Дапамагаць людзям

- 14:46Якасць адукацыі

Аляксей Севярын займаецца навукай амаль 20 гадоў: гэта не толькі яго любімая справа, але і сэнс жыцця. У навуцы Аляксей Севярын знайшоў сябе, а навука ў яго асобе — натхнёнага прафесіянала і нястомнага шукальніка новага. У 2017 годзе вучоны стаў пераможцам штогадовага конкурсу Вышэйшай атэстацыйнай камісіі на лепшую кандыдацкую дысертацыю ў намінацыі “Гуманітарныя навукі”.

— Сучасны навуковец павінен быць захопленым, эрудзіраваным, мэтанакіраваным і валявым чалавекам, які адчувае радасць і атрымлівае задавальненне ад сваёй захопленасці. Для дасягнення прафесійнага поспеху неабходна пастаянна вучыцца і працаваць, найперш над сабой, — лічыць дацэнт кафедры псіхалогіі псіхолага-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна кандыдат псіхалагічных навук Аляксей Віктаравіч Севярын.

Такі падыход да працы аказаўся надзвычай плённым для навукоўца, на рахунку якога больш за 300 публікацый і 25 уласных ці напісаных у суаўтарстве вучэбна- і навукова-метадычных дапаможнікаў і вучэбна-метадычных комплексаў: “Псіхалогія здароўя і здаровы лад жыцця”, “Камп’ютарная залежнасць: тэарэтычныя і прыкладныя аспекты”, “Інжынерная псіхалогія і псіхалогія працы”, “Сенсаматорная гімнастыка” і інш. Аляксей Севярын прызнаецца, што прафесійная дзейнасць — гэта не толькі самарэалізацыя, але і выдатная магчымасць вучыць моладзь і вучыцца ў яе, садзейнічаць маральнаму, асобаснаму і творчаму станаўленню студэнтаў. Ён выбраў псіхалогію, каб дапамагаць людзям.

Падчас навучання ў аспірантуры БДПУ імя Максіма Танка навуковец пад кіраўніцтвам доктара псіхалагічных навук Георгія Васільевіча Лосіка даследаваў перцэпцыйныя дзеянні падлеткаў пры ўспрыманні прадметаў варыятыўнай формы.

— Праблема ўспрымання прадметаў варыятыўнай формы — адно з актуальных пытанняў агульнай псіхалогіі, якому ўдзяляецца адносна мала ўвагі, — расказвае Аляксей Севярын. — Напэўна, з-за ўяўнай нязначнасці, скажам, у параўнанні з пытаннямі, прысвечанымі асобе ці фарміраванню аптымальнага псіхалагічнага клімату. Тым не менш вывучэнне гэтай праблемы адкрывае новыя перспектывы ў падрыхтоўцы падлеткаў да такіх відаў прафесійнай дзейнасці, дзе трэба мець справу з аб’ектамі варыятыўнай формы (урач, цырульнік, спартсмен, швачка, кухар).

У рамках даследавання, якое доўжылася 10 гадоў і ахапіла каля 1,7 тысячы падлеткаў з розным узроўнем сфарміраванасці перцэпцыйных дзеянняў, была распрацавана і апрабавана аўтарская методыка аднаўлення дэфармаваных кампанентаў успрымання прадметаў варыятыўнай формы ў падлеткаў-геймераў з парушэннем маторыкі рук, дзякуючы чаму ў такіх падлеткаў павысіўся ўзровень факальнай увагі і знізіўся ўзровень гульнявой залежнасці. Акрамя таго, ажыццёўлена спроба карэкцыі перцэпцыйных дзеянняў падлеткаў са слабым зрокам з дапамогай прыбора, які дазваляе павялічваць памеры прадметаў, ацэньваць ступень змены іх формы рухамі рукі. Было ўстаноўлена, што ў працэсе перцэпцыйнага навучання з дапамогай праграмы “Сенсаматорная гімнастыка” і псіхафізіялагічнай методыкі актывізацыі зрокавага і тактыльнага аналізатараў адбываецца карэкцыя перцэпцыйных дзеянняў падлеткаў. Матэрыялы даследавання выкарыстоўваліся пры рэалізацыі міжнароднага аўтарскага праекта “Паляпшэнне стану здароўя падлеткаў, якія наведваюць камп’ютарныя клубы” і апрабацыі валанцёрскага праекта “Рука дапамогі” БрДУ імя А.С.Пушкіна, а таксама былі ўкаранёны ў адукацыйны працэс некалькіх школ вобласці. Па выніках дысертацыйнага даследавання падрыхтавана манаграфія.

Па словах Аляксея Севярына, назапашаныя матэрыялы мэтазгодна выкарыстоўваць у дыягностыка-кансультацыйнай рабоце з вучнямі для маніторынгу сфарміраванасці ў іх перцэпцыйных дзеянняў вока і рукі, выяўлення іх дэфармацый пры ўспрыманні і ацэнцы розных прадметаў варыятыўнай формы, а таксама для карэкцыі выяўленых парушэнняў. Акрамя таго, гэтыя матэрыялы будуць карыснымі для педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі пры правядзенні прафадбору, прафкансультавання і навучання прафесіям, якія патрабуюць развіцця перцэпцыйных дзеянняў (кандытар, аператар ЭВМ, рэзчык па дрэве і інш.), распрацоўцы трэнінгаў і карэкцыйных праграм, методыкі перцэпцыйнага навучання дзяцей са слабым зрокам успрыманню прадметаў варыятыўнай формы і г.д.

Кола навуковых інтарэсаў Аляксея Севярына не абмяжоўваецца толькі праблемай успрымання прадметаў варыятыўнай формы. Ён з’яўляецца навуковым кіраўніком студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Псіхалогія працы і здароўя асобы”, якая займаецца вывучэннем пытанняў, звязаных з прафесійным выбарам моладзі і здароўезберажэннем. У планах — падрыхтоўка дапаможнікаў для практычнай работы педагогаў і бацькоў, удзел у навукова-даследчых праектах па вывучэнні перцэпцыйных дзеянняў людзей са слабым зрокам і асаблівасцей успрымання чалавека ў віртуальнай прасторы інтэрнэту і відэагульняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.