Дача — любоў мая!

- 9:25Сацыяльны ракурс

Менавіта такую справу па душы знайшла для сябе Людміла Васільеўна Брунеўская, інструктар ёгі. Прычым пры выбары ўчастка адным з аргументаў была гарыстая мясцовасць.

— Я захаплялася горнымі лыжамі. Няцяжка здагадацца, што ўчастак выбрала з самай крутой горкай у Дамашанах.

А на лыжах не спрабавалі катацца на дачы?

— Спрабавала, але не на ўчастку, а па наваколлях. “Траса” занадта няроўная, з маленькімі ямкамі, таму задавальненне сярэдняе. Але вопыт быў цікавы.

Як вам хацелася аздобіць участак?

— У сястры таксама ёсць дача, і я прапаноўвала ёй зрабіць альпійскую горку, кругавыя градкі. Напрыклад, у сярэдзіне круга павінен быў расці рэвень ці сельдэрэй, вакол — клубніцы, астатняя частка круга магла быць запоўнена салатай ці шніт-цыбуляй. У сябе так не зрабіла: глеба аказалася занадта гліністая, ды і ўчастак, нагадаю, проста гара. Затое альпійскую горку стварыла. Тады многія ў нашым таварыстве “захварэлі” зборам камянёў для альпійскіх горак. Калі бліжэй пазнаёмілася з асаблівасцямі земляробства на сваім участку, планавала толькі кветкі са­джаць, аформіць газоны. Аднак з маёй горкі паліў сцякаў, ды і яшчэ выявіліся нязручнасці. Давялося 10 гадоў працаваць — рабіць на ўчастку тэрасы. На тэрасах і размяшчаюцца цяпер мае градкі.

Ды ў вас незвычайныя градкі. Самі прыдумалі гэтую сістэму?

— Не. Гэта сістэма Мітлайдэра: вузкія градкі, шырокія дарожкі. Такое размяшчэнне аблягчае працу, таму што не расце так хутка пустазелле. Лісце культурных раслін стварае цень, а ў цені не вельмі вырасцеш.

Людміла Васільеўна, дом у вас таксама незвычайны. Раскажыце пра яго.

— У той жа год як купіла ўчастак, паставіла дамок. Многім падабаецца яго незвычайная трохвугольная форма. Неяк у электрычцы разгаварылася з падарожнікам. Ён аказаўся архітэктарам і зацікавіўся маімі ўжо ажыццёўленымі дачнымі ідэямі. Яму, прафесіяналу, спадабаўся дом-трохвугольнік і магчымасць яго дабудоўваць, павялічваць.

У архітэктараў ёсць думка, што дамы, як людзі, павінны расці і развівацца. А вы, Людміла Васільеўна, як ставіцеся да такога разумення “правільнага” дома?

— Мой дом і з гэтага пункта гледжання добры. Я яго развіваю: прыбудавала яшчэ два трохвугольнікі з двух бакоў. Гэта ў мяне дапаможныя памяшканні. Планую зрабіць парадны ўваход і ўдасканаліць унутранае аздабленне. Рамантыкі і ўтульнасці са знешняга боку дома ўжо дастаткова за кошт апляцення яго зялёнымі гірляндамі дзявочага вінаграду. Гэты ж вінаград стварае і ўпрыгожвае межы ўчастка, дазваляе мне адчуваць сябе адасоблена.

А прыгажосць афармлення ўчастка важная для вас?

— Так. Стараюся ствараць прыгажосць. Ёсць у мяне цяністая алея для адпачынку, там жа і лавачка, а над ёй дах з ківі. Ківі ў мяне самы сапраўдны і салодкі. Побач каламікта стракаталістая, півоні, касач сібірскі, ірга, клематысы. У гаспадарцы дачнай патрэбны бочкі металічныя для збору вады, дык каб яны не парушалі прыгажосці і гармоніі, прыкрываю іх уласнаручна зробленым плоцікам. Некалькі гадоў назад рабіла на ўчастку басейн у форме фасоліны. Суседзі прыходзілі любавацца, ды і самой прыемна было. Краты прымусілі адмовіцца ад басейна: увесь час рвалі плёнку, што засцілала дно. Ды і клубніцы даводзіцца высаджваць у пластыкавых бутэльках. Зараз цудоўна цвітуць касачы, рамонкі. Бачыце, званочкі ў бульбе? Таксама пакінула для прыгажосці.

Ці ёсць нейкія дачныя сакрэты ад Людмілы Брунеўскай?

— Не ведаю, наколькі гэта сакрэты для чытачоў, але некалькі парад ёсць. Каб не хварэлі на фітафтору памідоры, апырскваю іх лісточкі зверху і знізу растворам, які складаецца з вады, ёду, малочнай сыроваткі. Прапорцыі такія: вядро вады, літр сыроваткі, 20 кропель ёду. Раствор перад выкарыстаннем трэба працадзіць. Калі застанецца нешта пасля апырсквання, то і глебу можаце апрацаваць. Моркву саджайце ранняй вясной для летняга ўжывання, а ў сярэдзіне чэрвеня — для зімовага. Гэты тэрмін аптымальны, таму што маркоўная муха ўжо вам не перашкодзіць. Моркву добра са­джаць уперамешку з цыбуляй, сельдэрэй — з капустай. Дарэчы, капусту высаджваю белакачанную, квяцістую, брокалі, кальрабі, пекінскую і чырвонакачанную. У кожнай свае карысныя ўласцівасці і перавагі. Салату не вырошчваю. І так шмат зеляніны карыснай у агародзе. Выкарыстоўваю для розных страў снітку, крапіву, цыбулю-слязун, цыбулю-парэй, макаўкі маліны, шчаўе, лісце дзьмухаўца, хрэну. Дачная гарбата ў мяне з лісцяў парэчак, мелісы, кацямяткі, мяты.

Вядучая рубрыкі Святлана РАДЗЬКОВА.
public@nastgaz.by
Фота Кацярыны КАРАЧУН.