Дапамагаць лепей справамі, чым словам

- 10:38Сацыяльны ракурс

14 чэрвеня намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, міністр аховы здароўя Валерый Малашка, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марыяна Шчоткіна прынялі ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным Сусветнаму дню донара крыві.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прадстаўнікі дзяржаўных структур наведалі спецыяльна абсталяваную залу, дзе са словамі “Лепей справай, чым словам” жадаючыя прайшлі працэдуру бязвыплатнай данацыі крыві.

— Сістэма аховы здароўя зацікаўлена ў тым, каб прэпараты крыві былі ў наяўнасці заўсёды, усюды і ў патрэбным аб’ёме. Прыхільнасць да такой высакароднай справы, як донарства крыві, трэба выхоўваць у кожнага грамадзяніна краіны з юных гадоў, — адзначыў міністр аховы здароўя Валерый Малашка. — Дзякуючы правядзенню акцый, папулярнасць бязвыплатнага донарства крыві ў грамадстве ўзрастае. А ўдзел у іх кіраўнікоў ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый, публічных асоб пераконвае грамадзян у тым, што донарства не толькі важнае для краіны, для аховы здароўя, для кожнага чалавека і грамадства ў цэлым, але і абсалютна бяспечнае.

Адзначым, што ў гэтым навучальным годзе бязвыплатнымі донарамі крыві сталі больш за 4 тысячы студэнтаў устаноў адукацыі нашай краіны. Гэта сведчыць аб тым, што ў беларускай моладзі правільныя каштоўнасці, сярод якіх у тым ліку і здольнасць адгукнуцца на чужы боль. За актыўны ўдзел у развіцці бязвыплатнага добраахвотнага донарства сярод моладзі былі асабліва адзначаны Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

У 2016/2017 навучальным годзе пад эгідай Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя ва ўстановах вышэйшай адукацыі праводзіўся Рэспубліканскі прафілактычны праект “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!”.

Дыпломам за значны ўклад у рэалізацыю гэтага праекта былі ўзнагароджаны: БДУІР, БДПУ імя Максіма Танка, Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі, Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО”, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання.

На мерапрыемстве таксама былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу на лепшы лагатып і лепшы слоган бязвыплатнага донарства сярод моладзі, які прайшоў вясной 2017 года. Творчае спаборніцтва атрымала жывы водгук сярод студэнтаў. У выніку пераможцамі сталі: у намінацыі “Лепшы лагатып” — студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Настасся Бараноўская, у намінацыі “Лепшы слоган” — студэнт Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Дзмітрый Гомза, які прыдумаў слоган “Падары кроў — выратуй чыйсьці Свет”.

Дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка нагадаў прысутным, што ў Беларусі стаць донарамі могуць абсалютна здаровыя людзі ва ўзросце ад 18 гадоў (жанчыны — да 55 гадоў, мужчыны — да 60). Існуе навукова даказаны факт, што для здаровага чалавека рэгулярнае донарства крыві карысна: яно стымулюе кроваўтварэнне і, адпаведна, самаабнаўленне арганізма.

— Штогод мы назіраем рост колькасці бясплатных донараў. У Беларусі за пяць месяцаў гэтага года 25% данацый крыві, гэта значыць кожная чацвёртая была бязвыплатная, — паведаміў Фёдар Карпенка, адзначыўшы, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае ўсе краіны цалкам перайсці на добраахвотнае бязвыплатнае донарства да 2020 года.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.