе маштабная работа па стварэнні эфектыўнай рэгіянальнай мадэлі ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых суб’ектаў. Ужо сёння рэалізуюцца многія прапановы, выказаныя прамыслоўцамі і прадстаўнікамі сістэмы адукацыі падчас студзеньскай нарады на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Як вынік — пачалася стажыроўка па тэхналогіі зварачных работ на базе прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Машынабудаўнічая кампанія “Віцебскія пад’ёмнікі”, існуе дамоўленасць аб адкрыцці на базе ўстаноў прафадукацыі 3-месячнай перападрыхтоўкі швачак і шэрага спецыяльнасцей для таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вытворчае аб’яднанне “Энергакамплект”.

Сустрэча ў Гарадку была прысвечана праблемам аграрнага сектара. Перад яе пачаткам удзельнікі нарады — кіраўнікі абласнога Савета дэпутатаў, камітэтаў і ўпраўленняў аблвыканкама, райвыканкамаў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і інтэграваных структур, дырэктары і рэктары ўстаноў прафесійнай адукацыі, будучыя маладыя спецыялісты, якіх дэлегавалі калектывы навучэнцаў і студэнтаў, — азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай аднаго з самых буйных у рэгіёне Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа і тэматычнай выставай, падрыхтаванай установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу. Мікалай Шарстнёў адразу нацэліў прысутных на пошук канкрэтных рашэнняў. Па многіх пытаннях нарады пазіцыі вытворцаў і спажыўцоў кадраў, Міністэрства адукацыі і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання істотна адрозніваюцца: у кожнага свае задачы, бачанне. Разам з тым ёсць агульная зацікаўленасць, якая грунтуецца на патрэбах у кадрах і забяспечанасці імі.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў канстатаваў наяўны дэфіцыт кадраў у аграпрамысловым комплексе. Для галоўных аграномаў, заатэхнікаў, ветурачоў вакансій нямнога. Попыт на спецыялістаў сярэдняга звяна вышэйшы, найбольшыя шансы працаўладкавацца маюць аграномы, заатэхнікі, ветфельчары. У той жа час вёсцы не хапае каля 1160 прадстаўнікоў рабочых прафесій. Статыстычныя звесткі паказваюць тэндэнцыю да значнага скарачэння дадатковай патрэбы ў працоўных рэсурсах па асобных спецыяльнасцях, але яны ж пераконваюць, што ветэрынары і заатэхнікі, трактарысты-машыністы, аператары машыннага даення, слесары па рамонце сельгасмашын і абсталявання, аператары жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм, мехатронікі ў наступныя дзесяць гадоў будуць запатрабаваны.

Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома праінфармаваў: колькасць навучэнцаў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі змяншаецца і будзе змяншацца ў найбліжэйшыя гады. У рамках рэалізацыі рэгіянальных праграм аптымізацыі ў вобласці з 2013 года на 17 скарацілася колькасць устаноў ПТА: такім чынам, на цяперашні час у падпарадкаванні ўпраўлення адукацыі аблвыканкама функцыянуюць 11 устаноў сярэдняй спецыяльнай і 14 — прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Улічваючы, што колькасць навучэнцаў у некаторых з іх менш за 300 чалавек, работа па аптымізацыі працягнецца. Таму надзвычай важны дакладны разлік патрэбнасці ў кадрах пад запыты раёнаў. На жаль, тут сістэма адукацыі мае заказы выключна па бюджэтнай сферы (настаўнікі, медыкі, работнікі культуры). У прадпрымальніцкай ён практычна адсутнічае, няма і прапаноў па так званых прафесіях будучыні.

Балючым пытаннем з’яўляецца замацаванне маладых спецыялістаў. Хаця за апошнія 5 гадоў у сярэднім гэты паказчык вырас на 6,5 працэнта, застаецца на вёсцы толькі крыху больш за палову выпускнікоў — уладальнікаў сельгаспрафесій. На думку Мікалая Шарстнёва, галоўная прычына ўзнікнення праблемы — у адсутнасці належных умоў для працы і жыцця.

