“Да верасня яшчэ далёка”…

- 10:58"Настаўніцкай газеце" — 70

Гэты праблемны артыкул, надрукаваны ў нашай газеце 27 чэрвеня 1946 года, мы чыталі разам са Святланай Сцяпанаўнай Вашкевіч, намеснікам дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па рэдакцыйна-выдавецкай рабоце. Мяне як журналіста ён, канечне, зачапіў сваёй дасціпнасцю, а вось Святлана Сцяпанаўна больш увагі звярнула на змест, а дакладней, на тыя праблемы, якія ў ім абазначаны.

Цяпер такіх праблем з дастаўкай вучэбнай літаратуры ў нашай краіне не існуе. Ды і ў апошнія дзесяцігоддзі такога, як у 1946 годзе, не было, бо ў сістэме вучэбнага кнігавыдання і распаўсюджвання працуюць людзі сумленныя. Акрамя таго, любіць і шанаваць кнігу — гэта ў нашым менталітэце. Безумоўна, у кожнай вучэбнай кнігі ёсць тэрмін выкарыстання. Час жа не стаіць на месцы. Усё імкліва мяняецца, што, натуральна, адбіваецца і на падручніках. Увесь час нешта перавыдаецца, з’яўляюцца новыя выданні.
І з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі Беларусь стала самастойнай дзяржавай, пачаўся якасна новы этап па забеспячэнні школ рэспублікі падручнікамі. Пачала свой адлік работа па стварэнні нацыянальных падручнікаў.
— З 1998 па 2015 год было выдадзена і перавыдадзена (у адпаведнасці з тэрмінамі выкарыстання) больш за 2000 найменняў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў (агульным накладам больш за 50,5 млн экзэмпляраў), звыш 450 найменняў вучэбна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў (агульным накладам каля 1 млн экзэмпляраў), што цалкам забяспечыла ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі дапаможнікамі, падрыхтаванымі ў нашай краіне.
Сёння ва ўстановах адукацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстоўваюцца падручнікі ўжо чацвёртага пакалення, якія прайшлі апрабацыю ў вучэбным працэсе, доследную праверку і навуковую экспертызу ў Нацыянальнай акадэміі навук. Для II і III ступені адукацыі рыхтуецца перавыданне трэцяга пакалення нацыянальных падручнікаў.
Вялікая работа праведзена па распрацоўцы і выпуску падручнікаў па пяці замежных мовах. На працягу апошніх трох гадоў ажыццяўляецца выданне вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах і для гімназій, — паведаміла Святлана Сцяпанаўна.

Падрыхтоўка падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца шляхам фарміравання аўтарскіх калектываў з ліку ўжо існуючых, а таксама на конкурснай аснове.
Конкурсы на стварэнне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў праводзяцца Нацыянальным інстытутам адукацыі з 2008 года ў адпаведнасці з даручэннем Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Як пасля заўважыла Святлана Сцяпанаўна, у цяперашні час у поўным аб’ёме рэалізаваны перспектыўны план падрыхтоўкі і выпуску падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на 2010—2015 гады і падрыхтаваны праекты перспектыўных планаў выпуску падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўсіх тыпаў устаноў адукацыі на перыяд да 2020 года (у адпаведнасці з Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі).
У 2015/2016 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць выкарыстоўвацца 653 найменні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў: 323 — ва ўстановах з беларускай мовай навучання і 330 — ва ўстановах з рускай мовай навучання. Камплект абавязковых вучэбных дапаможнікаў уключае ад 10 найменняў у пачатковай школе да 16 у старэйшай.
— Да пачатку новага навучальнага года ўсе навучэнцы рэспублікі будуць забяспечаны падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі ў поўным аб’ёме. Да 1 верасня будуць перавыдадзены 103 найменні падручнікаў.
Навінкі чакаюць вучняў усіх класаў, а шасці- і сямікласнікі атрымаюць новыя падручнікі па беларускай і рускай мовах, біялогіі і працоўным навучанні, васьмікласнікі — па матэматыцы і фізіцы.
Упершыню будуць выдадзены вучэбныя дапаможнікі па кітайскай мове для вучняў 10 класа і па замежных мовах для навучэнцаў гімназій 7 і 11 класаў і дзяцей з парушэннем зроку (шрыфтам Брайля).
Акрамя таго, на працягу апошніх гадоў актыўна вядзецца работа па ўкараненні ў адукацыйны працэс вынікаў навукова-даследчай дзейнасці. Выдадзена больш за 300 дапаможнікаў серый “Каляндарна-тэматычнае планаванне”, “Факультатыўныя заняткі”, “Кантрольна-вымяральныя матэрыялы”, “Урокі ў школе”. Пра паспяховае выкарыстанне гэтых распрацовак сведчыць штогадовае паўторнае выданне ў адпаведнасці з патрэбай устаноў адукацыі. Да 2015/2016 навучальнага года падрыхтавана да перавыдання каляндарна-тэматычнае планаванне па ўсіх вучэбных прадметах, — працягвала Святлана Сцяпанаўна.
Штогод забяспечанасць школ вучэбнай літаратурай да пачатку навучальнага года стапрацэнтная. Такога выніку ўдалося атрымаць дзякуючы сумеснай зладжанай дзейнасці Нацыянальнага інстытута адукацыі, паліграфічных прадпрыемстваў і РУП “Беларускае гандлёвае аб’яднанне “Глобус”, якое традыцыйна на працягу многіх гадоў ажыццяўляе дастаўку падручнікаў ва ўстановы адукацыі.
Схема дастаўкі існуе шмат гадоў і выглядае наступным чынам. Увесь тыраж з паліграфічных прадпрыемстваў дастаўляецца на галоўны склад прадпрыемства “Глобус”, дзе камплектуецца па назвах, а затым размяркоўваецца па шасці абласцях рэспублікі і Мінску. Скамплектаваны заказ атрымлівае рэгіянальнае даччынае прадпрыемства РУП “БГА “Глобус”, якое непасрэдна ажыццяўляе размеркаванне літаратуры па разнарадках кожнага раённага аддзела адукацыі і дастаўляе ва ўстановы адукацыі рэгіёна.
— Дастаўка па рэгіёнах ажыццяўляецца штомесяц у адпаведнасці з зацверджанымі маршрутамі дастаўкі. Дакладная, добра арганізаваная і наладжаная схема дастаўкі вучэбных выданняў функцыянуе дзякуючы людзям, неабыякавым да сваёй справы. Гэта каманда кваліфікаваных спецыялістаў-аднадумцаў, з высокім пачуццём прафесійнага абавязку і адказнасці за якасць і вынікі выкананай працы.
Такім чынам, створаная і паспяхова працуючая ў рэспубліцы сістэма нацыянальнага вучэбнага кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання з’яўляецца вынікам сумеснай працы тысяч кваліфікаваных спецыялістаў: аўтараў, рэцэнзентаў, метадыстаў, рэдактараў, настаўнікаў-экспертаў, работнікаў паліграфічных прадпрыемстваў і неабыякавых да лёсу вучэбнай кнігі людзей, — зазначыла Святлана Сцяпанаўна Вашкевіч.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.