ЗАПАТЫЛАК Аксана Васільеўна,
выхавальніца дашкольнай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска.
У Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце атрымала спецыяльнасць “Настаўнік беларускай мовы і літаратуры”. Доўгі час выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе на Палессі, працавала выхавальнікам у школе-інтэрнаце. У 2015 годзе Аксана Васільеўна прайшла перападрыхтоўку ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”.
Намінацыя “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”
Аксана Васільеўна вялікую ўвагу ўдзяляе далучэнню дзяцей дашкольнага ўзросту да жыцця ў соцыуме, кожны дзень адкрываючы для выхаванцаў акно ў навакольны свет. Заняткі, якія праводзіць выхавальнік, заўсёды пазнавальныя, вясёлыя, цікавыя. Яна адкрытая ў зносінах з выхаванцамі і з’яўляецца для іх у першую чаргу сябрам.
У сваёй педагагічнай дзейнасці робіць акцэнт на выкарыстанні сучасных падыходаў у арганізацыі сюжэтна-ролевай гульні па фарміраванні ўяўленняў аб працы дарослых. Формы арганізацыі дзейнасці і метады навучання, якія прымяняе выхавальнік (віртуальныя экскурсіі і падарожжы, праблемныя сітуацыі, сацыяльнае мадэляванне), даюць выхаванцам неабмежаваныя магчымасці для знаёмства з навакольным светам, разнастайнасцю прафесій.
У дашкольны перыяд найбольш развіта сюжэтна-ролевая форма дзіцячай гульні, якая з’яўляецца цудоўнай трэніровачнай залай для падрыхтоўкі дзіцяці да жыцця ў грамадстве. Гуляючы, выхаванцы адлюстроўваюць дзейнасць прадстаўнікоў розных прафесій, мадэлююць іх прафесійныя паводзіны, узаемаадносіны паміж людзьмі, адносіны да сваёй працы.
Пачатковым этапам выбранага напрамку дзейнасці педагога было планамернае ўзбагачэнне сацыяльнага вопыту выхаванцаў. Работа на гэтым этапе ажыццяўлялася праз выкарыстанне разнастайных метадаў і форм дзіцячай дзейнасці, якія мелі пазнавальны характар. Як паказала практыка, важнай умовай фарміравання ўяўленняў аб працы дарослых і стварэння станоўчых адносін да яе з’яўляецца прыклад навакольных. З гэтай мэтай Аксана Васільеўна праводзіць мэтавыя экскурсіі, падчас якіх ажыццяўляецца прынцып паступовасці і сістэматычнасці ведаў — дзеці атрымліваюць сістэматызаваныя веды ў пэўнай паслядоўнасці.
Для нагляднага азнаямлення выхаванцаў з прафесіямі дарослых, калі немагчыма зрабіць гэта праз рэальныя экскурсіі, педагог распрацавала віртуальныя экскурсіі і падарожжы, дзякуючы якім дзеці адкрылі для сябе свет такіх прафесій, як менеджар, азеляніцель, дызайнер адзення і інтэр’ера, фларыст.
Пасля вышэйназваных мерапрыемстваў абавязкова праводзяцца гутаркі-разважанні, выніковыя размовы, якія не толькі звязваюць факты ў адно цэлае, але і даюць магчымасць дашкольнікам зрабіць пэўныя высновы. Для пераводу рэальнага сацыяльнага вопыту ў гульнявы, для засваення дзецьмі спосабаў аднаўлення рэчаіснасці ў гульні праводзяцца дыдактычныя (навучальныя) гульні.
Уражанні, атрыманыя ў навучальных гульнях і падчас работы па азнаямленні дзяцей з навакольным светам, неабходна замацаваць у памяці выхаванцаў, прапанаваўшы ім прымяніць свае веды ў гульні. Так, з гэтай мэтай група, у якой працуе А.В.Запатылак, была папоўнена сюжэтна-ролевымі гульнямі “Дом моды”, “Падарожжа”, “Салон прыгажосці”, “Музей”, “Мадэльны дом”, “Цырк”, “Тэлестудыя “Ранак”. Пры гэтым улічвалася спецыфіка гульнявой дзейнасці і пажаданні хлопчыкаў і дзяўчынак.
Заключным, кульмінацыйным этапам у замацаванні набытага вопыту выхаванцаў з’яўляецца этап зносін з дарослымі падчас гульні. Аксана Васільеўна лічыць, што адным з эфектыўных падыходаў у рэалізацыі гэтага напрамку работы з’яўляецца вырашэнне праблемных сітуацый, якія дазваляюць пашырыць сюжэт гульні, адысці ад пэўных шаблонаў.
Пры арганізацыі сюжэтна-ролевай гульні ў дзяцей часам узнікаюць цяжкасці, звязаныя з няўменнем правільна выказаць свае пачуцці, скаванасцю, няёмкасцю, якія выкліканы складанасцю ў зносінах з аднагодкамі. Вырашыць гэтую праблему педагогу дапамагаюць гульні, накіраваныя на развіццё камунікатыўных уменняў дзяцей.
Пры правядзенні ролевых дыялогаў паміж дзецьмі Аксана Васільеўна выкарыстоўвае прыём дубляжу (закадравага агучвання), які дазваляе ўдасканальваць дыялагічнае маўленне, што характарызуе асобасныя якасці прадстаўнікоў розных прафесій у кантэксце гульнявой сітуацыі. Першапачаткова дзеці агучваюць знаёмыя сюжэты і дыялогі мультфільмаў, што дазваляе пазнаёміць іх з прыёмам дубляжу, адпрацаваць навык выразнай перадачы размовы дзеючых асоб. Затым у створаных відэароліках з гульнявымі сітуацыямі “Мыйшчык машын і кліент”, “На прыёме ў касметолага”, “Прымайце работу, гаспадары” выхаванцы агучваюць дыялогі двух-трох прадстаўнікоў розных прафесій, аб’яднаных адной гульнявой сітуацыяй.
Разумеючы, што першачарговая роля ў развіцці дзіцяці належыць сям’і, Аксана Васільеўна праводзіць мэтанакіраваную работу па далучэнні бацькоў да сумеснай дзейнасці па названым напрамку. Яны актыўна ўключаюцца ў віртуальныя экскурсіі разам з дзецьмі, у інтэрнэт-дыялогі і іншыя мерапрыемствы.