Дакрануцца да прафесіі

- 7:24Адукацыйная прастора

Слуцкі дзяржаўны каледж па праве лічыцца адной з лепшых навучальных устаноў не толькі Міншчыны, але і ўсёй нашай краіны. Утрымліваць такі высокі статус ужо шмат гадоў дазваляе адна вельмі важная рыса ўстановы. Калектыў каледжа на чале з дырэктарам Барысам Браніслававічам Блахіным не стаіць на месцы і настолькі мабільна і аператыўна рэагуе на перамены, што рэаліі сённяшняй рэчаіснасці ніколі не застаюць яго знянацку. Усе ведаюць, як сёння складана весці прафарыентацыйную работу ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі, як цяжка знайсці яе новыя формы, якія б маглі зачапіць маладых людзей і спыніць іх выбар менавіта на рабочых прафесіях, як няпроста скамплектаваць навучэнскі кантынгент высокаматываванымі падлеткамі. На працягу ўсёй дзейнасці каледжа — а яго гісторыя складае амаль 70 гадоў — кантрольныя лічбы прыёму выконваюцца на 100 працэнтаў. Такі вынік стаў магчымым у першую чаргу за кошт якаснай прафарыентацыйнай работы, якая праводзіцца педагогамі і навучэнцамі ўстановы сумесна з заказчыкамі кадраў і якая пастаянна абнаўляецца і карэкціруецца, каб дасягнуць усё большага эфекту.

Не галаслоўна, а дзейсна

Што адрознівае Слуцкі прафесійны каледж ад іншых устаноў у арганізацыі прафарыентацыйнай работы? Так, разнастайнасць, шматпланавасць, мэтанакіраванасць… Але, бадай, самае галоўнае не ў гэтым, а ў найбольш цесным і рэальным далучэнні мола­дзі да рабочай прафесіі, уцягванні падлеткаў у вытворчую дзейнасць, што і было прадэманстравана ў час прафарыентацыйнай панарамы, праведзенай у слуцкім каледжы.

— Сёння нельга абмяжоўвацца толькі традыцыйнымі формамі прафарыентацыі, якія былі эфектыўнымі яшчэ пару гадоў ­назад, — адзначыў Барыс Браніслававіч Блахін, дырэктар каледжа. — ­Безумоўна, су­стрэчы са школьнікамі, азнаямляльныя экс­курсіі ў ­самой навучальнай установе могуць быць актуальнымі і сёння, толькі ў іх павінен быць новы змест. Проста звычайнымі словамі і, як ка­жуць, голымі перакананнямі нашых падлеткаў асабліва не зацікавіш. Таму мы імкнёмся не галаслоўна прадстаўляць кожную прафесію, а выкарыстоўваць больш дзейсныя метады. Мы выбралі рэальны шлях пазнання прафесіі, як кажуць, дакрануцца да яе рукой, калі падлеткі могуць увачавідку даведацца, якая гэтая прафесія ў рэальнай вытворчасці, паспраба­ваць самога сябе, ці ён зможа ёю авалодаць, адчуць, наколькі яна яму падабаецца і ці зможа гэтая прафесія стаць сэнсам яго працоўнага жыцця. Для вырашэння гэтай задачы цалкам выкарыстоўваецца вучэбна-матэрыяльная база нашага каледжа, талент і майстэр­ства нашага калектыву, які, як ка­жуць, ажыўляе кожную прафесію для школьнікаў, якія да нас прыязджаюць.

— Раней у нас была тактыка прафарыентацыі — самім ездзіць па раёнах, наведваць школы, самім ініцыіраваць сустрэчы з дзецьмі, іх бацькамі, педагогамі, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Ала Мікалаеўна Матусевіч. — Сардэчнасць была пры кожнай такой сустрэчы, нас разумелі, нас падтрымлівалі. І такія паездкі давалі і сёння даюць добры вынік. Але мы вырашылі ўнесці і свежы струмень у прафарыентацыйную работу. Мы ўзялі кірунак на тое, каб выбар прафесіі ў падлеткаў пачынаўся з наведвання самога каледжа, дзе б мы маглі ў поўнай красе прадэманстраваць, па якіх прафесіях мы рыхтуем, на якой базе, хто нашы педагогі, дзе жывуць нашы навучэнцы, якія ўмовы створаны для іх вольнага часу і для творчага развіцця.

