Даследчая дзейнасць як стыль жыцця

- 15:23Адукацыйная прастора, Рознае

Як рэалізаваць даследчы падыход у навучанні? Якія ўменні і навыкі неабходны маленькаму даследчыку? Як іх сфарміраваць у пачатковай школе? Якія патрабаванні прад’яўляюцца да арганізацыі навучання? На гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі адказаць удзельнікі гарадской канферэнцыі “Рэалізацыя даследчага падыходу да арганізацыі адукацыйнага працэсу на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, арганізаванай Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Вопытам работы па фарміраванні даследчых уменняў і навыкаў падзяліліся педагогі сярэдняй школы № 159 Мінска, на базе якой і адбылося мерапрыемства.

Дырэктар сярэдняй школы № 159 Іна Уладзіміраўна Богдан расказала прысутным аб асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу. Школа размяшчаецца ў двух будынках, сёлета ў ёй вучацца 46 класаў-камплектаў — 1178 навучэнцаў. Ва ўстанове працуюць 133 настаўнікі (амаль 100 педагогаў з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй). У 2015 годзе педагагічны калектыў папоўніўся 8 маладымі спецыялістамі.

Школа мае слаўныя традыцыі ў алімпіядным руху: у 2001 годзе тут было 34 пераможцы рэспубліканскай алімпіяды! І хаця сёння паказчыкі ніжэйшыя (апошнія гады 10—14 вучняў перамагаюць на спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню), педагогі імкнуцца адрадзіць былыя дасягненні. Тут разумеюць, што кожнае дзіця адоранае, гэта індывідуальнасць, якая патрабуе асаблівага падыходу. Асноўная задача настаўнікаў установы — дапамагчы вучню знайсці той напрамак, у якім ён можа быць паспяховым, і стварыць умовы для аптымальнага раскрыцця яго здольнасцей. Пры гэтым адміністрацыя імкнецца заахвочваць і стымуляваць кожны крок настаўніка. “Калі не ствараць умовы педагогам, то ніколі не атрымаем і поспехаў ад нашых навучэнцаў, — заўважае дырэктар. — Часам можна бачыць таленавітых настаўнікаў, якія могуць даваць добрыя вынікі, але паколькі няма падтрымкі ад адміністрацыі, то яны гавораць: “Навошта выкладвацца?” У нашай школе калектыўны дагавор распрацаваны такім чынам, што кожны настаўнік ведае: калі ён папрацуе і прынясе вынік для школы, раёна, горада, краіны, то гэта будзе заўважана і адзначана”.
У арганізацыі адукацыйнага працэсу навучальная ўстанова мае некаторыя спецыфічныя рысы. Кожны год па матэматыцы, рускай мове, гісторыі ў пэўных класах (на выбар кіраўніка ўстановы) практыкуюцца “дырэктарскія ўрокі”. Так, напрыклад, старшакласнікам прапаноўваецца для напісання сказ, які складаецца з 25 слоў-выключэнняў, або даецца шэраг пытанняў па гісторыі, на якія трэба адказаць за 10 хвілін. Асабліва хвалююцца дзевяцікласнікі, бо на падставе вынікаў “дырэктарскіх урокаў” у іх ёсць права выбраць профіль навучання — фізіка-матэматычны ці філалагічны.

Рашэннем папячыцельскага і педагагічнага саветаў школы з наступнага навучальнага года ва ўстанове будзе выдзелена асобнае памяшканне, дзе падчас урокаў будуць захоўвацца мабільныя прыстасаванні: тэлефоны, планшэты і інш. Гэта будзе зроблена для таго, каб вучні не развучваліся ўзаемадзейнічаць паміж сабой. Якія вынікі прынясе гэтае новаўвядзенне, пакажа час.

Вызначальнай рысай адукацыйнага працэсу з’яўляецца арганізацыя вучэбна-даследчай і праектнай дзейнасці малодшых школьнікаў. На гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ “Пазнанне і творчасць” вучні заваявалі 5 дыпломаў І ступені, 2 — ІІ ступені і 1 — ІІІ ступені. Сярод уладальнікаў дыпломаў І ступені — Арцём Новікаў, Яўгенія Каваленка, Аляксандра Ільюшына, Амелія Корбут, Валерыя Лапіцкая. Паспяхова выступілі вучні і на міжнародных спаборніцтвах: на Міжнародным фестывалі праектных работ “Жаваронкі” ў Санкт-Пецярбургу (на рахунку дзяцей 6 дыпломаў І ступені і 1 дыплом ІІ ступені) і на Міжнародным конкурсе “Стварай! Удзельнічай! Перамагай!” у Маскве (8 дыпломаў І ступені і 3 дыпломы ІІ ступені).

У многім такім вынікам садзейнічае работа педагогаў з выкарыстаннем праблемнага навучання, мадэлі школьна-сямейнага выхавання “Арыенцір”, у межах структурных праектаў якой — “Здаровы лад жыцця”, “Эканамічная азбука”, “У гармоніі з прыродай і мастацтвам” і інш. — арганізоўваецца даследчая дзейнасць. Курыруе гэтую работу намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна Іванаўна Медлева.

