Давайце зробім дзяцей паспяховымі!

- 13:46Якасць адукацыі

У межах XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” “Настаўніцкая газета” правяла майстар-трэнінг “10-бальная сістэма ацэньвання ў пытаннях і адказах” для маладых педагогаў, журналістаў, якія асвятляюць пытанні адукацыйнай і сацыяльнай тэматыкі, студэнтаў профільных устаноў вышэйшай адукацыі.

Спікерамі-экспертамі выступілі намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Валянціна Леанідаўна Маеўская, а таксама члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”,настаўнікі-метадысты — настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска, старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі ІПКіПК Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, старшыня асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне” Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна і  кандыдат педагагічных навук дацэнт кафедры акмеалогіі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Іванаўна Гін.

Ужо на пачатку сустрэчы В.Л.Маеўская нагадала, што сістэма ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў у кожнай краіне розная. Расія, Казахстан, Кыргызстан пакінулі існуючую ў Савецкім Саюзе пяцібальную сістэму, Украіна аддала перавагу дванаццацібальнай сістэме. У Рэспубліцы Беларусь, Арменіі, Грузіі выкарыстоўваецца дзесяцібальная сістэма ацэньвання. Калі браць краіны далёкага замежжа, то ў Японіі працуе стабальная сістэма, Германіі і Польшчы — шасцібальная. Прычым відавочна, што чым большая колькасць балаў выкарыстоўваецца пры ацэньванні, тым аб’ектыўней сістэма.

Дзесяцібальная сістэма ўведзена ў нашай краіне ў 2002 годзе для ацэнкі ведаў у школах, сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і вышэйшых установах адукацыі загадам міністра адукацыі. Гэта абагульненыя крытэрыі вучэбных дасягненняў навучэнцаў. У дзесяцібальнай сістэме ўсе адзнакі станоўчыя. Кожная азначае пэўны ўзровень вучэбных дасягненняў.

15 гадоў выкарыстання такой сістэмы паказалі, што яна дае добрую магчымасць для развіцця дзіцяці, для ўліку яго індывідуальных магчымасцей, дазваляе аб’ектыўна ацаніць веды навучэнца. Калі прыгадаць пяцібальную сістэму, то адзнака ў ёй была даволі суб’ектыўнай. Настаўнікі ставілі “тры” вучню, які крыху адказаў, і вучню, які вывучыў матэрыял, стараўся і дапусціў вялікую колькасць памылак. У дзённіках часта стракацелі “чатыры з плюсам”, “пяць з мінусам”. Усё гэта і прывяло да дыферэнцыяцыі адказаў навучэнцаў. “Пры ацэньванні вынікаў вучэбнай дзейнасці вызначаюцца і магчымасці вучня ў самаўдасканальванні. Ён павінен бачыць, да чаго трэба імкнуцца і які вынік яго чакае. Вельмі важна пры выкарыстанні крытэрыяльных магчымасцей адзнакі прыцягваць навучэнцаў да ацэньвання. Калі вучань будзе бачыць, што ў яго не атрымалася, ёсць западаючыя звёны, то правя­дзе карэкцыйную работу, — заўважыла Валянціна Леанідаўна. — Зараз вельмі важна, каб кожны педагог, маючы гэтыя крытэрыі, змог данесці да навучэнцаў, законных прадстаўнікоў патрабаванні да кожнай адзнакі. Калі мы пры ацэньванні як вуснага адказу, так і пісьмовых работ будзем строга прытрымлівацца крытэрыяльнай сістэмы, то ў нас не ўзнікне пытанняў у бацькоў, вучняў, а часам і ў педагогаў”.

Разам з С.І.Гін удзельнікі мерапрыемства патрэніраваліся ў выстаўленні адзнак і фармуляванні крытэрыяў ацэньвання. Аўдыторыя даведалася, што за пераказ зместу параграфа, правільныя адказы на пытанні па тэксце вучань атрымлівае толькі шэсць балаў, бо гэта трэці ўзро­вень — узнаўленне вучэбнага матэрыялу. Удзельнікі майстар-трэнінгу паспрабавалі таксама скласці заданні да кожнага ўзроўню вучэбных дасягненняў па матэматыцы і рускай літаратуры. Так, па рускай літаратуры пры вывучэнні рамана “Ганна Карэніна” ў іх атрымалася наступнае:

Заданне 1 узроўню. Гераіню рамана звалі Марыя, Ганна ці Таццяна? Хто трапіў пад цягнік: Ганна Карэніна, Муму ці яшчэ хто іншы?

