Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі праніклі ва ўсе сферы нашага жыцця, у тым ліку і ў адукацыю. Настаўнікі англійскай мовы знаходзяць у сродках ІКТ не толькі спосаб дасягнення мэты навучання замежнай мове дзяцей рознага ўзросту, але і выгадныя варыянты прадстаўлення творчых ідэй. Канечне, формы і метады, якія выкарыстоўваліся раней, засталіся актуальнымі, але цяпер да іх дабавіліся новыя — з прымяненнем ІКТ. Выкарыстанне сучасных тэхналогій на ўроку мяняе адносіны навучэнцаў да прадмета і настаўніка, павышае пазнавальны інтарэс і матывацыю, дазваляе інтэнсіфікаваць працэс навучання, як вынік — павысіць якасць навучання.
У падрыхтоўцы да ўрокаў сродкі ІКТ дапамагаюць сачыць за зменамі ў мове, якая выкладаецца, традыцыях, культуры англамоўных краін, методыцы выкладання англійскай мовы ў нашай краіне і за мяжой, выкарыстоўваць вопыт іншых педагогаў і прадстаўляць свае распрацоўкі. Разгледзім некаторыя сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія дапамагаюць зрабіць вучэбны працэс больш яркім, якасным і цікавым.
Web 2.0 — гэта платформа сацыяльных сэрвісаў і службаў, якая дазваляе шырокаму колу карыстальнікаў сеткі інтэрнэт быць не толькі атрымальнікамі інфармацыі, але, што асабліва важна, яе стваральнікамі і суаўтарамі. Слова “сацыяльны” (сайт або сэрвіс) з’яўляецца ключавым і ўяўляе сабой адметную характарыстыку. Рэсурсы Web 2.0 ствараюцца людзьмі, для людзей і стымулююць сінхронныя і асінхронныя зносіны ў сетцы. Асноўнымі перавагамі Web 2.0, на мой погляд, з’яўляюцца эфектыўнасць сэрвісаў і прастата прымянення. Выкарыстоўваючы шаблоны і абалонкі сэрвісаў, настаўнікі і навучэнцы могуць ствараць тэматычныя форумы, блогі, запісваць аўдыя- і відэаматэрыялы і размяшчаць іх у інтэрнэце для ўсеагульнага або абмежаванага доступу.У сваёй практыцы я актыўна выкарыстоўваю такія сэрвісы, як:
• http://learningapps.org. З дапамогай гэтага сэрвісу можна стварыць граматычныя і лексічныя заданні для навучэнцаў і сумесна з навучэнцамі. Мэтай гэтага сэрвісу з’яўляецца таксама збіранне інтэрактыўных блокаў і магчымасць рабіць іх агульнадаступнымі. Карыстацца гэтым сэрвісам вельмі проста і цікава.
• http://www.playcast.ru — сеткавы сэрвіс, з дапамогай якога можна сумясціць словы або тэкст, карцінку і кранальную музыку. З дапамогай гэтага сэрвісу можна стварыць запрашэнне, паштоўку або віншаванне.
• http://wikiwall.ru — сэрвіс для стварэння сумеснай анлайн-газеты, які дазваляе групе людзей размяшчаць на агульнай старонцы інфармацыю і рэдагаваць блокі з тэкстамі, карцінкамі і відэа. Пачынаючы работу з віртуальнай інтэрактыўнай дошкай, карыстальнікі атрымліваюць у сваё распараджэнне пустую старонку, якая ў WikiWall называецца насценгазетай. Па ўмаўчанні старонка мае разметку, якую можна пры жаданні прыняць. На свабодным полі насценгазеты можна размясціць тэкставы фрагмент у сярэдзіне тэкставага прамавугольнага блока, а таксама відэа з сеткі і карцінкі ў фарматах JPG, GIF, PNG. Усе блокі, якія размяшчаюцца на насценгазеце, атрымліваюць свой нумар — па парадку іх размяшчэння на сайце. Блокі можна перацягваць па старонцы, мяняць іх памер. Акрамя таго, на панэлі інструментаў насценгазеты размешчаны кнопкі доступу да іншых функцый (інструменты малявання: аловак, лінейка, гумка). З дапамогай кнопкі “Глядзець” можна адкрыць створаную старонку ў рэжыме прагляду — рэдагаванне старонкі не будзе даступна.
Сэрвіс FotoPeach таксама вельмі цікавы. У ім адначасова выкарыстоўваюцца фотаздымкі, гук і тэкст, што дазваляе, мяняючы параметры кожнага з інфармацыйных аб’ектаў (хуткасць тэксту, паслядоўнасць фотаздымкаў, розныя музычныя фрагменты), ствараць рознае сэнсавае поле і дабівацца разумення таго або іншага зместу на ўзроўні эмоцый і пачуццяў. У гэтага сэрвісу шмат пераваг: з яго дапамогай можна ствараць і віртуальныя (завочныя) экскурсіі, праводзіць урокі-падарожжы пры вывучэнні творчасці паэтаў і пісьменнікаў (гэта так зручна, наглядна і цікава!), практыкаваць агляды твораў, праводзіць выставы дзіцячых работ, складаць справаздачы аб правядзенні тэматычных тыдняў, конкурсаў, розных мерапрыемстваў.
Сэрвіс добры яшчэ тым, што створаны прадукт можна рэдагаваць колькі хочаш: дабаўляць і рэдагаваць фотаздымкі, мяняць тэкст і музыку. У ім ёсць магчымасць знайсці музыку праз YouTube, выкарыстоўваць прапанаваную класічную або інструментальную музыку, дабаўляць уласныя музычныя файлы.
Вучэбны блог або сайт з’яўляецца інструментам эфектыўнай арганізацыі і сістэматызацыі вучэбнага працэсу. Выкладчык стварае свой блог або сайт, на якім размяшчае вучэбны матэрыял, заданні да яго і форум для абмеркавання. Потым ён запрашае вучняў або студэнтаў на свой блог або сайт з мэтай азнаямлення з дадатковай інфармацыяй па тэме, выканання задання ў выглядзе адказаў на пытанні, выказвання свайго меркавання або абмеркавання тэмы ў форуме. Канечне, такі від дзейнасці мэтазгодна ажыццяўляць у пазаўрочны час, аднак пры пастаноўцы пэўных дыдактычных задач (навучанне чытанню, пісьму, пісьмоваму маўленню) і рацыянальным выкарыстанні часу аўдыторных заняткаў такі від дзейнасці не выключаецца і на занятках у класе або аўдыторыі.
Для чаго выкарыстоўваць блог у вучэбным працэсе? Па-першае, для практыкі чытання; па-другое, для развіцця пісьмовага маўлення; па-трэцяе, для даследавання інтэрнэт-рэсурсаў, якія адпавядаюць узросту і тэме; па-чацвёртае, для абмену інфармацыяй і згуртавання вучэбнага калектыву. Акрамя таго, для арганізацыі анлайн- і афлайн-дыскусій, для стварэння анлайн-партфоліа навучэнцаў і інш.
Сэрвісы Google ўключаюць у сябе прэзентацыі, дакументы, формы, табліцы і малюнкі.
Сеткавыя суполкі. Удзел у прафесійных сеткавых суполках дазваляе настаўнікам, якія жывуць у розных кутках адной краіны і за мяжой, мець зносіны адно з адным, вырашаць прафесійныя пытанні, рэалізоўваць сябе і павышаць свой прафесійны ўзровень. Навучэнцам адкрываецца магчымасць удзельнічаць у розных конкурсах і віктарынах. Тым самым удасканальваецца іх валоданне моўнай кампетэнцыяй і павышаецца цікавасць да вывучэння англійскай мовы.
Што ж дае ўдзел у сеткавых суполках навучэнцу?
• Выкарыстанне лічбавых тэхналогій і сродкаў камунікацыі для адбору, кіравання, аб’яднання, ацэнкі і стварэння інфармацыі для работы.
• Выкарыстанне ІКТ у якасці інструмента для пазнання, даследавання і праектнай дзейнасці.
• Развіццё ініцыятыўнасці і самастойнасці.
• Узнікненне жадання выйсці за межы асноўных уменняў і вучэбнай праграмы для пашырэння ўласных ведаў і магчымасці набыцця свайго вопыту.
• Навучанне эфектыўнаму выкарыстанню часу і кіраванню рабочай нагрузкай, прадукцыйнаму супрацоўніцтву з іншымі людзьмі.
• Праяўленне стараннасці і станоўчых маральных якасцей у рабоце.
Удзельнічаючы ў педагагічных сеткавых суполках, настаўнік мае магчымасць:
• вучыцца і набываць веды, уменні і якасці, неабходныя настаўніку XXI стагоддзя;
• атрымліваць самую сучасную інфармацыю па тэме, якая цікавіць;
• атрымліваць кваліфікаваныя кансультацыі і парады экспертаў;
• мець доступ да метадычнай базы распрацовак;
• мець зносіны з калегамі на розных форумах;
• публікаваць свае матэрыялы;
• удзельнічаць у абмеркаванні апублікаваных матэрыялаў;
• удзельнічаць у прафесійных конкурсах.
У прафесійнай дзейнасці выкладчыкі могуць паспяхова выкарыстоўваць і шэраг іншых сацыяльных сэрвісаў, напрыклад:
— http://www.surveymonkey.com — сервер для распрацоўкі анкет, правядзення апытанняў;
— http://delicious.com — сервер для захоўвання спасылак (закладак) у адным месцы, прагляду калекцый спасылак, сабраных калектыўна;
— http://youtube.com — сервер для захоўвання, прагляду і абмеркавання лічбавых відэазапісаў;
— http://Flickr.com, http://picasaweb.google.com — сацыяльныя фотасэрвісы, якія дазваляюць захоўваць, класіфікаваць, абменьвацца лічбавымі фотаздымкамі, абмяркоўваць рэсурсы і інш.
Як бачна, выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 у працэсе выкладання замежных моў становіцца звычайнай з’явай. Такім чынам, інтэграцыя ІКТ у працэс выкладання замежных моў у агульнаадукацыйнай школе — гэта не даніна модзе, а надзённая неабходнасць для настаўнікаў замежных моў, якія імкнуцца аптымізаваць працэс навучання, зрабіць яго больш эфектыўным, плённым і матываваным для навучэнцаў.
Кацярына ЗАЯЦ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля Віцебскай вобласці.