Дарыць радасць і добры настрой

- 9:00Людзі адукацыі

Наталлю Станіславаўну Татарчанка, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 14 Ліды, мы, калегі, ведаем як кампетэнтнага адміністратара, які ўмее знайсці падыход да людзей, рознабаковага педагога, а таксама як чалавека, для каго творчасць з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця.

Чарговы раз пераканаліся ў гэтым, наведаўшы персанальную выставу яе работ “І рукі мамы залатыя для нас шэдэўры ствараюць…”. Наталля Станіславаўна прадаставіла на выставу 15 карцін, умела вышытых крыжыкам. Сыны Ягор і Сцяпан, сямейная пара (Наталля Станіславаўна з мужам), кветкі, аб’ёмныя фігуркі дзяцей… Кожны шывок, як прынята казаць, на сваім месцы. Удала падабрана колеравая гама, прадуманы кампазіцыя малюнка і эстэтычнае афармленне работ. Гэта першы раз у біяграфіі Наталлі Станіславаўны, калі  яна пакінула на суд гледача свае работы. Паглядзець іх змаглі навучэнцы школы і іх бацькі, калегі, сябры. Усе захапляліся творчай задумай аўтара, абмяркоўвалі тэхнічныя нюансы, фатаграфавалі работы на памяць. Атмасфера панавала цёплая, утульная і такая ж яркая, як творы аўтара.

Любоў да вышывання Наталлі Станіславаўне прывіла бабуля, якая была ўмелай рукадзельніцай. Таксама педагог паведаміла, што жаданне вышыць што-небудзь добрае з’явілася ў яе каля 10 гадоў назад. І зараз гэта стала адным з самых любімых захапленняў.

Нагодай для стварэння першай работы стала імкненне абнавіць кухню, зрабіць яе больш утульнай. Вырашыла, што для гэтага неабходна размясціць на сценах некалькі невялікіх карцін у прыгожых рамках. Вельмі хацелася, каб карціны былі незвычайныя. Адразу ж з’явілася ідэя: “А што, калі гэта будуць работы, вышытыя крыжыкам?”. Вырашыла паспрабаваць.

Першая работа (нацюрморт) была невялікага памеру — вельмі хацелася хутчэй убачыць вынік. Потым,  успамінае Наталля Станіславаўна, у дзіцячым садзе, які наведваў яе малодшы сын Сцяпан, была арганізавана выстава работ бацькоў дзяцей. Наталля Станіславаўна таксама прадаставіла некалькі сваіх карцін з выявамі жывёл, птушак. Да гэтага часу ў калекцыі налічвалася каля 20 работ. Пазней з’явіліся аб’ёмныя карціны з выявамі фігурак дзяцей, якія зрабілі ўтульнай уласную кватэру. У кожным пакоі размясціліся работы рознай тэматыкі. А яшчэ стала добрай традыцыяй дарыць свае карціны блізкім людзям да знамянальных дат.

Вышыванне ўсё больш захапляла і прываблівала. Наталля Станіславаўна расказала, што пазней яна вырашыла вышыць фатаграфію. У дапамогу прыйшоў інтэрнэт, дзе яна знайшла тлумачэнні аб ходзе выканання работ у гэтым стылі. Першы вопыт быў няўдалы: выява аказалася скажоная, бо ніткі, на жаль, былі не вельмі якасныя. Але адступаць не хацелася. Наадварот, з’явілася жаданне даказаць самой сабе, што яна зможа навучыцца гэтаму віду вышывання. І праз паўгода вынік апраўдаў чаканні. Пазней з’явілася шмат работ,  вышытых па фатаграфіях.

Наталля Станіславаўна заўсёды знаходзіць час для свайго захаплення, пастаянна ўдасканальвае тэхніку вышывання, не спыняючыся на дасягнутым. Кожная работа заслугоўвае ўвагі. Усім, хто глядзеў на іх, а асаб-ліва на работы фатаграфічнага плана, хацелася памацаць іх рукамі, каб пераканацца, што гэта не малюнак, а вышыўка, выкананая крыжыкам. Потым захацелася вышыць фатаграфіі сыноў. Гэта, прызнаецца Наталля Станіславаўна, яе любімыя работы.

Яна ўдзячна сваёй сям’і, якая падтрымлівае яе захапленне. Калі справа тычыцца афармлення работ, то муж купляе рамкі, прытым у такім стылі, каб яны адпавядалі тэматыцы карцін. Цяпер Наталля Станіславаўна да юбілеяў і свят родных імкнецца вышываць карціны хоць і невялікага памеру, але разнапланавыя, з іскрынкай. Яна прызнаецца, што ёй вельмі прыемна, калі, прыйшоўшы ў госці да сваіх блізкіх, заўважае сваю карціну на бачным месцы ў доме. Зараз у яе калекцыі налічваецца больш за 30 работ.

Выстава карцін Наталлі Станіславаўны мае вялікае практычнае і выхаваўчае значэнне для навучэнцаў школы, асабліва для дзяўчынак-шасцікласніц, бо на ўроках абслуговай працы ў чацвёртай чвэрці вывучаецца тэма “Рукадзелле”. Усе дзеці не проста захапляліся ўбачаным, але таксама звярталі ўвагу, наколькі можа быць разнастайнай тэматыка работ, задавалі пытанні Наталлі Станіславаўне пра тое, што лепш браць за аснову першай вышыўкі, як правільна афармляць работы. Класныя кіраўнікі навучэнцаў І ступені адукацыі таксама азнаёмілі сваіх выхаванцаў з выставай. Здавалася б, што сучасных дзяцей, захопленых гаджэтамі, вельмі складана зацікавіць вышываннем. Але варта было ім толькі з’явіцца на выставе, як дзясяткі вачэй заблішчалі. Кожнае дзіця з цікавасцю разглядвала работы. Шмат хто казаў, што ім таксама хацелася б паспрабаваць сябе ў творчасці і вышыць работу для сваёй мамы. А яшчэ навучэнцы даведаліся, што Наталля Станіславаўна не проста патрабавальны намеснік дырэктара і педагог, але творчы і таленавіты чалавек. У гутарцы з імі яна сказала: “У кожным з вас ёсць тое, чаго няма ў іншых. Кожны можа рабіць тое, што не можа іншы чалавек. Шукайце гэта ў сабе, знаходзьце і развівайце! Не марнуйце час. Знайдзіце сабе занятак па душы — і ў вашым жыцці ніколі не бу-дзе будняў!”

Усе, хто пабываў на выставе, шчыра жадалі аўтару работ не спыняцца на дасягнутым і працягваць дарыць людзям радасць і добры настрой.

Ганна ЛАЗОЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 14 Ліды.