Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Кіраўска Святлана Марозава ў педагогіку прыйшла па закліку сэрца. Яна проста не магла не стаць настаўніцай. Да гэтай прафесіі Святлана Карпаўна імкнулася з самага ранняга дзяцінства. Паспрыяла такому імкненню бабуля — цудоўны педагог, якая стала для яе прыкладам ва ўсім.
— Менавіта гледзячы на бабулю, я цвёрда вырашыла таксама, як і яна, выкладаць у пачатковых класах. Пасля атрымання школьнага атэстата, не раздумваючы, адправілася ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Потым працягнула адукацыю ў Мазырскім педагагічным універсітэце, — расказала Святлана Марозава.
З запаветным дыпломам настаўніка маладым спецыялістам яна вярнулася на малую радзіму — у Кіраўскі раён. Педагагічная дзейнасць Святланы Карпаўны пачалася ў Жыліцкай сярэдняй школе.
— Працоўныя гады ў Жылічах і цяпер успамінаю з цеплынёй. Але і ў першай гарадской школе створаны не менш камфортныя ўмовы для працы. У сукупнасці з належнай падтрымкай кіраўніцтва гэта дапамагае раскрыць педагагічны патэнцыял, — адзначыла Святлана Карпаўна.
Сёння за яе плячыма васямнаццаць гадоў прафесійнай дзейнасці і дзясяткі маленькіх выпускнікоў. За гэты час Cвятлана Марозава выпрацавала ўласную методыку навучання, якая грунтуецца не толькі на прывіцці дзецям першасных ведаў, уменняў вучыцца самастойна, але і на ўсебаковым духоўна-маральным выхаванні. Да кожнага дзіцяці ў яе свой індывідуальны падыход, які спрыяе максімальнай паспяховасці па ўсіх напрамках.
— Дзеці павінны ісці ў школу з задавальненнем, а вучыцца з радасцю. Дасягнуць гэтага магчыма, толькі падабраўшы ключык да кожнага маленькага сэрца, — упэўнена Святлана Карпаўна.
Яна лічыць, што жаданне дзяцей вучыцца напрамую залежыць ад іх узаемаадносін з настаўнікам. Таму стараецца ставіцца да вучняў як да родных дзяцей. Акрамя ведаў, Святлана Карпаўна штодня дорыць навучэнцам любоў, дабрыню, усмешку. А яшчэ фарміруе ў дзяцей упэўненасць ва ўласных сілах і магчымасцях. На яе думку, менавіта цёплыя, шчырыя адносіны забяспечваюць максімальнае развіццё дзіцячай асобы.
Да арганізацыі заняткаў гэтая настаўніца, нягледзячы на свой салідны працоўны стаж, і цяпер падыходзіць з поўнай самааддачай. І хвалюецца не менш, чым у першыя настаўніцкія гады.
— Вядома, гэта хваляванне крыху іншае, — усміхаецца Святлана Марозава. — У першыя гады працы хвалявалася, ці атрымаецца ў мяне, ці спраўлюся. Зараз зусім не тое: з вопытам патрабавальнасць да сябе ўзрастае. Я не магу дазволіць сабе паўтарыцца, быць нецікавай. Кожны ўрок для дзяцей павінен стаць адкрыццём. Акрамя гэтага, стараюся заўсёды быць для сваіх вучняў прыкладам, бо толькі так можна найлепшым чынам перадаць ім веды. Напрыклад, калі настаўнік паважае культуру, традыцыі і гісторыю свайго народа, то гэтак жа будуць паступаць і яго навучэнцы, — пераконвае педагог.
Урокі Святланы Марозавай — сукупнасць дыферэнцыраванага падыходу, сучасных адукацыйных методык і пошукавай актыўнасці.
— Улічыць інтарэсы і схільнасці кожнага вучня дазваляе прымяненне на ўроках элементаў тэхналогіі праблемнага навучання. Набытыя падчас вырашэння праблем уменні і навыкі дапамагаюць дзецям лепш спраўляцца з патрабаваннямі праграмы, развіваюць іх лагічнае мысленне. Падабаюцца навучэнцам таксама заняткі з гульнявымі тэхналогіямі. Гульня абуджае цікавасць да перамогі, дзеці імкнуцца быць арганізаванымі, знаходлівымі. Вельмі ажыўляе ўрокі і выкарыстанне ІКТ. Камп’ютарная падтрымка робіць заняткі займальнымі, дазваляе сарыентаваць вучняў у інфармацыйных плынях навакольнага свету, актывізаваць іх пазнавальныя здольнасці. Аднак тут важна не перашчыраваць, бо галоўнае ўсё ж жывыя зносіны, — мяркуе Святлана Карпаўна.
Не менш важным Святлана Марозава лічыць захаванне ў навучэнцаў цікавасці да вучобы. У першым класе дзеці дапытлівыя, матываваныя на атрыманне ведаў. Аднак калі педагог не будзе падтрымліваць гэтыя імкненні, ужо ў другім класе ў навучанні з’явяцца праблемы.
— Каб гэтага не адбылося, увесь час заахвочваю інтарэсы кожнага дзіцяці. А яшчэ стымулюю вучняў на самастойны пошук новых ведаў. Ды і ў цэлым перакананая, што не трэба падаваць вучэбны матэрыял у гатовым выглядзе. Калі на ўроку сістэматычна і мэтанакіравана выкарыстоўваць практыка-арыентаваныя заданні, то ў навучэнцаў павышаецца цікавасць да прадмета і агульная падрыхтоўка, — кажа Святлана Карпаўна.
Значнае месца ў сваёй дзейнасці настаўніца аддае рабоце з адоранымі дзецьмі. Выяўляючы такіх навучэнцаў, Святлана Марозава ўсімі сіламі імкнецца развіць іх таленты. Яе навучэнцы ўжо могуць пахваліцца першымі вучэбнымі дасягненнямі — пераможнымі дыпломамі на раённых “малышковых” алімпіядах.
Плённая праца Святланы Карпаўны неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі. А нястомнае ўдасканаленне прафесійнага майстэрства прывяло яе сёлета да шэрага перамог у рэгіянальных этапах конкурсу “Настаўнік года”. Асабістыя дасягненні для яе важныя. Але галоўнае задавальненне ад педагагічнай працы прыносіць Святлане Карпаўне ўсведамленне таго, што ў поспехах вучняў ёсць і яе маленькая заслуга.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Святланы МАРОЗАВАЙ.