Дэпутаты падтрымалі праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі

- 11:59Інфармацыйная гадзіна

7 красавіка на пасяджэнні пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект “Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”.

“Прававыя нормы законапраекта накіраваны на далейшае ўдасканаленне дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, павышэнне якасці адукацыі, удакладненне яе структуры і зместу, далейшае ўмацаванне прэстыжу беларускай адукацыі на сусветным узроўні. Дакумент арганічна ўпісваецца ў сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя планы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы, — сказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка, прадстаўляючы дэпутатам законапраект. — У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, у якую ўваходзяць 17 раздзелаў, — 64 главы і 297 артыкулаў, шмат змяненняў і дапаўненняў. Яны тычацца як сістэмы адукацыі ў цэлым, так і асобных яе ўзроўняў”.

Так, удакладнена рэдакцыя азначэнняў асобных тэрмінаў. Уведзены новыя, такія як “абітурыент”, “бакалаўр”, “магістр”, “кампетэнцыі”, “сеткавая форма ўзаемадзеяння” і інш. Дадзены іх азначэнні.

Некаторыя тэрміны зменены. “Прапануецца іншае азначэнне самой адукацыі як навучання і выхавання ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы, накіраваных на інтэлектуальнае, духоўна-маральнае, творчае, фізічнае і прафесійнае развіццё асобы, задавальненне яе адукацыйных патрэб і інтарэсаў, а таксама сукупнасці набытых ведаў, уменняў, навыкаў і кампетэнцый пэўнага аб’ёму і складанасці. Гэта значыць, мэтай адукацыі з’яўляецца не толькі рознабаковае развіццё асобы навучэнца, але і фарміраванне ў яго кампетэнцый, пад якімі разумеюцца здольнасці ажыццяўляць дзейнасць у адпаведнасці з атрыманай адукацыяй”, — адзначыў міністр.

Праект распрацаваны ў мэтах удасканалення норм дзеючага Кодэкса аб адукацыі з улікам дзесяцігадовай практыкі яго прымянення, прывядзення асобных яго палажэнняў у адпаведнасць са змененым заканадаўствам Беларусі і выкладаецца ў новай рэдакцыі. Пры яго падрыхтоўцы праведзены аналіз нацыянальнага заканадаўства і заканадаўства ў сферы адукацыі іншых дзяржаў, мадэльнага адукацыйнага кодэксу для дзяржаў — удзельніц СНД, зваротаў грамадзян і арганізацый, якія адносяцца да прадмета яго прававога рэгулявання. Дакумент прайшоў грамадскае абмеркаванне.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Марзалюк у сваю чаргу адзначыў, што законапраектам прапануецца ўстанавіць абавязковае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, уводзяцца нормы, накіраваныя на ўкараненне інклюзіўных падыходаў у адукацыі, якія забяспечваюць роўны доступ да атрымання адукацыі для ўсіх навучэнцаў з улікам іх індывідуальных адукацыйных патрэб і індывідуальных магчымасцей.

“Дакладна агаворана ў заканадаўстве, што бацькі і законныя прадстаўнікі дзяцей не маюць права ўмешвацца ў вучэбны працэс. За інфармацыяй яны абавязаны будуць звяртацца непасрэдна ва ўстанову адукацыі, — адзначыў старшыня камісіі. — Аптымізуюцца розныя віды і тыпы ўстаноў адукацыі. Пры гэтым выразна на заканадаўчым узроўні забаронена розным грамадскім арганізацыям, фондам, якія не маюць ніякага дачынення да сістэмы адукацыі, выкарыстоўваць такія паняцці, як школа, ліцэй, каледж, інстытут, універсітэт, акадэмія”. 

Ігар Марзалюк таксама адзначыў, што праектам прапануецца аптымізаваць віды ўстаноў дашкольнай адукацыі: выключаны яслі, яслі-сад, санаторны яслі-сад. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе функцыянаваць адзіны від установы адукацыі — каледж. На ўзроўні вышэйшай адукацыі — тры віды: універсітэт, акадэмія, інстытут. Выключаюцца паняцці “класічны” і “профільны” ў дачыненні да ўніверсітэта, выключаны як від вышэйшы каледж.

Выступаючы на пасяджэнні сесіі, старшыня камісіі звярнуў увагу дэпутатаў і на шэраг іншых значных змяненняў у сістэме адукацыі, якія прапанаваны ў законапраекце. 

Дэпутаты падтрымалі законапраект і прынялі яго ў першым чытанні.

Па інфармацыі БелТА.