Педагогі перакананы, што бацькі павінны быць іх лепшымі саюзнікамі. Калі няма зацікаўленасці ў бацькоў, яе ніколі не будзе ў дзяцей, і, перш чым займацца з дзіцем, настаўнікі пачынаюць праводзіць растлумачальную работу з бацькамі.

Работа малодшых школьнікаў пачынаецца з удзелу ў мерапрыемствах прадметных тыдняў (конкурсах, віктарынах), школьных алімпіядах, навукова-практычнай канферэнцыі. Так, на прадметным тыдні па матэматыцы дзеці абаранялі праекты “Матэматыка ў нашым жыцці” (4-я класы), “Што ты ведаеш аб ліках і лічбах?” (3-я класы). Удзел у такіх мерапрыемствах надае дзіцяці ўпэўненасці ў сваіх сілах, фарміруе ўменне трымацца на публіцы, выказваць свае думкі.

Фарміраванне даследчых уменняў і навыкаў адбываецца не толькі ў пазаўрочнай дзейнасці, але і на ўроках. Арганізацыя адукацыйнага працэсу накіравана на стварэнне ўмоў для фарміравання актыўнай і ініцыятыўнай пазіцыі саміх навучэнцаў, жадання самім здабываць веды, пазнаваць штосьці новае і дзяліцца ведамі з іншымі, для фарміравання агульнавучэбных (у тым ліку даследчых і рэфлексіўных) уменняў.

Арганізоўваючы даследчую дзейнасць, настаўнік становіцца не толькі носьбітам гатовых ведаў, але і арганізатарам пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў; дапамагае выстаўляць і абмяркоўваць гіпотэзы, прымаць рашэнні; заахвочвае ініцыятыву кожнага дзіцяці самастойна рухацца да мэты. Пры гэтым вылучаюцца чатыры блокі ўменняў, неабходных дзіцяці-даследчыку: арганізацыйныя ўменні (арганізацыя рабочага месца, уменне планаваць работу), уменні і веды даследчага характару (выбар тэмы даследавання, мэтавызначэнне, уменне будаваць структуру даследавання, падбор метадаў даследавання), уменне працаваць з інфармацыяй (структураваць яе, вылучаць галоўнае, упарадкоўваць), уменне прадстаўляць вынікі сваёй работы (ведаць формы прадстаўлення вынікаў, патрабаванні да даклада, да маўлення дакладчыка).

Як адзначыла метадыст аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Алена Уладзіміраўна Камяк, сярод асноўных патрабаванняў да зместу навучання можна вылучыць наступныя. Па-першае, у навучэнцаў павінна ўзнікнуць пачуццё незадаволенасці ўяўленнямі. Яны павінны прыйсці да адчування іх абмежаванасці, разыходжання з уяўленнямі, якія яны атрымалі. (Напрыклад, мы ведаем, што снег белы і халодны, але снег сагравае расліны.) Па-другое, новыя ўяўленні павінны быць такімі, каб навучэнцы дакладна разумелі іх змест (калі дзіцяці незразумелая тэма, то гэта будзе штучна выдуманае даследаванне). Па-трэцяе, новыя паняцці і ўяўленні павінны быць праўдзівымі ва ўспрыманні навучэнцаў; яны павінны ўспрымаць гэтыя ўяўленні як патэнцыяльна дапушчальныя, якія спалучаюцца з уяўленнямі, якія ў іх ужо ёсць. Навучэнцам неабходна звязаць новае паняцце з ужо вядомым. За словам дзіця павінна бачыць вобраз, з якім яно працуе. Па-чацвёртае, новыя ўяўленні павінны быць прадукцыйнымі, інакш гаворачы, каб навучэнцы адмовіліся ад больш звычных уяўленняў, патрэбны сур’ёзныя прычыны.

Усё гэта ўдзельнікі мерапрыемства маглі назіраць на практычнай частцы. Фрагмент урока матэматыкі ў 4 класе па тэме “Рашэнне задач на рух” правяла настаўніца пачатковых класаў Вольга Дзмітрыеўна Козел. На ім вучні ўспомнілі адзінкі вымярэння хуткасці, часу, даўжыні і масы, склалі задачы па прапанаваных схемах, згадалі розныя прыёмы работы над задачамі (ад умовы — да пытання, ад пытання — да ўмовы). Настаўніца пачатковых класаў Марыя Іванаўна Антоненкава прадставіла фрагмент урока рускай мовы ў 3 класе па тэме “Не з дзеясловамі”. Гэта быў урок адкрыццяў, на якім вучні самі сфармулявалі тэму ўрока, вывелі правіла і параўналі яго з правілам у падручніку. Фрагмент урока “Чалавек і свет” у 3 класе па тэме “Апора цела і руху” прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Святлана Анатольеўна Жукава.

Як заўважыла А.У.Камяк, варта фарміраваць у вучняў уяўленне аб даследаванні як стылі жыцця. Ва ўмовах даследчага навучання педагог не абавязаны ведаць адказы на ўсе пытанні, але ён павінен умець даследаваць праблемы, знаходзіць любыя адказы і ўмець вучыць гэтаму дзяцей. Парадоксам даследчага навучання з’яўляецца тое, што педагог можа навучыць дзіця нават таму, чаго не ўмее сам.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.