Беларусь і Савет Еўропы павінны пачаць глядзець у адным напрамку. Аб гэтым заявіў дакладчык па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні.
“Я правёў два вельмі насычаныя дні — сустракаўся і з уладамі, і з апазіцыяй, і з няўрадавымі арганізацыямі. Як дакладчык ПАСЕ я павінен трымаць руку на пульсе той абстаноўкі, што складаецца ў вашай краіне. Настаў час, калі Савет Еўропы і Беларусь павінны пачаць глядзець у адным напрамку. Для гэтага неабходна дапрацаваць пэўныя моманты. Сапраўды, мы назіраем, што ў Беларусі ёсць зацікаўленасць, ёсць воля і жаданне прадаўжаць дыялог з Саветам Еўропы”, — сказаў Андрэа Рыгоні.
Паводле яго слоў, у Беларусі ёсць імкненне адкрыцца еўрапейскім каштоўнасцям, але з улікам уласнай культуры і традыцый. “Наперадзе доўгі шлях, які зойме пэўны час. Дэмакратыя не можа быць створана хутка. Неабходна, каб і грамадства было гатова. Але я бачу станоўчыя сігналы”, — падкрэсліў Андрэа Рыгоні.
Дакладчык ПАСЕ нагадаў, што ЕС у гэтым годзе будзе святкаваць 60-годдзе падпісання Рымскага дагавора. “Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мы ўжо 60 гадоў перажываем перыяд міру і росквіту. Хіба мы хочам вярнуцца назад да экстрэмісцкага нацыяналізму, да процістаяння паміж краінамі, да новых раздзяляльных ліній? Нам трэба ўмацоўваць адзінства, бо нацыяналізм і папулізм — вельмі небяспечныя з’явы”, — адзначыў ён.
Таксама Андрэа Рыгоні пракаменціраваў несанкцыянаваныя акцыі, якія прайшлі ў Беларусі апошнім часам. “Неабходна забяспечваць свабоду выказвання меркаванняў і дэманстрацый, але, зразумела, згодна з дзеючым у краіне заканадаўствам. Напрыклад, менавіта з нагоды 60-годдзя Рымскага дагавора ў сталіцы Італіі прадугледжаны пяць розных дэманстрацый, яны адобраны ўладамі. Але галоўнае, каб яны адпавядалі існуючаму ў Італіі заканадаўству”, — падкрэсліў ён.