Дадатковыя падставы для скасавання кантракта і ўстанаўлення ненарміраванага працоўнага дня

- 12:00Сацыяльны ракурс

Больш за 3,7 млрд рублёў — такая сума па выніках мінулага года была вернута работнікам сістэмы адукацыі па патрабаванні прававой інспекцыі галіновага прафсаюза. І гэта толькі адна з уражальных выніковых лічбаў і фактаў дзейнасці галіновага аб’яднання. Зрэшты, многае ў гэтай дзейнасці не такое прыметнае знешняму воку, але ад гэтага не менш значнае. Тое, што многімі ў галіне ўспрымаецца як данасць, насамрэч з’яўляецца вынікам мэтанакіраванай работы бакоў пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі. Штогод у гэтае пагадненне ўносяцца змяненні і дапаўненні ў сувязі са зменамі ў заканадаўстве і на аснове аналізу правапрымяняльнай практыкі. І бягучы год не выключэнне. Днямі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны былі зарэгістраваны чарговыя змяненні і дапаўненні, унесеныя ў галіновае пагадненне на 2013—2016 гады. Пракаменціравалі гэтыя змены нашаму выданню, а таксама расказалі аб асноўных праблемах у пытаннях сацыяльна-эканамічнай абароны работнікаў галіны ў Беларускім прафесійным саюзе работнікаў адукацыі і навукі.
Названае пагадненне — гэта толькі вяршыня айсберга. У цэлым у краіне дзейнічае 149 мясцовых пагадненняў, больш за 7 тысяч калектыўных дагавораў — лакальных нарматыўных актаў, якія рэгулююць працоўныя адносіны ў кожнай канкрэтнай установе адукацыі. А гэта значыць, што ўсе нормы, якія закладваюцца бакамі ў галіновае пагадненне, урэшце знаходзяць адлюстраванне і на мясцовым узроўні і закранаюць інтарэсы практычна ўсіх работнікаў сістэмы адукацыі.
— Нормы галіновага пагаднення практычна ў поўным аб’ёме ўключаны як у мясцовыя пагадненні, так і ў калектыўныя дагаворы. Але ёсць і зваротны працэс, калі лепшыя знаходкі калектыўна-дагаворнай работы прымяняюцца ў галіновым пагадненні. Гэта сведчыць пра тое, што сістэма калектыўна-дагаворных адносін працуе, — адзначыў старшыня галіновага прафсаюза Аляксандр Аляксандравіч Бойка.
Неабходнасць унясення змяненняў у пагадненне выклікана і тымі працэсамі, якія адбываюцца ў адукацыі. У мінулым годзе працягвалася аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, з прычыны дэмаграфічных тэндэнцый пераглядалася колькасць работнікаў арганізацый, узмацняўся кваліфікацыйны складнік, а таксама рэгіянальны акцэнт у аплаце працы. Прапрацоўвалася пытанне няпрофільных функцый, празмернага дакументаабароту. Гэта і многае іншае ў рабоце сістэмы адукацыі хвалявала педагагічную грамадскасць, прафсаюзны актыў, галіну, грамадства ў цэлым і, натуральна, павінна было знайсці адлюстраванне ў галіновым пагадненні.