— Трапіў выпускнік па накіраванні ў адсталую гаспадарку, пабачыў тэхніку, жыллё, атрымаў зарплату — і знаходзіць любую прычыну, каб адтуль збегчы, — пракаменціраваў губернатар. — Вядома, малады спецыяліст потым працаўладкоўваецца ў іншую арганізацыю, тое ж лясніцтва. Аднак мы яго падрыхтавалі для работы ў аграрным сектары, выдаткавалі грошы. Падобныя выпадкі неабходна поўнасцю выключыць.

Займацца вырашэннем праблемы трэба разам, але кіраўнік вобласці перакананы, што ў першую чаргу гэта задача не адукацыі, а вытворчасці, паспяховых сельгасарганізацый. Ключ да рашэння — матывацыя і павышэнне прэстыжу аграрных прафесій. У прыватнасці, Мікалай Шарстнёў паведаміў, што дадзена даручэнне ў вобласці ўдвая павысіць зарплату спецыялістам жывёлагадоўлі. Удасканаліць механізм замацавання кадраў можна шляхам павелічэння мэтавай падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў усіх узроўняў, асабліва з ліку выпускнікоў школ кожнага канкрэтнага раёна.

Па словах Івана Фёдарава, больш за палову вяскоўцаў пасля атрымання прафесійнай адукацыі размяркоўваецца па месцы пражывання бацькоў — менавіта тут крыніца для пашырэння мэтавага навучання. Аднак пра якую прафарыентацыю (тым больш мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў) можна гаварыць па раёнах, дзе ў 2017 годзе не заключылі ніводнага мэтавага дагавора на падрыхтоўку кадраў з вышэйшай адукацыяй? Падаваць заяўкі на размеркаванне гэтыя раёны не забываюць. Рэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Мікалай Гаўрычэнка прывёў аналагічныя факты з практыкі УВА: многія раёны не аформілі ніводнага мэтавага накіравання, у той час як попыт на спецыялістаў відавочны, конкурс пры паступленні ў акадэмію расце нават на платную форму навучання.

Найважнейшае пытанне, вырашэнне якога патрабуе сумесных намаганняў, — павышэнне якасці прафесійнай падрыхтоўкі. Сістэма прафадукацыі рэгіёна прапануе яе па 99 кваліфікацыях рабочых і 29 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мэтавая аўдыторыя адукацыйных паслуг вялікая — ад дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да спецыялістаў сярэдняга звяна па інтэграваных праграмах ПТА і ССА. Рабочых з прафесійна-тэхнічнай і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для сельскай гаспадаркі вобласці выпускаюць 12 устаноў: 4 каледжы, 2 прафесійна-тэхнічныя каледжы і 6 прафесійных ліцэяў. Падрыхтоўка рабочых кадраў ажыццяўляецца па 35 адзінкавых кваліфікацыях; навучэнцы атрымліваюць інтэграваныя прафесіі, якія ўключаюць да чатырох адзінкавых кваліфікацый.

— З улікам патрэб аграпрама вобласці за апошнія гады адкрыта падрыхтоўка па такіх новых кваліфікацыях узроўню ПТА і ССА, як “дарожны рабочы”, “аператар птушкафабрык і механізаваных ферм”, “тэхнік па азеляненні”, “рабочы зялёнага будаўніцтва”, “тэхнік-механік па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі”, — паведаміў начальнік упраўлення адукацыі. — Унесены істотныя змены ў структуру падрыхтоўкі і ў кантрольныя лічбы прыёму 2018 года. Пасля ўзгаднення з Міністэрствам адукацыі плануецца адкрыць 5 новых спецыяльнасцей на ўзроўні ССА і павялічыць падрыхтоўку трактарыстаў практычна ва ўсіх ліцэях.

Гаворачы аб надзённых пытаннях, Дзмітрый Хома агучыў праблему перавытворчасці спецыялістаў. Вобласць атрымала яе разам з перададзенымі ў 2016 годзе чатырма каледжамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Каб выправіць сітуацыю, у 2016 годзе пачалася пераарыентацыя Полацкага аграрна-эканамічнага (цяпер — эканамічнага) каледжа на іншыя сферы гаспадаркі, а летась рэарганізаваны Гарадоцкі і Лепельскі аграрна-тэхнічныя каледжы з далучэннем да іх трох прафесійных ліцэяў. Акрамя фінансавай выгады, гэта дазволіла пазбегнуць дубліравання прафесій і паступова структураваць падрыхтоўку. Сёлета падобная работа вядзецца ў Аршанскім раёне. Акрамя таго, разам з райвыканкамамі будуць прапрацаваны пытанні адкрыцця спецыяльнасцей, неабходных для кожнага канкрэтнага рэгіёна.

