Новая структура з’явілася ў складзе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — рэктар ГрДУ Ірына Кітурка і дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Яўген Каваленка падпісалі пагадненне аб адкрыцці ва ўніверсітэце аддзялення кафедры ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях і праве і дагавор аб супрацоўніцтве.
Яўген Каваленка адзначыў, што аддзяленне кафедры стане месцам абмеркавання, выпрацоўкі прапаноў і ўкаранення іх у адукацыйны працэс па пытаннях прававой асветы, прававой культуры, больш актыўнага ўкаранення інфармацыйных тэхналогій.
ГрДУ і НЦПІ супрацоўнічаюць не адзін год. Так, вялікі ўклад унеслі супрацоўнікі цэнтра ў адкрыццё спецыялізацыі “інфармацыйнае права” на юрыдычным факультэце. Дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава расказала, што супрацоўнікі цэнтра з’яўляюцца штогод членамі экзаменацыйных камісій, удзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні навукова-практычных канферэнцый і алімпіяд. Студэнты праходзяць практыку ў Рэгіянальным цэнтры прававой інфармацыі, на базе якога працуе філіял кафедры “Тэорыя і гісторыя дзяржавы і права”.
— Адкрыццё аддзялення кафедры ЮНЕСКА паспрыяе стварэнню новых сэрвісаў, навучанню студэнтаў у рамках праекта “Лічбавы ўніверсітэт”. На больш высокі ўзровень падыме практыка-арыентаванае навучанне, таксама стане працягам стратэгіі інтэрналізацыі, якая накіравана на павышэнне пазнавальнасці ўніверсітэта ў свеце, — сказала Ірына Кітурка.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт стаў першай рэгіянальнай УВА, дзе адкрыта аддзяленне кафедры ЮНЕСКА. У далейшым плануецца такія структуры ствараць і ў іншых універсітэтах краіны.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.