Заданне 2 узроўню. Які твор пачынаецца словамі: “Усё змяшалася ў доме Аблонскіх”?

Заданне 3 узроўню. Чаму Карэніна кінулася пад цягнік? Назавіце асноўныя прычыны, выкарыстайце ў якасці аргументаў урыўкі з тэксту.

Заданне 4 узроўню. Перад намі два літаратурныя творы — “Навальніца” М.Астроўскага і “Ганна Карэніна” Л.Талстога. У кожным з іх жанчына заканчвае жыццё самагубствам. Ці можам мы сказаць, што сітуацыі аналагічныя? Прывядзіце доказы, аргументуйце адказ.

Заданне 5 узроўню. Уявіце сабе, што галоўная гераіня прыйшла на прыём да коўчынг-спецыяліста і ён павінен з ёй пабудаваць дыялог такім чынам, каб яна не зрабіла неабдуманага ўчынку. Змадэлюйце дадзеную сітуацыю.

І.У.Зубрыліна лічыць, што праблемы, з якімі мы сутыкаемся сёння ў сувязі з выкарыстаннем дзесяцібальнай сістэмы ацэньвання, звязаны часцей за ўсё з тым, што ўсе мы (бацькі і настаўнікі) калісьці вучыліся па пяцібальнай сістэме і ў нас ёсць пэўная традыцыя таго, за што атрымлівае дзіця адзнаку. Шмат фактараў уплывае на дадзеную сітуацыю. Грамадства патрабуе адзнакі — бала. І часта бацькі нават не задаюцца пытаннем, за што пастаўлена адзнака. Адзнака ў дзённіку для іх — гэта канстатацыя факта, не больш за тое. “Пяць” — дрэнна, “дзесяць” — цудоўна. Дзіця атрымала адзнаку — бацькі не маю ць галаўнога болю. Гэтая сітуацыі паўсюдна. “Мы як настаўнікі з’яўляемся, з аднаго боку, адказнымі за гэты працэс, бо гэта нашы абавязкі, а з другога боку, мы павінны быць своеасаблівымі транслятарамі інфармацыі. Важна навесці масты паміж школай і бацькамі і пазбавіцца праблем, якія існуюць”, — адзначыла Інеса Уладзіміраўна.

І.У.Зубрыліна акцэнтавала ўвагу прысутных на яшчэ адным важным моманце — кампетэнтнасным падыходзе да навучання. “Дзесяцібальныя крытэрыі, па якіх мы працуем, — гэта дакумент для ўнутранага карыстання, — мяркуе Інеса Уладзіміраўна. — Чаму? Мы жывём у межах урбанізаванага свету і як настаўнікі рыхтуем дзяцей да жыцця. Сёння з улікам адкрытых межаў, магчымасцей вывучэння мовы, атрымання дадатковых адукацыйных паслуг, як дыстанцыйна, так і за межамі краіны, для нашых вучняў адкрываецца вялікая колькасць магчымасцей для самаўдасканальвання і развіцця. І неабходна зрабіць так, каб дзеці былі канкурэнтаздольнымі. Калі мы застанемся ў межах пэўнай сістэмы ацэньвання, то не зможам выканаць самую галоўную функцыю — падрыхтаваць дзіця да таго, што чакае яго ў жыцці. А хуткасць развіцця нашага жыцця, зга­дзіцеся, неймаверная, і што нас чакае гадоў праз пяць — невядома. У дадзеным выпадку арыенцірам настаўнікаў на пяты ўзровень, на тыя адзнакі і заданні, за якія можна паставіць дзесяць балаў, з’яўляюцца кампетэнцыі і кампетэнтнасны падыход як адзін з ключавых у сістэме адукацыі”.

