Дарогу адолее той, хто ідзе

- 10:10Адукацыйная прастора

На Віцебшчыне ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прыняў удзел 1021 навучэнец. Найбольш удзельнікаў сабралі матэматыка, біялогія і геаграфія — адпаведна 107, 80 і 78 чалавек.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў падзякавалі ўдзельнікам і павіншавалі пераможцаў трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах і іх настаўнікаў.

Пляцоўкамі правядзення спаборніцтваў у абласным цэнтры, Оршы і Полацку сталі гімназія № 2 Віцебска (іспанская, кітайская, англійская, нямецкая і французская мовы), Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці (фізіка, астраномія), Віцебскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 5 прыборабудавання (біялогія), Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання (руская мова і літаратура), Аршанскі дзяржаўны політэхнічны прафесійна-тэхнічны каледж (беларуская мова і літаратура), Віцебскае кадэцкае вучылішча (грамадазнаўства, гісторыя, фізічная культура і здароўе), Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж (геаграфія), Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (інфарматыка), сярэдняя школа № 27 Віцебска (хімія), сярэдняя школа № 6 Віцебска (працоўнае навучанне) і філіял БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж” (матэматыка).

Лепшыя вынікі на трэцім этапе алімпіяды прадэманстравалі каманды Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў Віцебска, Наваполацка, Полацкага, Аршанскага, Расонскага раёнаў. Па колькасці атрыманых навучэнцамі дыпломаў у тройку лідараў сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўвайшлі гімназія № 2 Віцебска (51), гімназія № 8 Віцебска (50) і гімназія № 1 Віцебска (43).

— У нас 51 пераможца: 16 дыпломаў I катэгорыі, 18 — II катэгорыі і 17 — III катэгорыі па 13 прадметах з 19, — адзначыў дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў. — Абараняць гонар Віцебскай вобласці на заключным этапе алімпіяды будуць 37 нашых гімназістаў. Жадаем навучэнцам і іх настаўнікам здароўя, цярпення, упэўненасці ў сабе і новых перамог: дарогу адолее той, хто ідзе!

Практычна на роўных па большасці прадметаў з навучэнцамі школ і гімназій Віцебска, буйных гарадоў рэгіёна спаборнічалі прадстаўнікі сельскіх раёнаў. Тут лідарства па колькасці атрыманых дыпломаў належыць Расонскай сярэдняй школе імя П.М.Машэрава і Ушацкай сярэдняй школе. У ліку педагогаў, якія падрыхтавалі найбольшую колькасць пераможцаў, — Вераніка Паўлаўна Лакціна (24 пераможцы па інфарматыцы), Галіна Віктараўна Крыванос (10 пераможцаў па матэматыцы, трэнер Міхаіл Мікалаевіч Волкаў), Святлана Георгіеўна Матросава (9 пераможцаў па матэматыцы), Наталля Грэнвільдаўна Даброцкая (7 пераможцаў па матэматыцы, трэнер Міхаіл Мікалаевіч Волкаў).

— Першы дзень алімпіяды выдаўся больш спакойны, — падзялілася ўражаннямі Вераніка Лакціна. —  Прыемна, што двое маіх вучняў — Дар’я Гнядзько з гімназіі № 8 і Канстанцін Смірноў з гімназіі № 1 імя Ж.І.Алфёрава — набралі максімальна магчымую колькасць балаў. Дарэчы, даволі многа ўдзельнікаў па выніках гэтага дня мелі высокую, але роўную колькасц­ь балаў. Дзеці нават крыху захваляваліся: калі так пойдзе далей, як потым вызначацца пераможцы? А другі дзень быў супярэчлівы і поўны сюрпрызаў. Хто крыху слабейшы з удзельнікаў, тыя ўзрадаваліся, а хто мацнейшы — наадварот, разнерваваліся. Бо дзве задачы былі адносна лёгкія, іх амаль усе рашылі, і дзве — складаныя, з імі бездакорна ўвогуле ніхто не справіўся. Зразумела, хтосьці перажываў: “Як можна было поўнасцю задачу не рашыць, дзе я недапрацаваў пры падрыхтоўцы?”, хтосьці — наадварот: “Ох, у нас усё добра, цэлыя дзве задачы пайшлі!” Калі ўсе балы склаліся разам, то высветлілася: рэйтынг нармальны, поўнасцю справядлівы. Між тым, пакуль журы падводзіла вынікі, ад бацькоў навучэнцаў прыйшла спасылка: ідзе ўзнагароджанне пераможцаў XVII Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, тэрмінова глядзіце, нашы там таксама ёсць! Парадавацца сапраўды было чаму: 6 маіх вучняў удзельнічала і 6 медалёў атрымана, у тым ліку 5 сярэбраных! Таму мы спачатку павіншавалі сваіх пераможцаў-міжнароднікаў, а потым амаль адразу — пераможцаў трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. З пункта погляду арганізацыі ўсё было вельмі добра, вялікі дзякуй гасціннаму Полацку.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і Веранікі ЛАКЦІНОЙ.