Задавальненне запытаў дарослага насельніцтва ў адукацыйных паслугах па прафесійнай падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы таксама ў ліку прыярытэтаў. Так, за мінулы навучальны год ва ўстановах прафадукацыі прайшлі падрыхтоўку 76 чалавек (трактарыстаў-машыністаў катэгорыі А), перападрыхтоўку — 528 (у тым ліку 476 трактарыстаў-машыністаў на катэгорыі В, D, F). Павысілі кваліфікацыю 1150 чалавек (у тым ліку 864 трактарысты-машыністы), кароткатэрміновай вучобай па вывучэнні новай тэхнікі перад пасяўной было ахоплена каля 800 чалавек.

Каб якасна рыхтаваць кадры, адпаведнай павінна быць матэрыяльна-тэхнічная база. На яе ўмацаванне ў ліцэях і каледжах, што знаходзяцца ў падпарадкаванні ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, у 2017 годзе было накіравана 2,8 млн рублёў; яшчэ на 4,914 млн рублёў выканана капітальных і бягучых рамонтаў. Але нават пры такой значнай падтрымцы недахоп фінансавання адчувальны. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў ПТА ўдасканальваецца праз удзел у праектах з замежным капіталам, укараненне інфармацыйных тэхналогій у навучанне, павелічэнне аб’ёмаў пазабюджэтнай дзейнасці і адукацыйных паслуг, росту рэнтабельнасці прадукцыі вучэбных гаспадарак і майстэрань, стварэнне рэсурсных цэнтраў. Аб іх абсталяванні вялася асобная гаворка. У прыватнасці, вопытам падзяліўся дырэктар Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзімір Шыцько: установа адукацыі разам з Кіраўскім трактарным заводам Ленінградскай вобласці да 1 верасня збіраецца адкрыць на сваёй базе лабараторыю і клас, а ў перспектыве — абсталяваць дыягнастычную станцыю і СТА. Падобнае ўзаемадзеянне плануецца наладзіць з Мінскім трактарным заводам; рэсурсы каледжа дазваляюць арганізаваць перападрыхтоўку кадраў аграпрамысловага комплексу ў зімовы перыяд.

Для больш эфектыўнага ўзаемадзеяння з сельскагаспадарчымі арганізацыямі ўпраўленне адукацыі прапанавала прадугледзець у бюджэце на 2018 год выдзяленне мэтавых фінансавых сродкаў на абсталяванне сучасных лабараторый устаноў, якія рыхтуюць кадры для вёскі. На ўзроўні ўрада рэспублікі плануецца ўзняць пытанне аб бязвыплатнай перадачы лабараторыям у буйных аграрных каледжах новага абсталявання і ўзораў новай тэхнікі ад іх вытворцаў.

Дзве прапановы, агучаныя падчас нарады, закраналі падаткаабкладанне. Для ўмацавання вучэбна-матэрыяльнай базы можна было б выкарыстоўваць сродкі, атрыманыя шляхам вызвалення ліцэяў і каледжаў ад мясцовых падаткаў. Эфектыўным крокам бачыцца і ўвядзенне падаткавых ільгот для арганізацый, што накіравалі фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы на ўмацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў прафадукацыі. Яшчэ адзін варты ўвагі варыянт — забяспечыць перадачу ўстановам адукацыі на адказнае захоўванне новых узораў беларускай і імпартнай тэхнікі для вывучэння ў зімовы перыяд, а для папаўнення абсталявання лабараторый — перадачу вузлоў і дэталей са спісаных адзінак тэхнікі.

Важная частка матэрыяльнай базы любога аграрнага ліцэя ці каледжа — вучэбная гаспадарка. Цяпер да працы па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці такіх гаспадарак напрамую падключацца вытворцы. У найбліжэйшай перспектыве ўпраўленне адукацыі разам з камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама правядзе аптымізацыю замацаваных за ўстановамі адукацыі зямельных угоддзяў з мэтай удасканалення адпрацоўкі практычных навыкаў поўнага цыкла апрацоўкі глебы і пасеваў, стварэння роўных умоў для работы вучэбных гаспадарак па выкананні дзяржаўнага заказу (уключэнне ў абласны лізінг, забеспячэнне палівам, насеннем, угнаеннямі, гербіцыдамі). Разам з камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні будзе арганізавана падрыхтоўка каманды вобласці да Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus па прафесіях аграпрама.

