Аб важных пытаннях аказання карэкцыйнай дапамогі, арганізацыі вучэбнага працэсу і стварэння адпаведнага асяроддзя для дзяцей з аўтызмам ішла размова на чарговым пасяджэнні Савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, якое адбылося на базе Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна.
Тэма круглага стала — “Дзіця з аўтызмам. Шляхі дапамогі”. Удзельнікаў віталі начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Змушко і начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін.
У цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна назапашаны вялікі вопыт работы з дзецьмі-аўтыстамі. Тут на працягу апошніх дзесяці гадоў яны праходзяць рэабілітацыю. У цэнтры створаны рэсурсны цэнтр па аказанні дапамогі такім дзецям.
— Вядучым кірункам дзейнасці рэсурснага цэнтра стала аказанне кансультацыйнай дапамогі бацькам і педагогам устаноў адукацыі, якія вядуць навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — расказала загадчык ЦКРНіР Гродна Ірына Куроўская. — Сёння ў Гродне вылучаны апорныя ўстановы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх адкрыты групы і класы інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з аўтызмам, і вельмі важна стварыць адпаведнае адукацыйнае асяроддзе для такіх дзетак.
Прадставілі вопыт сваёй работы па арганізацыі адукацыйнага працэсу, аказанні карэкцыйнай дапамогі дзецям з аўтызмам і прадстаўнікі з усіх абласцей краіны. Сярод існуючых праблем называлася якасць дыягнастычнай дзейнасці і ўзровень дыферэнцыяльнай дыягностыкі дзяцей з аўтызмам. Тут патрабуецца цеснае ўзаемадзеянне органаў адукацыі і органаў аховы здароўя. Часам узнікаюць пытанні па напаўняльнасці спецыяльнага класа для дзяцей з аўтызмам, адзначалася, што псіхолагі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі не заўсёды маюць адпаведную падрыхтоўку па рабоце з дзецьмі гэтай катэгорыі.
Удзельнікі савета дырэктараў азнаёміліся з дзейнасцю ўстаноў Гродна і ўмовамі аказання дапамогі дзецям з аўтызмам. Як паведаміла старшыня Савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь дырэктар Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Алена Вараб’ёва, па выніках круглага стала выпрацаваны прапановы па паляпшэнні работы з гэтай групай дзяцей. Асаблівай увагі патрабуе падрыхтоўка кадраў, мэтазгодным бачыцца выдзяленне ў складзе ЦКРНіР асобнага падраздзялення па рабоце з дзецьмі з аўтызмам.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.