Акрамя таго, самі навучэнцы ў час канікул альбо выпускнікі пасля таго, як уладкуюцца на рабочым месцы, прыходзяць у школы і расказваюць школьнікам пра сваю вучобу ў каледжы і тым самым рэкламуюць сваю ўстанову. У прафарыентацыйнай рабоце выкарыстоўваюцца нават сходы, якія праводзяцца ў каледжы і на якія прыязджаюць бацькі навучэнцаў. Прыемна адзначыць, што выпускнікі каледжа мінулых гадоў прыводзяць вучыцца ўжо сваіх дзяцей і ўнукаў, а гэта значыць, што высокі імідж каледжа пранесены праз гады і пакаленні.

Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Вольга Міхайлаўна Радзюк паведаміла, што сістэматычная прафарыентацыйная работа, якая прадугледжвае выкарыстанне яе розных форм з метадычным суправаджэннем, далучэнне ветэранаў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, рабочых дынастый, наладжванне моцных, непарыўных сувязей з навучальнымі ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі і заказчыкамі кадраў, наведванне непасрэдна саміх прадпрыемстваў і арганізацый, у комплексе дазваляе ажыццявіць правільны прафесійны выбар нашых школьнікаў, скіраваць іх інтарэс на рабочыя прафесіі і тым самым у будучыні забяспечыць нашу эканоміку кваліфікаванымі кадрамі.

У гэтым навучальным годзе ў каледжы распрацавана праграма прафарыентацыйнай работы для школьнікаў “Мая прафесійная будучыня — крок за крокам у прафесію”. Мэтай праграмы з’яўляецца аказанне падтрымкі навучэнцам школ у прафесійным выбары, азнаямленне са зместам прафесійнай дзейнасці, стварэнне ўмоў самім прыняць удзел у майстар-класах па вырабе прадукцыі. У першым паўгоддзі навучальнага года і ў перыяд зімовых канікул у рамках праграмы праведзена прафарыентацыйная панарама для школьнікаў Міншчыны і іншых раёнаў краіны. Каледж наведалі і азнаёміліся з педагагічным калектывам, матэрыяльна-тэхнічнай базай, арганізацыяй адукацыйнага працэсу, пазакласнымі мерапрыемствамі, работай гурткоў і спартыўных секцый навучэнцы школ Слуцкага, Салігорскага, Старадарожскага, Капыльскага, Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці, школ некаторых раёнаў Магілёўскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Школьнікам былі прадстаўлены відэаролікі аб прафесіях, выступленне агітбрыгады, майстар-класы. Навучэнцы маглі больш дакладна азнаёміцца з вучэбнымі майстэрнямі і кабінетамі каледжа.

Спяваюць оду малаку

Асаблівую цікавасць школьнікі праявілі да дзейнасці рэсурснага цэнтра вытворчага навучання па прафесіі кухар, лабараторыі абсталявання па выпрацоўцы малочных прадуктаў, майстар-класаў, гісторыка-краязнаўчага музея, музея малака, этнаграфічнай майстэрні “Скарбніца”, зімовага саду. У кожным аддзяленні каледжа былі прадстаўлены цікавыя захапляльныя мерапрыемствы, якія прыцягвалі школьнікаў у свет прафесій. Напрыклад, у аддзяленні “Тэхналогія малочнай вытворчасці”, загадчыкам якога з’яўляецца Валерый Мікалаевіч Горбач, былі прадстаўлены тэатралізаваныя прэзентацыі “Аб малацэ” і “Ода малаку”, праведзены майстар-класы па вызначэнні якасці тварагу, па гатаванні сыру “Дамашні”, па прыёмцы і першаснай апрацоўцы малака. Навучэнцы школ даведаліся, што малако — гэта ўнікальны прадукт па харчовай і біялагічнай каштоўнасці, і яшчэ раз пераканаліся ў выдатных словах, сказаных акадэмікам І.П.Паўлавым: “Малако — дзівосная ежа, згатаваная самой прыродай”.

— Навучэнцы і педагогі каледжа ў касцюмах малака, сыру, тварагу, смятаны, вырабленых з упаковачных матэрыялаў сваімі рукамі, у песнях, вершах, невялікіх тэатралізаваных сцэнках цікава і займальна расказалі аб прафесіях і магчымасцях будучых абітурыентаў, — расказаў Валерый Мікалаевіч. — У лабараторыях на майстар-класах навучэнцы школ змаглі быць лабарантамі пры вызначэнні якасці тварагу і малака, сыраробамі пры вырабе сыру “Дамашні” ў мультыварцы, аператарамі, тэхнікамі-тэхнолагамі і тэхнікамі-механікамі, удзельнічаючы ў майстар-класе па абслугоўванні абсталявання і пуску яго ў работу, а таксама кантраляваць тэхналагічны працэс па прыёмцы і пастэрызацыі малака. Выкладчыкі, навучэнцы кале­джа раскрылі школьнікам сакрэты гатавання сыру і масла ў хатніх умовах, выкарыстоўвалі “бабуліну маслабойку”, а таксама раздалі школьнікам розныя рэцэпты па гатаванні страў з малака і малочных прадуктаў. Тэатралізаваны паказ скончыўся дэгустацыяй марожанага і бутэрбродаў з маслам з “бабулінай маслабойкі”.

Я малюю сабе страву

Аддзяленне “Грамадскае харчаванне і гандлёвая справа” прадставіла сваю праграму праф­арыентацыі, у якую ўвайшлі прэзентацыі “Даведнік у прафесію” і “Сучаснае хлебапячэнне”. Педагогі і навучэнцы каледжа азнаёмілі школьнікаў з матэрыяль­на-тэхнічнай базай аддзялення, правялі экскурсіі па кабінетах, майстэрнях і лабараторыях. Навучэнцам былі прадстаўлены буклеты па прафесіях, дэманстрацыйны стэнд, работа міжшкольнага факультатыву па прафесіі кухар, тэлевізійнай студыі “Школа кулінарнага майстэрства”.

— Для больш глыбокага азнаямлення з прафесіяй пекара прайшоў майстар-клас ­“І хлебам надзённым жывы чалавек”, — расказала загадчык аддзялення Таццяна Ана­тольеўна Ядчанка. — Школьнікі не толькі прынялі ўдзел у вырабе хлеба сваімі рукамі, але і мелі магчымасць праявіць фантазію, ствараючы з цеста розныя фігуркі. Дапамагалі ім у гэтым навучэнцы каледжа сумесна з май­страмі вытворчага навучання. Вялікую ціка­васць у падлеткаў выклікаў майстар-клас па прафесіі прадаўца “Этыка і дызайн у сучасным афармленні пакупкі”. Навучэнцы кале­джа, якія засвойваюць гэтую прафесію, прадэманстравалі свае ўменні і творчыя здольнасці па афармленні пакупак, а таксама азнаёмілі школьнікаў з гісторыяй з’яўлення гальштукаў, хустак і спосабамі іх завязвання. Ніхто са школьнікаў не застаўся без падарунка, аформленага сваімі рукамі.

У ходзе экскурсіі школьнікі наведалі кулінарную студыю “Гурман”, дзе азнаёміліся з правіламі сервіроўкі тэматычных сталоў. Займальна прайшоў майстар-клас па прафесіі кухара “Я малюю сабе страву”. У кулінарнай студыі “Справа густу” панавала амаль спартыўная атмасфера, настолькі кожнаму ­ўдзельніку хацелася выйграць. Школьнікам трэба было з пэўнага набору прадуктаў згатаваць па эталоне і аформіць бутэрброды па тэме “Гатуем для нашых дзяцей”. У ролі настаўнікаў і дарадчыкаў для вучняў школ выступілі выхаванцы каледжа. Журы, у склад якога ўвайшлі майстры вытворчага навучання каледжа і педагогі школ, ацэньвалі дэкор, ступень складанасці, мастацкае афармленне і арыгінальнасць прэзентацыі стравы. Для вызначэння пераможцаў арганізатары былі вымушаны правесці дадатковы конкурс капітанаў пад назвай “Хачу стаць шэф-кухарам”. Яго ўдзельнікі адказалі на шэраг тэставых пытанняў на тэму “Свет кулінарыі” і прыйшлі да фінішу ўсе разам.

 Накіроўвае флюгер “Пеўнік”

Шматграннасцю і своеасаблівасцю выз­началася прафарыентацыйная работа ў аддзяленні “Тэхналогіі слясарных, зварачных і электрамантажных работ”.

Былі прадстаўлены прэзентацыя ўстановы адукацыі з удзелам прадстаўнікоў базавых арганізацый і выпускнікоў каледжа; тэатралізаваны паказ прафесій; выстава-продаж прадукцыі; кансультацыі членаў прыёмнай камісіі для выпускнікоў школ.