Атэстацыя

У апошнія гады тэма атэстацыі педагогаў набыла асаблівую актуальнасць. Яшчэ ў 2012 годзе, калі былі ўведзены больш жорсткія патрабаванні да атрымання і пацвярджэння кваліфікацыйных катэгорый, бакамі галіновага пагаднення былі ўзяты абавязацельствы па тым, каб дабівацца больш высокай аплаты за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый. Адначасова праводзіўся маніторынг прымянення новых падыходаў у атэстацыі. У выніку пэўныя нормы былі ўдакладнены.
— Бакамі галіновага пагаднення ў 2014 годзе праведзена значная работа па ўдасканаленні атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі. Дзвюма пастановамі Міністэрства адукацыі (ад 26 сакавіка № 20 і 26 лістапада № 163) зафіксаваны змены і дапаўненні ў інструкцыю з улікам прапаноў галіновага прафсаюза, наймальнікаў, іншых зацікаўленых, — адзначылі ў Цэнтральным камітэце Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. — Водзывы педагагічных работнікаў, ацэнкі спецыялістаў пацвярджаюць правільнасць зробленых крокаў. Нельга не адзначыць праведзеную работу па ўрэгуляванні пытання павелічэння памераў надбавак за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнага работніка. Дзве пастановы Савета Міністраў (ад 27 сакавіка № 265 і 23 жніўня № 818), праекты якіх былі распрацаваны Міністэрствам адукацыі, вырашылі пытанні, пастаўленыя галіновым прафсаюзам у 2012 годзе ў рамках перагляду парадку атэстацыі педагагічных работнікаў. Салідарная пазіцыя бакоў дазволіла дасягнуць кампенсацыі ўзмацнення жорсткасці працэдуры атэстацыі павелічэннем памераў надбавак за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый. Гэтымі пастановамі павышаны і тарыфныя стаўкі, аклады шэрага іншых катэгорый работнікаў устаноў адукацыі.
Павелічэнне надбавак за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам з 1 верасня дазволіла павысіць сярэднюю заработную плату настаўнікаў у сярэднім на 18%. Разам з тым сёння ў правядзенні атэстацыі педагагічных работнікаў застаюцца нявырашаныя пытанні. Так, названыя пастановы не распаўсюджваюцца на шэраг рэспубліканскіх арганізацый, у тым ліку на ўстановы вышэйшай адукацыі, акадэміі, інстытуты перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. У выніку склалася значная дыспрапорцыя ў аплаце за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі фактычна ў залежнасці ад таго, за кошт сродкаў якога бюджэту фінансуецца ўстанова. У выніку надбаўка за наяўнасць адной і той жа кваліфікацыйнай катэгорыі, напрыклад, у метадыста Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ніжэйшая, чым у метадыста абласнога інстытута развіцця адукацыі. Такая ж розніца ў аплаце за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі будзе паміж сацыяльнымі педагогамі ўстановы вышэйшай адукацыі і гімназіі.
— Дасягнуць ліквідацыі названых дыспрапорцый неабходна ў найбліжэйшы час, як гэта было зроблена ў пачатку 2015 года ў дачыненні да педагагічных работнікаў арганізацый аховы здароўя і арганізацый, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, — адзначаюць у галіновым прафсаюзе. — Таму і ў новай рэдакцыі галіновага пагаднення гэтыя пытанні знайшлі адлюстраванне.
Адкрытым застаецца і пытанне катэгарыравання кіраўнікоў фізічнага выхавання.
— Выпускам 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”, зацверджаным пастановай Мiнiстэрства працы Рэспублiкi Беларусь ад 28 красавіка 2001 года № 53, кваліфікацыйнае катэгарыраванне прадугледжана толькі ў дачыненні да кіраўнікоў фізічнага выхавання ўстаноў дашкольнай адукацыі. Таму кіраўнікі фізічнага выхавання школ, прафесійна-тэхнічных устаноў не атрымліваюць даплаты за катэгорыю, нават калі маюць яе як настаўнікі фізічнай культуры, — адзначылі ў галіновым прафсаюзе. — Таму бакі галіновага пагаднення ўзялі на сябе абавязацельствы па ўнясенні ў тарыфна-кваліфікацыйныя характарыстыкі і ўмовы аплаты працы кіраўнікоў фізічнага выхавання ўстаноў адукацыі змяненняў у частцы ўстанаўлення кваліфікацыйных катэгорый “Вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя”, “Першая кваліфікацыйная катэгорыя”, “Другая кваліфікацыйная катэгорыя” незалежна ад тыпу ўстановы адукацыі.

Заработная плата

Сярод галін сацыяльнай сферы па ўзроўні заработнай платы па выніках 2014 года адукацыя займае перадапошняе месца з паказчыкам у 4121,3 тысячы рублёў, што складае 67,7% ад сярэдняй зарплаты ў краіне. Яшчэ ў 2011 годзе гэтыя суадносіны былі на ўзроўні 77,3%. Паказчыкі ўзроўню заработнай платы па выніках 2014 года ў педработнікаў — 4593,8 тысячы рублёў, настаўнікаў — 4833,2 тысячы рублёў, прафесарска-выкладчыцкага складу — 6882,1 тысячы рублёў.
Яшчэ адна адметнасць апошняга часу — розніца ва ўзроўні заработнай платы ў залежнасці ад рэгіёна. Так, па выніках 2014 года сярэдняя заработная плата работнікаў сістэмы адукацыі ў Мінску склала каля 6 млн 100 тысяч рублёў, а ў Брэсцкай вобласці — 4379,2 тысяча рублёў.
— Розніца паміж максімальным і мінімальным рэгіянальным паказчыкам сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі складае 39,5%, у тым ліку па сярэднямесячнай заработнай плаце настаўнікаў — 22,2%, прафесарска-выкладчыцкага складу — 53,8%, — адзначаюць у прафсаюзным аб’яднанні. — На жаль, і сёння не вырашана пытанне выдання дакумента, які б рэгуляваў ці хаця б тлумачыў парадак фарміравання фонду заработнай платы работнікаў устаноў адукацыі і вызначэння эканоміі сродкаў, прадугледжаных на аплату працы, хоць яго праект ужо распрацаваны з улікам меркавання прафсаюза. Але ў любым выпадку нам неабходна дабівацца давядзення ўзроўню заработнай платы педагогаў да сярэдняга па краіне. І гэта знайшло адлюстраванне ў новай рэдакцыі пагаднення. Магчымасці галіны ў вырашэнні гэтага пытання не бязмежныя. Аптымізацыя дае пэўны эфект, але гэтага, відавочна, недастаткова для давядзення сярэднямесячнай заработнай платы педагагічных работнікаў да рэгіянальных, рэспубліканскага паказчыкаў. Зварот ЦК галіновага прафсаюза да Савета Міністраў грунтуецца на разуменні таго, што без дадатковых асігнаванняў галіна будзе не ў стане ўтрымаць кваліфікаваныя кадры. Гэтыя пытанні ўздымаліся і ў рамках парламенцкіх слуханняў. Наша пазіцыя ўлічана пры распрацоўцы рекамендацый, якія, хочацца верыць, будуць пачуты і рэалізаваны.
Тут варта адзначыць, што прынятыя ўрадам рашэнні аб павышэнні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду з 1 лютага і 1 сакавіка бягучага года дазваляюць рабіць пэўныя крокі ў гэтым кірунку.

