Вучні Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна сумесна з супрацоўнікамі СВК “Прагрэс-Верцялішкі” навялі чысціню на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Радзіма-Маці” і ўрачыста ўсклалі кветкі да помніка. Акцыя была прымеркавана да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Мемарыяльны комплекс “Радзіма-Маці” прысвечаны жыхарам аграгарадка, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Ён усталяваны ў 1983 годзе на магіле 91 воіна, загінуўшага ў ліпені 1944 года ў баях пры вызваленні Верцялішак і навакольных вёсак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Комплекс складаецца са скульптуры жанчыны, якая ўвасабляе Радзіму-Маці, і сцяны з гарэльефнымі выявамі баявых эпізодаў. Ён з’яўляецца месцам правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, мітынгаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, уступленню вучняў нашай школы ў дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі.
Штогод у школе ладзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў, прымеркаваных да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Пра яе расказваюць на класных гадзінах, праводзяцца выставы дзіцячага малюнка, вучні наведваюць ветэранаў, якія жывуць у Верцялішках. Школьнікі займаюцца добраўпарадкаваннем помнікаў, прычым не толькі ў Верцялішках, але і ў вёсцы Казіміроўцы, дзе знаходзіцца помнік партызанам А.Рабаву і П.Курапаткіну, кіраўнікам атрада “Таран”, які быў перакінуты з Масквы з мэтай перадачы разведінфармацыі ў глыбокім тыле нямецка-фашысцкіх войскаў ад падпольных арганізацый Гродна ў сталіцу СССР.
Пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны вучням расказваюць на экскурсіях і ў школьным музеі “Крыніца”, у якім асобны раздзел прысвечаны ваеннаму перыяду — “Тым, хто насмерць стаяў! Хто ворагу не аддаў — нашую Радзіму, нашую перамогу!”. Вялікая Айчынная вайна з’яўляецца адначасова трагічнай і гераічнай старонкай нашай гісторыі, выхаваўчы патэнцыял якой невычарпальны.
Васіль ГЕРАСІМЧЫК.