Дарогай дабра

- 9:49Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

У галоўным упраўленні па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама новы начальнік — Наталля Анатольеўна Каліноўская. 

Нягледзячы на тое, што яна нарадзілася на Міншчыне, амаль уся яе прафесійная дзейнасць звязана з Брэстчынай. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры працавала ў сярэдняй школе № 8 Кобрына, затым — намеснікам дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце гімназіі № 2 Брэста, дырэктарам Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і гімназіі № 20 Мінска.

Прыход у педагогіку для Наталлі Анатольеўны заканамерны. З дзяцінства ўзорная вучаніца захаплялася сваімі настаўнікамі: іх працавітасцю, эрудыцыяй, харызмай. 

— У кожным знаходзіла штосьці адметнае, ад кожнага брала самае лепшае, — прызнаецца Н.А.Каліноўская. — Ужо ў школе ведала, што буду педагогам, у якога на ўроках цікава, лёгка і камфортна дзецям. Вельмі важна, каб на занятках панавала сяброўская, душэўная атмасфера.

Наталля Анатольеўна да сённяшняга часу падтрымлівае глыбокую душэўную сувязь з былым класным кіраўніком Людмілай Леані­даўнай Каладзінскай, у якой вучылася лепшым чалавечым якасцям і з якой абмяркоўвае многія жыццёвыя пытанні. Благаслаўляючы на дырэктарскую пасаду, любімы педагог сказала: “Гэта няпросты хлеб, але ў цябе ўсё атрымаецца. Ты — гаспадыня, патрабавальная да сябе і людзей. Будзеш добрай мамай не толькі для сваіх, але і для чужых дзяцей, бо зможаш іх адчуць і зразумець. І яны абавязкова адкажуць узаемнасцю”.  

— Ніколі не забуду першы дзень работы ў школе, дзе мяне сустрэлі букеты кветак і шчаслівыя вочы выхаванцаў, — гаворыць Н.А.Каліноўская. — Ужо тады зразумела, што не сустрэну ў іншай прафесіі столькі шчырасці і любові, колькі ў педагогіцы. Дзякуючы ёй, можна дарыць святло і ра­дасць, нягледзячы на цяжкасці. Вялікая аддача ўсё кампенсуе.

Калі аднойчы свякроў спытала яе мужа, з якім яна суст­рэлася на першым курсе ўніверсітэта, ці не варта ёй знайсці іншую работу, той адказаў: “Наталля будзе хадзіць на сваю работу нават без заробку”.    

На кіраўніцкіх пасадах у Н.А.Каліноўскай раскрыліся не толькі лепшыя чалавечыя якасці, але і арганізатарскія таленты. Працуючы дырэктарам ­Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, Наталля Анатольеўна запусціла некалькі міжнародных праектаў, нала­дзіўшы супрацоўніцтва з установамі адукацыі Санкт-Пецярбурга. 

Наталля Каліноўская заўсёды прытрымліваецца жыццёвага прынцыпу: “Ідзі дарогай дабра, і дабро да цябе вернецца”.

— Некаторыя калегі лі­чаць, што ўкладваць у дзяцей душу бессэнсоўна, бо яны ўсё роўна не ацэняць. Але гэта не так. Калі ідзеш дарогай дабра, дзеці адказваюць узаемнасцю, як і гаварыла мая настаўніца. Атрыманая энергетыка дазваляе вытрымаць усе прафесійныя цяжкасці. Неверагоднае шчасце — адчуваць зваротную сувязь, бачыць, што цябе чуюць і дзякуючы табе ўдасканальваюцца. Са многімі вучнямі мы застаёмся сябрамі. Нават самыя першыя выхаванцы знаходзяць мяне ў інтэрнэце і дасылаюць цёплыя пісьмы. А некаторыя вучні таксама сталі настаўнікамі. Прыемна думаць, што, магчыма, і я стала для кагосьці прыкладам, — адзначае Наталля Анатольеўна. 

Па натуры яна творчая асоба. У дзіцячыя гады скончыла музычную школу па класе акардэона. Пра дзіцячае захапленне не забывае і сёння. Да адной з сустрэч з выпускнікамі Наталля Анатольеўна спецыяльна сачыніла песню, якую з радасцю выканала.  

Н.А.Каліноўская аднаўляе сілы тым жа, ад чаго стамляецца, і прытрымліваецца жыццёвага прынцыпу: “Ідзі дарогай дабра, і дабро да цябе вернецца”. А пераадольваць нягоды лёсу непапраўнай аптымістцы дапамагае бабуліна мудрасць: “Што ні робіцца — усё да лепшага. Часам жыццё распараджаецца нават лепш, на што сам разлічваеш”.

Можа, таму і пагадзілася Наталля Анатольеўна на чарговую адказную пасаду, якая дазволіць рэалізаваць сябе ў новай ролі і прынесці ка­рысць іншым. Сярод прыярытэтаў — забеспячэнне высокай якасцi адукацыi праз выкананне абноўленага Кодэкса аб адукацыi, умацаванне матэрыяльна-тэхнiчнай базы ўстаноў адукацыi, арганiзацыя бяспечных умоў навучання i якаснага харчавання, падбор высокакваліфікаваных педагагiчных i кiраўнiцкiх кадраў, павышэнне прэстыжу настаўнiцкай працы.

Справіцца з пастаўленымі задачамі начальнік разлічвае з дапамогай падначаленых, у якіх цэніць адказнасць, кампетэнтнасць, пунктуальнасць, сумленнасць, чалавечнасць і добразычлiвасць. Усе, хто калі-небудзь працаваў пад кіраўніцтвам Н.А.Каліноўскай, ведаюць, што яна заўсёды дабіваецца пастаўленых мэт, уласным прыкладам дэманструючы адданасць любімай справе і прафесіяналізм, чаго патрабуе і ад іншых. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.