Як заданні на дзесяць балаў трактуюцца з пазіцый еўрапейскага падыходу? Вядома, што Беларусь у 2018 годзе плануе прымаць удзел у маніторынгу акадэмічных дасягненняў навучэнцаў PISA. А ці падрыхтаваны да гэтага нашы педагогі? Ці магчыма з выкарыстаннем нашых вучэбных праграм і падручнікаў выпрацаваць неабходныя кампетэнцыі ў школьніка? Дадзены маніторынг уключае 4 напрамкі: фінансавая дасведчанасць, фізіка-матэматычная дасведчанасць (“Уявіце, што ёсць памяшканне 4 х 6 з 2 вокнамі 1,5 х 1,8. Падлічыце, ці хопіць 15 рулонаў шпалераў (па 55 метраў у рулоне), каб абклеіць гэтае памяшканне. Калі ўлічыць, што вокны выходзяць на паўночны захад, на якой сцяне зрабіць люк для праветрывання?”), прыродазнаўчая дасведчанасць (“Вы разлілі чарнічны морс на белую кашулю. Як у хатніх умовах можна вывесці гэтую пляму?”), чытацкая пісьменнасць  (“У вас ёсць сяброўка ў Варшаве, і вы збіраецеся правесці з ёй канікулы ў Празе. На кожнага даецца па 500 еўра. Вывучыце на трох мовах (рускай, беларускай, англійскай) расклад руху наземнага і авіятранспарту, інфармацыю аб памятных мясцінах Прагі, забраніруйце гасцініцу, сплануйце маршрут і напішыце сяброўцы пісьмо на англійскай мове, дзе вы ёй пакрокава ўсё выкладзеце”).

“Ад гэтых супярэчнасцей мы павінны адштурхоўвацца і імкнуцца ўдасканальваць сябе. Веданне крытэрыяў, прадметнага матэрыялу ўсяго толькі аснова, таму настаўніку варта вышук­ваць гэтыя дадатковыя сэнсы, бачыць магчымасці, якія стануць асновай для фарміравання і развіцця кампетэнцый, навыкаў, за якія не толькі можна паставіць 10 балаў, але і якія дадуць магчы­масць дзецям адчуваць сябе абсалютна свабодна, упэўнена, і сёння, і заўтра, у любой кропцы свету, у зносінах з рознымі людзьмі”, — пераканана І.У.Зубрыліна.

Эксперты майстар-трэнінгу адказалі і на шматлікія пытанні прысутных. Некаторыя прапаноўваем вашай увазе.

— Калі дзіця рашае матэматычную задачу і выконвае яе на 99 працэнтаў, але напрыканцы робіць памылку ў вылічэннях, у выніку адказ у яго няправільны. Я павінен паставіць за заданне 0 балаў. Ці правільна гэта?

С.І.Гін. Калі мы карыстаемся крытэрыямі ацэньвання, то гэта сапраўды 0 балаў. Я мяркую, што ў матэматыцы павінен ацэньвацца ход матэматычнага разважання. І зараз, наколькі мне вядома, крытэрыі ацэньвання па матэматыцы перапрацоўваюцца, таму гэтае пытанне ў хуткім часе будзе ліквідавана.

— Апошнім часам у грамадстве ўзнімаецца пытанне наконт таго, што неабходна знізіць патрабаванні да апошняга, пятага, узроўню вучэбных дасягненняў навучэнцаў. Як вы лічыце, ці неабходна гэта рабіць?

С.І.Гін. Калі я чытаю лекцыі аб кампетэнтнасным падыходзе, звычайна заканчваю іх такімі словамі: “Калі мы хочам, каб нашы дзеці былі канкурэнтаздольнымі, мы не маем маральнага права прыніжаць іх першапачаткова тымі, хто будзе непаспяховы”. Мы павінны разумець, што не кожнае дзіця можа вучыцца на 10 балаў, і гэта нармальна. Тое, што не кожны з нас можа скок­нуць высока, стральнуць з вінтоўкі, мы спакойна ўспрымаем, але, калі гаворка ідзе пра інтэлект,  успрымаем як абразу тое, што не можам атры­маць “дзясятку”. Так, ты не можаш атрымаць “дзясятку”, але ты можаш штосьці іншае. Мы павінны для кожнага дзіцяці знайсці тую нішу, у якой яно будзе паспяховым. У свой час А.Эйнштэйн гаварыў так: “Калі рыбу ацэньваць па ўменні лётаць, то яна будзе двоечніцай, але ніхто рыбе не ставіць адзнак за палёт”. Мы ацэньваем, як яна плавае. Давайце і дзяцей ацэньваць такім чынам: ты не ўмееш лятаць, але ты добра плаваеш і атрымліваеш “дзясятку” за гэта. Давайце зробім дзяцей паспяховымі! Не дылетантамі ва ўсіх сферах, а спецыялістамі ў сваёй галіне.

І.У.Зубрыліна. Больш за тое, апускаючы планку ўзроўню выкладання, мы апускаем планку для сябе, для свайго прафесійнага развіцця. Гэта таксама вельмі важна, і пра гэта неабходна памятаць. У нас ёсць вялікая верагоднасць апусціцца да ўзроўню прымітывізму, і пасля будзе вельмі складана вярнуцца на тыя пазіцыі, на якіх мы сёння знаходзімся.

