Сябар дзяцей, іх дарадчык і саюзнік, памочнік у раскрыцці дзіцячага патэнцыялу, усебакова развітая і адукаваная асоба… Высокая планка, але настаўніца хіміі сярэдняй школы № 7 Кобрына Наталля Дзмітрыеўна Усатава трымае яе на працягу многіх гадоў.
У сёмай школе Кобрына Наталля Дзмітрыеўна працуе з 1998 года. У свой час скончыла Расійскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.І.Герцэна. Наталля Дзмітрыеўна з кагорты тых, хто ўвесь час працуе над сабой, павышаючы свой прафесійны ўзровень. Яна мае добрую тэарэтычную і метадычную падрыхтоўку. Выкладаць хімію без гэтага немагчыма.
Як заўважыў дырэктар навучальнай установы Андрэй Аляксеевіч Воран, Наталля Дзмітрыеўна — настаўніца, якая добра ведае тэорыю свайго прадмета і ўмее перадаваць веды дзецям. Адметнасцю яе педагагічнай дзейнасці з’яўляецца штодзённы даследчы пошук.
На сваіх уроках Наталля Дзмітрыеўна шырока выкарыстоўвае сучасныя методыкі выкладання, інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі, накіраваныя на актывізацыю пазнавальнай, творчай і даследчай дзейнасці навучэнцаў, фарміраванне сучасных кампетэнцый.
“Яе ўрокі адрозніваюцца навукова абгрунтаваным падыходам да вывучаемых пытанняў, выкананнем мэт, пастаўленых на ўроку, правільнай арганізацыяй самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў.
Наталля Дзмітрыеўна мэтанакіравана працуе над фарміраваннем у вучняў глыбокіх ведаў, уменняў і навыкаў згодна з патрабаваннямі вучэбнай праграмы і адукацыйнага стандарту па вучэбным прадмеце “Хімія”.
Настаўніца валодае глыбокімі ведамі ў галіне педагогікі і ўзроставай псіхалогіі школьнікаў, таму на яе ўроках пануе атмасфера ўзаемаразумення і ўзаемапавагі паміж настаўнікам і вучнямі”, — адзначыў дырэктар.
Вялікую ўвагу Наталля Усатава ўдзяляе рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі. Яна ўмее натхняць, выклікаць цікавасць і весці за сабой, а ўсё таму, што сама цікавіцца многім, штодзень праяўляючы пазнавальныя патрэбы.
Эфектыўнасць сістэмы работы Наталлі Дзмітрыеўны штогод пацвярджаецца высокімі вынікамі яе вучняў у рознаўзроўневых алімпіядах і конкурсах па хіміі. Толькі ў гэтым годзе двое яе вучняў, Георгій Белавусаў і Ігар Брандэс, сталі пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. У Георгія — дыплом ІІІ ступені, а ў Ігара — І ступені.
Наталля Дзмітрыеўна прымае актыўны ўдзел у рабоце раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі, у грамадскім жыцці школы. Як адзначаюць калегі Н.Д.Усатавай, для яе характэрны высокая метадычная эрудыцыя, педагагічная культура, творчы пошук, прынцыповасць. Настаўніца валодае педагагічным тактам. Яна адказны і спагадлівы чалавек, які заўсёды стараецца прыйсці на дапамогу.
Вынікі яе плённай працы не застаюцца незаўважанымі. Наталля Дзмітрыеўна была ўзнагароджана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дыпломам ІІ ступені лаўрэата прэміі Брэсцкага аблвыканкама, дыпломам Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта. Мае ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама і Кобрынскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Узаемаадносіны Наталлі Дзмітрыеўны з вучнямі і іх бацькамі пабудаваны на ўзаемаразуменні, павазе і высокім прафесіяналізме. Настаўніца імкнецца да пастаяннага творчага пошуку, пашырэння асабістага метадычнага далягляду. Гэта неабходна, каб заставацца цікавай для дзяцей і адчуваць сябе запатрабаванай у рэаліях часу.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.