“Далонька” — у абарону жыцця

- 14:23Рознае, Сацыяльны ракурс

Так! Будзе жыццё! Менавіта такі дэвіз ужо чатыры гады суправаджае Міжнародны фестываль сацыяльнай рэкламы ў абарону жыцця і сям’і “Далонька”. Гэты слоган прыдумала і агучыла добраахвотнік фестывалю вядомая беларуская тэлевядучая Святлана Панкратава. Фестываль не першы год збірае вакол сябе нямала яркіх асоб, якія падтрымліваюць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Па задуме арганізатараў, гэты міжнародны форум прызначаны паказаць прыгажосць традыцыйнай сям’і, перш за ўсё мнагадзетнай.

Міжнародным фестываль стаў не адразу. Першы год у ім удзельнічалі толькі беларусы, але пасля паездкі ў Маскву, дзе прайшла прэзентацыя беларускага форуму на Міжнародным фестывалі сацыяльных тэхналогій у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцей “За жыццё — 2013”, удзельнікаў у “Далонькі” прыбавілася. Свае відэаролікі, фотаздымкі і малюнкі сталі прысылаць неабыякавыя людзі з розных куткоў Расіі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Германіі.

Цырымонію ўзнагароджання пераможцаў фестывалю штогод праводзяць у лістападзе. Хаця фестываль — гэта свята для ўсіх, хто прыходзіць у гэты дзень у госці да “Далонькі”, аднак не ўспомніць смутную дату 18 лістапада арганізатары проста не могуць. 18 лістапада 1920 года была прынята пастанова наркама аховы здароўя і наркамюста РСФСР “Аб ахове здароўя жанчыны”. Тады ўпершыню ў гісторыі заканадаўча было дазволена “бясплатнае правядзенне аперацыі па ненатуральным перарыванні цяжарнасці ў абставінах савецкіх бальніц”. Прасцей кажучы, з гэтага дня ў нашай краіне пачалі рабіць аборты. Правядзенне фестывалю ў канцы лістапада звязана яшчэ з адной датай. 21 лістапада — дзень памяці Архістратыга Міхаіла. У Расіі і Беларусі ў канцы лістапада адзначаюцца Свята-Міхайлаўскія дні, падчас якіх праходзяць прэс-канферэнцыі, круглыя сталы, акцыі ў абарону жыцця ненароджаных дзяцей.

Варта таксама адзначыць, што фестываль “Далонька” базіруецца ў Цэнтры духоўнай асветы і сацыяльнага служэння Беларускага Экзархата пры праваслаўным прыходзе ў гонар іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых радасць” у Мінску.

У аргкамітэце фестывалю было прынята рашэнне дапускаць да ўдзелу толькі пазітыўныя работы, якія сфарміруюць у моладзі станоўчае меркаванне пра мацярынства, бацькоўства, мнагадзетную сям’ю. Работы павінны нагадваць пра абавязак перад старэйшым пакаленнем, пра павагу да сямейных традыцый, пра дапамогу сіротам і ўсім, каму патрэбна дапамога, у тым ліку ненароджаным дзеткам. Пададзеныя работы павінны адпавядаць аднаму з тэматычных напрамкаў: любоў і вернасць; святасць мацярынства; тата — капітан сям’і; я — чалавек, дай мне нарадзіцца, мама; многа дзетак — добра; сямейныя традыцыі; дзякуй вам, бацькі; хто дапаможа сіраце.

У конкурсе сацыяльнай рэкламы могуць удзельнічаць усе жадаючыя, прыслаўшы відэаролік, кароткаметражны фільм, фотаздымкі, інтэрнэт-плакаты або малюнкі. Узрост удзельнікаў неабмежаваны. Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: лепшы сцэнарый да сацыяльнага відэароліка, лепшы анімацыйны ролік, лепшы сацыяльны відэаролік; лепшы кароткаметражны сацыяльны фільм, лепшы фотаздымак, лепшы малюнак, лепшы інтэрнэт-плакат. Работы прымаюцца да 1 лістапада 2016 года. Падаць заяўку можна на афіцыйным сайце Ladoshka.by.

Для арганізатараў вельмі важна, каб педагогі звярнулі ўвагу дзяцей і падлеткаў на важнасць і прыгажосць традыцыйнай сям’і. Такім чынам, можна прапанаваць школьнікам і студэнтам здымаць ролікі і прыдумваць сцэнарыі да іх (дапушчальны ўдзел відэаматэрыялаў, знятых на мабільны тэлефон), рабіць фотаздымкі, маляваць і ствараць інтэрнэт-плакаты ў абарону сям’і і жыцця.

На працягу ўсяго года члены аргкамітэта займаюцца таксама асветніцкай дзейнасцю. Сіламі валанцёраў у бягучым годзе быў складзены дапаможнік для настаўнікаў па духоўна-маральным выхаванні моладзі. У ім падрабязна апісаны ход інтэрактыўных семінараў са старшакласнікамі і студэнтамі па васьмі тэматычных напрамках фестывалю, а таксама дадзены тлумачэнні і рэкамендацыі да іх.

Цырымонія ўзнагароджання фестывалю будзе праходзіць у сценах культурна-дзелавога цэнтра “Дом Масквы” ў Мінску. Там пераможцам уручаць каштоўныя прызы і падарункі. Асабліва гэта прыемна самым маленькім удзельнікам.

Алена ЕСІНА,
каардынатар фестывалю.