— З развіццём інфармацыйных тэхналогій ці не прасцей стварыць штучны інтэ­лект, які будзе вучыць дзяцей, правяраць іх веды? Не будзе ніякага чалавечага фактару. Ці патрэбны тады нам настаўнікі?

І.У.Зубрыліна. Тры гады назад я была на міжнародным форуме па інфарматызацыі адукацыі ў Астане і ўпершыню ўбачыла там са­праўднага робата, які ўспрымае інфармацыю на пяці мовах і рэагуе на працягу трох секунд на любое пытанне. Спачатку ўсе ўдзельнікі знаходзіліся ад яго пад вялікім уражаннем, але потым усвядомілі, што штучны інтэлект — гэта ўсяго толькі сродак навучання, які ў найбліжэйшы час аблегчыць нам прафесійную дзейнасць. Ніхто не заменіць настаўніка. Наша функцыя — гэта не толькі функцыя навучання. Так, вучыць дыстанцыйна можна. А выхоўваць? Унікнуць у чалавека, убачыць яго станоўчыя бакі, закрануць струны яго душы вельмі складана. Цікава, што найбольшыя поспехі з выкарыстаннем штучнага інтэлекту назіраюцца ў групах, дзе вучацца дзеці з аўтызмам. Менавіта робат выклікае рэакцыю ў адказ. Пераканана, што добры настаўнік будзе заўсёды запатрабаваны.

— Як наладзіць кантакт з бацькамі? Як патлумачыць бацькам, што іх дзіця вышэй галавы не скокне?

І.У.Зубрыліна. Ёсць некалькі спосабаў наладзіць кантакт з бацькамі. Самы просты і дзейсны: настаўнік раздрукоўвае нормы ацэнак, у выніку і вучань, і бацькі суадносяць нормы з адзна­кай і ў іх не ўзнікае ніякіх праблем і прэтэнзій. Што тычыцца вусных прадметаў, то гутаркі з бацькамі, карэктныя і паважлівыя, павінны мець месца. Таксама адзін са спосабаў — запрасіць бацькоў на ўрок. Акрамя таго, сёння ёсць сродкі ІКТ, таму зняць выкананне дзіцем задання не ўяўляецца складаным. Затым настаўнік можа даслаць файлы бацькам, у якіх узнікаюць прэтэнзіі, а потым запрасіць на гутарку, разам абмеркаваць, прааналізаваць гэта. Тут ёсць адзін маленькі нюанс: мы аказваем адукацыйныя паслугі, і такія спажывецкія адносіны з боку бацькоў ставяць нас у нязручнае становішча. Вельмі не хочацца параўно­ваць настаўнікаў з работнікамі службы быту, бо наша сфера глыбей, вышэй, далікатней.

В.Л.Маеўская. Ва ўстанове адукацыі працуе педагог-псіхолаг, і настаўнік не павінен баяцца прыйсці да яго з бацькамі на кансультацыю. У спецыялістаў СППС шмат методык, якія мо­гуць  паказаць бацькам здольнасці і магчымасці іх дзіцяці.

— Зараз ва ўніверсітэтах таксама выкарыстоўваецца дзесяцібальная сістэма. Ці можа быць праведзена карэляцыя школьных патрабаванняў з патрабаваннямі да вучэбных дасягненняў студэнтаў. Ці ўсё аддаецца ў рукі выкладчыкаў?

І.У.Зубрыліна. Гэтая праблема павінна быць вырашана ў найбліжэйшы час, бо мы пераходзім у фармат Балонскага працэсу. Мяркую, што больш метадычна граматныя ўсё ж настаўнікі. Яны практыка-арыентаваныя, лавіруюць з дзецьмі, падстройваючыся да іх індывідуальных асаблівасцей, а гэта ўжо найвышэйшы пілатаж. І сёння, разумеючы гэта, вялікі паток выкладчыкаў УВА прыходзіць на  курсы павышэння кваліфікацыі. Настаўнікі-практыкі могуць аказаць ім значную падтрымку.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.

P.S. Сёння асноўная задача школы — навучыць дзяцей прымяняць веды на практыцы, а адзнакі пры гэтым — аб’ектыўны фактар, з дапамогай якога можна ацаніць здольнасці вучня прымяняць гэтыя веды. Каб справіцца з праблемамі, што ўзнікаюць, неабходна аб’яднаць намаганні ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, выпрацаваць адзіны падыход, які бу­дзе зразумелы ўсім, дакладна прытрымлівацца нарматыўных дакументаў і не інтэрпрэтаваць на месцах крытэрыі дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі.