Дакрануцца да прыродных таямніц

- 12:04Навука і інавацыі

Нягледзячы на цэлыя бібліятэкі навуковых кніг і дысертацый, у прыродзе застаецца мноства загадак і таямніц. Вывучаць іх і шукаць адгадкі — вялікая асалода для людзей цікаўных, творчых і ўлюбёных у навакольны свет. Менавіта такая каманда сабралася ў студэнцкай навукова-­даследчай лабараторыі “Структура і дынаміка біяразнастайнасці” кафедры заалогіі біялагічнага факультэта БДУ.

У гэтай лабараторыі многія студэнты пачынаюць шлях у вялікую навуку. Прыходзяць сюды з цікаўнасці, але пачынаюць весці ўласныя даследаванні, паступова ўцягваюцца — і пайшло! Першыя экспедыцыі, навуковыя публікацыі, прадстаўленне вынікаў на канферэнцыях — а далей магістратура, аспірантура…

Лабараторыя была створана ў 2012 го­дзе для вывучэння біялагічнай разнастайнасці беларускай фаўны. Студэнты знаходзяць ці вызначаюць новыя віды або вывучаюць ужо вядомыя, даследуюць іх распаўсюджванне, асаблівасці біялогіі і экалогіі.

— Адзін з цікавых напрамкаў, якія мы курыруем, — вывучэнне інвазіўных і чужародных відаў, што трапілі ў Беларусь з іншых краін і кантынентаў, — расказвае навуковы кіраўнік лабараторыі старшы выкладчык кафедры заалогіі Алег Сінчук. — Наша каманда прымала ўдзел у стварэнні “Чорнай кнігі інвазіўных відаў жывёл Беларусі”, куды ўнесены чужародцы, якія могуць шкодзіць абарыгенным відам, цэлым экасістэмам і нават эканоміцы (вядомы ўсім прыклад такога чужародца — каларадскі жук). Акрамя таго, у лабараторыі вядуцца даследаванні па біятэхналогіі, малекулярнай біялогіі і біяхіміі жывёл.

Студэнты вывучаюць апыляльнікаў раслін (найперш самых эфектыўных з іх — пчол і чмялёў), а таксама шкодных насякомых і распрацоўваюць біялагічныя асновы кантролю іх папуляцый. Адзін з перспектыўных напрамкаў работы — даследаванне біялагічна актыўных рэчываў (яды перапончатакрылых насякомых і іншых жывёл, крыніцы хітазану і г.д.).

Для вывучэння жывёльнага свету ўдзель­нікі лабараторыі шырока выкарыстоў­ваюць сучасныя тэхналогіі: расстаўляюць фотапасткі, робяць макраздымкі. Гэта істотна дапамагае ў правядзенні даследаванняў. З кожнай экспедыцыі студэнты прывозяць мноства цікавых экзэмпляраў, што дазваляе ў тым ліку папаўняць фондавыя навуковыя калекцыі Заалагічнага музея БДУ.

Як паведаміў Алег Віктаравіч, у рабоце лабараторыі штогод прымае ўдзел больш за 30 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Навуковыя даследаванні з імі ажыццяўляюць супрацоўнікі кафедры заалогіі ў рамках курсавога і дыпломнага праектавання. Акрамя таго, вядзецца сур’ёзная праца па арганізацыі маладзёжных навуковых праектаў (праз гранты БДУ, Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў). І калі агульная колькасць навукова­-даследчых работ у 2019 годзе дасягнула 26, то 15 з іх былі маладзёжнымі праектамі. Кіраўнікамі тут выступаюць магістранты і аспіранты, якія перадаюць вопыт арганізацыі і рэалізацыі навуковай дзейнасці студэнтам малодшых курсаў.

— Удзельнікі лабараторыі, якія зарэкамендавалі сябе як перспектыўныя даследчыкі, запрашаюцца да выканання дзяржаўных навуковых праграм, — гаворыць Алег Сінчук. — Таксама праводзяцца ініцыятыўныя навуковыя даследаванні для праверкі гіпотэз, якія могуць стаць асновай для стартапаў і навукова­-даследчых праектаў. Арганізоўваюцца міждысцыплінарныя даследаванні.

Шмат увагі ў лабараторыі ўдзяляецца публікацыйнай актыўнасці ўдзельнікаў. Штогод у іх навуковай скарбонцы з’яўляецца не менш за 70 публікацый (у 2017 і 2018 гадах было пад сотню). Супрацоўнікі і студэнты ўдзельні­чаюць у шматлікіх канферэнцыях — універсітэцкіх, рэспубліканскіх, міжнародных (часам выпадае наведаць больш за 20 навуковых мерапрыемстваў за год і выступіць там з дакладамі).

Вынікі сваіх даследаванняў удзельнікі лабараторыі штогод прадстаўляюць на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. І тут заўсёды ёсць пераможцы (у 2019 годзе — 6).

Дзейнасць студэнцкай лабараторыі “Структура і дынаміка біяразнастайнасці” неаднаразова адзначалася ўзнагародамі за ўклад у падрыхтоўку кадраў, а таксама ва ўдасканаленне вучэбнага працэсу. Два разы запар (па выніках 2018 і 2019 гадоў) каманда абвяшчалася лепшай студэнцкай навукова-­даследчай лабараторыяй Белдзяржуніверсітэта.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота з архіва Алега Сінчука.