— Вялікую цікавасць у школьнікаў выклікаў праф­арыентацыйны марафон аддзялення, дзе праводзіліся яго міні-прэзентацыя, майстар-класы па вырабе рэчаў з металу з выкарыстаннем адходаў вытворчасці, металадахоўкі, бляхі, катанкі, з якіх вырабляюцца розныя кампазіцыі, — адзначыла загадчык аддзялення Святлана Рыгораўна Хацько. — Асабліва прыцягвала хлопчыкаў слясарная дзейнасць, элементы якой прадэманстравала майстар вытворчага навучання Алена Аляксандраўна Новік: наразанне разьбы, праўка, згібанне і свідраванне, рэзка нажніцамі — усё гэта выкарыстоўваецца для вырабу кампазіцый з металу, такіх як “Даліна руж”, “Ваза з ружамі”, “Ружовы фламінга”, падсвечнікі “Мара”, “Ружа на злітку”, флюгер “Пеўнік”, падстаўкі для кветак, флагштокі і інш.

Школьнікі з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях “Дрэва ўражанняў”, якія дапамаглі вызначыць рэфлексіўнае кола эмоцый, звязаных з выбарам прафесій. Экскурсія па зімовым садзе прайшла па тэме “Экзатычныя расліны ў кулінарыі”. Падчас экскурсіі школьнікі не толькі азнаёміліся з раслінамі, але і даведаліся пра іх дэкаратыўнае і кулінарнае прызначэнне. Іх таксама азнаёмілі з асаблівасцямі догляду раслін зімовага саду, якіх тут налічваецца больш за пяцьсот відаў.

Школьнікі наведалі этнаграфічную май­стэрню “Скарбніца”, дзе ў іх з’явілася магчымасць не толькі ўбачыць, але і распаліць рускую печ, даведацца, якія самабытныя стравы дайшлі да нашых дзён з глыбіні стагоддзяў.

— Ужо другі год у каледжы існуе новы напрамак прафарыентацыйнай работы — дапрафесійная падрыхтоўка, — паведаміла А.М.Матусевіч. — У каледжы працуе міжшкольны факультатыў па прафесiйным навучанні па прафесіі кухар. Штотыдзень і ў шосты дзень школьнікі наведваюць факультатыў, з вялікай цікавасцю вывучаюць асновы кулінарнага майстэрства, тым самым загадзя могуць зрабіць свой прафесійны выбар.

Ала Мікалаеўна расказала, што нядаўна аднавіла сваю работу школа кулінарнага майстэрства, створаная на базе рэсурснага цэнтра. Адной з задач гэтай школы была і застаецца прафарыентацыйная прапаганда тых прафесій, па якіх вучаць у каледжы. Пачала сваю работу аднайменная тэлевізійная перадача, якая трансліруецца два разы на ты­дзень на тэлевізійным канале “Слуцк ТБ”. У перадачы “Школа кулінарнага майстэр­ства” педагогі каледжа дэманструюць свае прафесійныя і творчыя здольнасці па гатаванні страў беларускай кухні, страў кухні народаў свету, вучаць тэлегледачоў сакрэтам прафесійнай выпечкі, знаёмяць з асартыментам страў з малочных прадуктаў, дзеляцца сваімі сакрэтамі вырабу малочных прадуктаў у хатніх умовах, дэманструюць майстар-класы па вырабе кампазіцый з металу. Выпускі перадачы спрыяюць не толькі прапагандзе кулінарнай і гастранамічнай прадукцыі, але і дазваляюць паглыбіцца ў сакрэты прафесій, даюць магчымасць азнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай каледжа.

У завяршэнне прафарыентацыйнай панарамы ў каледжы быў праведзены круглы стол, на якім навучэнцы каледжа дзяліліся сваёй матывацыяй выбару прафесіі, прафесійнага росту, а школьнікі расказвалі пра свае ўражанні ад убачанага і пачутага. І хочацца верыць, што падчас правядзення прафарыентацыйнай панарамы калектыву каледжа ўдалося адкрыць для школьнікаў шмат новага і цікавага, што іх, як кажуць, зачапіла і што дапаможа ім у далейшым зрабіць правільны прафесійны выбар.

Ала КЛЮЙКО.