Дастойныя пераймання

З 4 па 11 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу прайшоў VIII Міжнародны турнір юных матэматыкаў (ITYM-2016), у якім узялі ўдзел дзве беларускія каманды школьнікаў. І абедзве вярнуліся з медалямі. На нашым рахунку “серабро” і “бронза”.

Базай правядзення турніру сталі Санкт-Пецярбургскія лабараторыя бесперапыннай матэматычнай адукацыі і Універсітэт ІТМО. Заяўкі на VIIІ Міжнародны турнір юных матэматыкаў падалі прадстаўнікі 15 каманд з 8 краін. Пасля папярэдняга адбору на турнір былі запрошаны 12 каманд з 7 краін: Беларусі (2 каманды), Балгарыі, Бразіліі, Германіі (2 каманды), Расіі (2 каманды), Румыніі і Францыі (3 каманды).

Турнір юных матэматыкаў — гэта калектыўныя (камандныя) спаборніцтвы навучэнцаў ва ўменні рашаць складаныя матэматычныя задачы, правільна і пераканаўча падаваць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Ён складаецца з некалькіх паслядоўных матэматычных баёў, у якіх каманды па чарзе дакладваюць свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў.


Выступленне каманд Беларусі было ацэнена як паспяховае. Ва ўпартай барацьбе з традыцыйна моцнымі сапернікамі з Францыі, Германіі, Балгарыі, Румыніі і Расіі яны заваявалі два дыпломы: першая каманда — дыплом II ступені і сярэбраныя медалі, другая каманда — дыплом III ступені і бронзавыя медалі.

У склад першай беларускай каманды ўвайшлі навучэнцы з пяці ўстаноў адукацыі краіны: навучэнец 11 класа гімназіі № 1 Салігорска Арцём Глотаў, адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 8 Гомеля Ганна Задаражнюк, вучань 9 класа гімназіі № 29 Мінска Пётр Ігнаценка, прадстаўнікі Ліцэя БДУ Таццяна Палікарпава (11 клас) і Васіль Умеранкоў (10 клас), навучэнец гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Мікалай Шашко.

Другая наша каманда складалася з прадстаўнікоў чатырох устаноў адукацыі. Гэта навучэнец 11 класа Ліцэя БДУ Данііл Балдоўскі, навучэнка 10 класа гімназіі № 1 Мінска Ганна Белешава, дзевяцікласніца Арына Галубіцкая і навучэнка 11 класа Ліяна Хазалія з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, вучні 9 класа гімназіі № 13 Мінска Андрэй Нарадзецкі, Андрэй Шакель.

Адным з заснавальнікаў і арганізатараў Міжнароднага турніру юных матэматыкаў з’яўляецца факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Увогуле агульныя правілы правядзення міжнароднага турніру заснаваны на правілах правядзення беларускага турніру юных матэматыкаў. І гэта не выпадкова. Наш рэспубліканскі турнір праходзіць ужо шмат гадоў, мае даўнія традыцыі і вялікі вопыт (у снежні 2015 года прайшоў XVІІ Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў). Акрамя таго, у беларускім турніры часта прымаюць удзел замежныя каманды: з Расіі, Балгарыі, Казахстана, Украіны (у розныя гады), а таксама члены журы, у тым ліку з Францыі і Расіі.

У гэтым годзе навуковае кіраўніцтва падчас правядзення падрыхтоўчых збораў і непасрэдна ў час правядзення турніру ажыццяўлялі супрацоўнікі і студэнты ФПМІ: дацэнт Максім Васькоўскі і асістэнт Яраслаў Задворны, а таксама студэнты Дзмітрый Румянцаў, Антон Шамякоў, Сяргей Шамякоў, Настасся Хмыз (2 курс), Антон Варанько, Мікіта Каднрацёнак, Мікалай Прохараў (1 курс).

У склад міжнароднага журы турніру ад Рэспублікі Беларусь уваходзілі намеснік дэкана ФПМІ дацэнт Барыс Задворны (віцэ-прэзідэнт Міжнароднага арганізацыйнага камітэта), дацэнт ФПМІ Ігар Бадзягін і Барыс Дуброў (механіка-матэматычны факультэт, член арганізацыйнага камітэта).

Сваімі ўражаннямі з намі падзяліўся Барыс Задворны: “Сёлетні турнір адрозніваўся асабліва складанай барацьбой. Па меншай меры 9 з каманд, якія прыехалі на турнір, выдатна праявілі сябе ў двух папярэдніх турах (з трох): кантрольным тэсце і двух адборачных баях. Я маю на ўвазе і Румынію, і Балгарыю, і Францыю-1, і Беларусь-2 — каманды, якія занялі з 6-га па 10-е месцы. Што ж казаць пра лідараў.

Нездарма наша галоўная каманда (Беларусь-1), сутыкнуўшыся з даволі моцнымі камандамі ў першым адборачным баі, відавочна недаатрымала ў рэйтынгу (усяго 1,018, у той час як некаторыя каманды, якія згулялі са слабымі сапернікамі, атрымалі 1,241 і 1,231). Сярэдні рэйтынг усіх каманд роўны 1.

І нават выдатнае выступленне ў другім адборачным баі не змагло выправіць становішча. У выніку наша першая каманда апынулася ў першым малым фінале, лёгка яго выйграла, але засталася ўсяго толькі з сярэбранымі медалямі. У той жа час мы разумеем, што калі б сітуацыя пры жараб’ёўцы першага бою склалася больш удала, то наша першая каманда вельмі годна згуляла б і ў асноўным фінале, і пазмагалася б за “золата”.

Наша другая каманда (заўважым, вельмі маладая: трое яе ўдзельнікаў, а гэта палова каманды, закончылі 9 клас) праявіла сябе выдатна, выйграўшы першы адборачны бой. Яна годна глядзелася ў першым малым фінале (разам з галоўнай камандай), заваяваўшы там 3-е месца і бронзавыя медалі.

Улічваючы ўсё гэта, кіраўнікі каманд мяркуюць, што выступленне нашых зборных было вельмі паспяховым. А яшчэ мы маем добры патэнцыял і на будучы год, як з пункту гледжання ўдзельнікаў сёлетняга міжнароднага турніру, так і з пункту гледжання тых, хто будзе з імі ўдзельнічаць у нашым беларускім турніры ў снежні гэтага года (для іх гэта добры паказчык і прыклад)”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *