Дасягнутыя 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна дамоўленасці наконт нафты і газу поўнасцю выконваюцца. Аб гэтым заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.
“Дамоўленасці абсалютна выконваюцца”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
Ён нагадаў, што прэзідэнты далі ўрадам строга дзесяцідзённы тэрмін для поўнага ўрэгулявання сітуацыі ў нафтагазавай сферы. 13 красавіка бакамі былі падпісаны ўсе неабходныя дакументы. Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, усяго было падпісана 7 дакументаў: тры міжурадавыя пагадненні, кантракты з “Газпрамам” і інш.
“Што гэтыя дакументы далі? Па-першае, мы аднавілі аб’ём паставак нафты — 24 млн т у год. Па нафце адносіны адрэгуляваны да 2024 года ўключна. З нас знята нявыгаднае для нас абавязацельства пастаўляць у Расію 1 млн т высокаактанавага паліва. Усе пастаўкі нафты будуць ісці толькі трубаправодам. Гэта выгадна, паколькі чыгуначныя пастаўкі нерэнтабельныя”, — сказаў Уладзімір Сямашка.
Наконт газу ўзаемаадносіны адрэгулявалі да 2019 года ўключна, дадаў віцэ-прэм’ер.