Такім чынам, у рэгіёне выпрацоўваюцца ўмовы для прафесійнай падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў на ўзроўні патрабаванняў найноўшых вытворчых тэхналогій, у тым ліку V—VI тэхналагічных укладаў. Але ў школьнікаў-вяскоўцаў на сёння вельмі нізкая матывацыя на атрыманне сельскагаспадарчых прафесій. Адпаведна, у перспектыве страчваюць кадры раёны. Памяншэнне колькасці выпускнікоў сельскіх школ, якія вяртаюцца працаваць па месцы жыхарства, — сур’ёзная праблема, напрамую звязананая з напаўняльнасцю 10—11 класаў. Пастаўлена задача выканаўчай вертыкалі на мясцовым узроўні арыентаваць не менш за 45 працэнтаў выпускнікоў 9-х класаў на паступленне ў ліцэі і каледжы. Неабходна прадугледзець замацаванне ўстаноў прафесійнай адукацыі за канкрэтнымі раёнамі. Асобная тэма па гарадах, дзе на 50—75% установы прафесійнай адукацыі камплектуюцца за кошт выпускнікоў з вёскі. Прафесійную падрыхтоўку па кваліфікацыях, якія патрабуюць значных выдаткаў або не маюць істотнага значэння пры забеспячэнні галін эканомікі кадрамі, мэтазгодна перавесці на платную аснову. Патрабуецца кардынальна памяняць падыходы да прафарыентацыйнай работы.

— Мы бачым наступную схему ўзаемадзеяння па падрыхтоўцы кадраў, — звярнуўся да прысутных Дзмітрый Хома. — Кожны раён вядзе мэтанакіраваную прафарыентацыйную работу, у тым ліку — у перспектыве — праз адкрыццё аграрных класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Сельскагаспадарчыя арганізацыі разам з установамі адукацыі праводзяць прафарыентацыю, знаходзяць свае будучыя кадры, па магчымасці заключаюць з такімі навучэнцамі трохбаковыя дагаворы са штомесячнай выплатай персанальнай стыпендыі і затым — абавязковай адпрацоўкай. Вызначаецца па тэрытарыяльным размяшчэнні і замацоўваецца на 5 гадоў буйное перадавое прадпрыемства (або некалькі), якое прымае на практыку ад адной да трох груп па 20—25 навучэнцаў, разам з установай адукацыі забяспечвае ім якасную практыку на вытворчасці з аплатай за кошт прадпрыемства за выкананыя аб’ёмы работ. Падчас практыкі важна прадаставіць магчымасць зарабіць грошы: і ў плане матывацыі, і па той прычыне, што сярод навучэнцаў устаноў прафадукацыі многія з няпоўных або малазабяспечаных сем’яў. Вяртаючыся да сказанага вышэй: прадпрыемства вырашае жыллёвыя пытанні, а пры размеркаванні пакідае сабе лепшых выпускнікоў, астатнія накіроўваюцца ў іншыя арганізацыі. На базе інтэграцыйных структур “арганізацыя аграпрама + установа прафадукацыі” па меры неабходнасці праходзяць кароткатэрміновую стажыроўку майстры вытворчага навучання i выкладчыкі спецдысцыплін. Райгарвыканкамам трэба разгледзець варыянты поўнага або частковага вызвалення азначаных прадпрыемстваў ад выплаты падатку. Неабходна, каб вытворцы прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы навучэнцаў, не чакалі, каго ім накіруюць для адпрацоўкі. Між тым, магчыма, чаканы каштоўны работнік мае ўласныя планы на будучыню, не звязаныя з далейшай работай у сельскай гаспадарцы. Прыкра і эканамічна неапраўдана, калі падрыхтаваны і накіраваны на работу выпускнік літаральна праз месяц ідзе ў армію, а пасля службы, паколькі тэрмін адпрацоўкі мінае, не вяртаецца да наймальніка. Статыстыка сведчыць, што падобная сітуацыя можа паўтарацца нават некалькі разоў. Лічым мэтазгодным звярнуцца да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з прапановай увесці двухгадовую адтэрміноўку вайсковай павіннасці для выпускнікоў устаноў прафадукацыі, размеркаваных у арганізацыі аграпрамысловага комплексу.

