Даўнюю традыцыю адмянілі медыкі

- 14:50Навіны рэгіёнаў

Студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта больш не турбуюць пошукі арандаваных кватэр: жыллёвая праблема вырашана дзякуючы новаму комплексу з двух новых карпусоў студэнцкіх інтэрнатаў № 7 і № 8.

Сучасны 16-павярховы будынак інтэрната № 8 у крокавай даступнасці ад універсітэта стане на час вучобы ўтульным домам для амаль паўтысячы студэнтаў з Беларусі і замежжа. Амаль столькі ж адсвяткавалі наваселле ўвосень у інтэрнаце № 7. Ініцыятыву ўзвядзення комплексу інтэрнатаў з фітнес- і трэнажорнай заламі, пральняй, гасцявымі пакоямі, буфетам і камфортнымі жылымі двухпакаёвымі блокамі (кожны са сваімі кухняй і санвузлом — практычна гэта асобныя кватэры) у свой час з энтузіязмам падтрымаў увесь калектыў універсітэта. Да будаўнічых работ па меры магчымасцей прыклалі рукі і выкладчыкі, і студэнты. Корпус інтэрната № 7 быў пабудаваны ў асноўным за кошт пазабюджэтных сродкаў ВДМУ пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя, якое ўключыла аб’ект у дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Нядаўна быў адкрыты новы корпус інтэрната № 8 — пераважна за кошт выдзеленых у рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы сродкаў, а таксама эканоміі рэсурсаў, атрыманай пры правядзенні дзяржзакупак лекавых прэпаратаў і медыцынскай тэхнікі. Раней будучыя медыкі — студэнты малодшых курсаў месцамі ў інтэрнаце не забяспечваліся. Па трапным выказванні рэктара ВДМУ Анатоля Шчаснага, цяпер універсітэт перапыняе гэтую традыцыю як непатрэбную.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.