Кантракты

За 2014 год, па даных прафсаюзных органаў, у выніку аптымізацыі па скарачэнні штатаў былі звольнены 843 работнікі, у тым ліку 345 педагагічных работнікаў (у 2013 — 640 і 249 адпаведна). І, нягледзячы на тое, што наймальнікі сумесна з адпаведнымі прафсаюзнымі камітэтамі прымалі меры па працаўладкаванні гэтых работнікаў (перападрыхтоўка кадраў, пераразмеркаванне педагагічнай нагрузкі і інш.), на 1 студзеня 2015 года ў цэнтрах занятасці насельніцтва на ўліку як беспрацоўныя знаходзіліся 248 былых работнікаў арганізацый адукацыі, у тым ліку 189 педагагічных работнікаў (у 2013 годзе — 217 і 159 адпаведна). Улічваючы актуальнасць пытання, гарантыі занятасці работнікаў, а таксама асаблівасці рэгулявання працоўных адносін знайшлі найбольш шырокае адлюстраванне ў прынятых да галіновага пагаднення змяненнях і дапаўненнях.
— У пагадненне для развіцця існуючай прававой базы з мэтай абароны інтарэсаў работнікаў — членаў галіновага прафсаюза ўключаны наступныя палажэнні: пашыраны пералік падстаў, па якіх па просьбе работніка наймальнік абавязаны датэрмінова скасаваць кантракт пры наяўнасці абставін, што выключаюць або значна абцяжарваюць працяг працы. Таксама замацаваны абавязак наймальніка ў выпадку непрадаўжэння кантракта з добрасумленным работнікам, які не мае парушэнняў працоўнай дысцыпліны, у пісьмовым выглядзе адлюстроўваць прычыны скасавання кантракта з работнікам. Акрамя таго, у пагадненне ўнесены змены і дапаўненні, якія прадугледжваюць вызначэнне парадку арганізацыі замены настаўнікаў на перыяд іх часовай адсутнасці, напрыклад, з прычыны камандзіроўкі, хваробы, накіравання на курсы павышэння кваліфікацыі, працоўнага адпачынку на працягу навучальнага года і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. Такім чынам, унесена норма, згодна з якой на падставе загада кіраўніка ўстановы адукацыі ажыццяўляецца аплата гадзін замены за фактычна праведзеныя гадзіны. У той жа час вышэйзгаданыя меры па ўрэгуляванні пытанняў арганізацыі замены часова адсутных педагагічных работнікаў могуць разглядацца выключна як часовыя да распрацоўкі і прыняцця адпаведнага нарматыўнага прававога акта.
Шэраг унесеных сёлета ў пагадненне норм абумоўлены зменамі ў Працоўным кодэксе.
— Так, напрыклад, бакі галіновага пагаднення прыйшлі да высновы, што неабходна прадугледжваць у калектыўных дагаворах (пагадненнях) пералік катэгорый работнікаў, для якіх працоўны дзень можа быць падзелены на асобныя часткі з перапынкамі працягласцю не менш за дзве гадзіны, уключаючы перапынак для адпачынку і харчавання, — патлумачылі ў прафсаюзе. — Акрамя таго, удакладнена норма аб асобным парадку ўрэгулявання пытанняў устанаўлення асобным работнікам ненарміраванага працоўнага дня, працягласці дадатковага водпуску за ненарміраваны працоўны дзень і яго аплаты. Так, у выпадку з арганізацыямі сістэмы міністэрства, якiя з’яўляюцца бюджэтнымі арганізацыямі, аплата дадатковых адпачынкаў за ненарміраваны працоўны дзень праводзiцца за кошт пазабюджэтных сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць даходы (калі ў адпаведнасці з заканадаўствам такія сродкі застаюцца ў іх распараджэнні), а пры адсутнасці названых сродкаў — за кошт сродкаў, прадугледжаных у каштарысе арганізацыі на аплату працы. Пры гэтым пералік катэгорый работнікаў, якім устанаўліваецца ненарміраваны працоўны дзень і працягласць дадатковага водпуску за ненарміраваны працоўны дзень, вызначаюцца загадам наймальніка па ўзгадненні з прафсаюзным камітэтам.

Падрыхтавала Алена МАРКЕВІЧ.