Ключавой тэмай нарады стала арганізацыя практыкі. Большасць удзельнікаў у сваіх выступленнях адзначалі: за некалькі тыдняў немагчыма прачуць асаблівасці будучай работы, вывучыць высокатэхналагічнае абсталяванне. Каб прафесійная падрыхтоўка была эфектыўнай, навучэнцу неабходна ўласнаручна прайсці ўвесь комплекс работ — ад пасяўной да ўборачнай і зябліва, поўнасцю асвоіць пры гэтым комплекс сучаснай тэхнікі і сельгасмашын. Генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты” Віктар Славецкі запэўніў: сельгаспрадпрыемствы інтэграцыйных структур зацікаўлены ў новым фармаце супрацоўніцтва і гатовы да яго рэалізацыі.

Упраўленнем адукацыі праведзены сур’ёзны аналіз існуючых вучэбных планаў і праграм, на цяперашні момант ужо ўнесены некаторыя змяненні ў дачыненні практычнага складніка прафесійнай падрыхтоўкі будучых аграрыяў. Так, у Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы па групе кваліфікацый трактарыст катэгорыі А, B, D, вадзіцель катэгорыі C, слесар па рамонце сельгасмашын 3 разраду практыка павялічана з 340 да 628 гадзін, але гэтага відавочна недастаткова. У рамках мер, якія можна прыняць для павелічэння тэрмінаў практыкі, на ўзроўні ПТА было названа памяншэнне тэрмінаў канікул з 8 тыдняў да 6 па ўзоры ССА: гэта апраўданы крок, таму што многія навучэнцы на час летняга адпачынку працаўладкоўваюцца. Магчыма, варта выключыць з праграмы некаторыя вучэбныя дысцыпліны, такія як “Чарчэнне”, “Прафесійная лексіка на замежнай мове”, і перагледзець стандарты ў частцы змяншэння колькасці гадзін на кансультацыі, факультатывы, вывучэнне сумежных спецдысцыплін.

— Сістэма адукацыі Віцебшчыны наблізілася і гатова да рэалізацыі эксперымента. Мы гатовы аператыўна мяняць структуру падрыхтоўкі кадраў, адкрываць новыя кваліфікацыі, рыхтаваць неабходных спецыялістаў для канкрэтных прадпрыемстваў, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Будзем звяртацца да Міністэрства адукацыі з прапановай аб павелічэнні ў 4 разы (да 6—8 месяцаў) практычнага складніка адукацыйнага працэсу пры падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў для арганізацый аграпрамысловага комплексу. Гэта дазволіць навучэнцу прайсці поўны цыкл работ: на другім курсе — ліпень — кастрычнік, на трэцім — красавік — чэрвень.

Рэктар РІПА Валерый Галубоўскі акцэнтаваў увагу на неабходнасці прадуманага ўсебаковага разгляду кожнай з выказаных прапаноў аб змяненнях у структуры прафесійнай падрыхтоўкі, але ў цэлым падтрымаў ідэю рэгіянальнага экперымента. Ад імя інстытута развіцця прафесійнай адукацыі Валерый Мікалаевіч прапанаваў далучыцца да распрацоўкі эксперыментальных планаў і праграм, а затым — да суправаджэння працэсу іх рэалізацыі.

— Кожны дзень, кожная гадзіна незаменныя для вытворчасці — марудзіць нельга. Мы сёння працуем, па сутнасці, па праграмах мінулага стагоддзя. Таму ў самыя кароткія тэрміны неабходна змяніць узровень, метады, якасць прафесійнай падрыхтоўкі, — падсумаваў вынікі Мікалай Шарстнёў. — Прадстаўнікі вытворчасці гатовы, сістэма адукацыі згодна, моладзь падтрымлівае — трэба ісці на эксперымент. Адукацыя, навука, сельская гаспадарка і вытворчасць павінны дзейнічаць у звязцы і вырашаць праблемы разам. Ад выніковасці гэтага супрацоўніцтва залежыць сельскагаспадарчае аблічча поўначы краіны ў найбліжэйшай перспектыве.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.