“Для таго каб здараліся цуды, трэба доўга і ўпарта працаваць”

- 11:55Сацыяльны ракурс

Калектыў Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў напрыканцы мінулага года быў адзначаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. Асноўны кірунак дзейнасці цэнтра — аказанне комплекснай дапамогі дзецям з 3 да 18 гадоў з захворваннямі нервовай і апорна-мышачнай сістэм, вынікам якіх з’яўляюцца парушэнні функцый апорна-рухальнага апарату. Установа створана пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны ў 2000 годзе ў рамках рэалізацыі праграмы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Дзеці Беларусі”. Падрабязней аб рабоце цэнтра гутарым з яго дырэктарам Людмілай Мікалаеўнай Кандрашовай.

— Узначальваю ўстанову амаль тры гады. Да гэтага працавала ў сталічнай дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы загадчыкам аддзялення, — расказала Людміла Мікалаеўна. —“Як ты будзеш без сваіх маленькіх пацыентаў?”— пыталіся ў мяне сябры і родныя, калі я пераходзіла на работу ў рэабілітацыйны цэнтр. Але і сёння я ўрач-педыятр, кожны раз праводжу медыцынскія агляды дзяцей, якія прыязджаюць да нас на рэабілітацыю.

З пераходам на новую пасаду я набыла цудоўных сяброў і калег — калектыў, які з усёй душой і творча падыходзіць да работы. Сутыкнуўшыся з праблемамі рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю, прыняла іх адразу вельмі блізка да сэрца, нават плакала спачатку. Але з часам прыйшло разуменне, што дзеці не хочуць, каб мы, дарослыя, плакалі з-за іх, шкадавалі іх. Ім патрэбны наша шчырая любоў і клопат, нашы ўсмешкі і абдымкі. Самыя шчаслівыя для мяне моманты, калі ў вачах нашых выхаванцаў я бачу радасць. Менавіта тады я разумею, што трэба цаніць светлыя імгненні жыцця і да ўсіх праблем адносіцца спакайней.

— Людміла Мікалаеўна, якія задачы даводзіцца вам вырашаць на пасадзе дырэктара?

— Галоўная з іх тычыцца ўдасканалення сістэмы ўзаемадзеяння трох міністэрстваў (працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя і адукацыі) у пытаннях павышэння якасці дапамогі дзецям, якую забяспечвае мультыдысцыплінарная каманда спецыялістаў. У яе складзе — урач-траўматолаг-артапед, настаўнік-дэфектолаг, урач-неўролаг, педагог-псіхолаг, урач ЛФК, выхавальнік, урач-рэфлексатэрапеўт, сацыяльны педагог, медыцынская сястра па масажы, інструктар па працоўнай тэрапіі.

У вырашэнні многіх пытанняў з самага пачатку кіраўніцтва я атрымала поўную падтрымку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Усё новае, што можна было ўкараніць, ажыццёўлена. У нас з’яўляюцца сучасныя методыкі і кірункі рэабілітацыі. Мы наладзілі супрацоўніцтва і абмен інфармацыяй з адукацыйнымі арганізацыямі трох вышэйназваных міністэрстваў, з установамі аховы здароўя, з рэгіянальнымі камітэтамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Два разы ў год адказныя спецыялісты дасылаюць нам абноўленыя даныя аб дзецях-інвалідах. Сёння ў краіне пражывае каля 3 тысяч дзяцей з парушэннямі функцыі апорна-рухальнага апарату, з іх 400 — у Мінску. Мы імкнёмся па магчымасці больш поўна інфармаваць дзяцей і бацькоў аб паслугах, якія можна атрымаць у цэнтры. Дасылаем лісты-запрашэнні наведаць нашу ўстанову, атрымаць кансультацыі спецыялістаў. З упэўненасцю магу сказаць, што сёння пра нас ведаюць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

— Ці проста трапіць на рэабілітацыю ў ваш цэнтр?

— Адначасова ўстанова можа прыняць каля 120 дзяцей ад 3 да 18 гадоў, у летні перыяд — каля 140—145. У нас створана паўнацэннае безбар’ернае асяроддзе (прасторныя холы, пандусы, дадатковыя поручні і г.д.), ёсць безбар’ерная гульнявая пляцоўка, спартыўны інвентар, адаптаваны да патрэб выхаванцаў, напрыклад, спецыяльныя веласіпеды, на якіх можна катацца з выцягнутымі нагамі. Імі карыстаюцца дзеці, якія па стане здароўя не могуць згінаць ногі.

Кожнае дзіця, якое мае права на праходжанне рэабілітацыі ў цэнтры, атрымлівае яе на бясплатнай аснове на працягу трох месяцаў у год. Але курсы могуць быць рознай працягласці. Заезд заўсёды планавы, праходзіць спакойна. Выхаванцы пражываюць у цэнтры ў групах (па 15—18 чалавек) пад наглядам выхавальнікаў і памочнікаў выхавальніка. Тыя, хто мае патрэбу ў дадатковым доглядзе, у тым ліку медыцынскім, жывуць у гасцініцы ў суправаджэнні дарослых. У нашай практыцы бываюць і так званыя экстранныя выклікі. Як толькі вызваляюцца месцы, дзеці, якім неадкладна ўрачы рэкамендуюць рэабілітацыйны курс, прыязджаюць у цэнтр.

44 працэнты дзяцей, якія праходзяць у нас рэабілітацыю, маюць 3—4 ступень страты здароўя, 80 працэнтаў нашых падапечных — дзеці з ДЦП. У астатніх праблемы з апорна-рухальным апаратам з’яўляюцца вынікам генетычных паталогій, траўм, скаліёзу. Па аб’ектыўных прычынах мы не прымаем у сябе тых маленькіх пацыентаў, якім патрэбна апаратнае лячэнне, процісутаргавая тэрапія, а таксама дзяцей са складанымі псіхафізічнымі асаблівасцямі.

— Назавіце, калі ласка, асноўныя складнікі паспяховага рэабілітацыйнага працэсу.

— Перш за ўсё гэта комплекснасць пры праходжанні аздараўлення, зваротная сувязь паміж спецыялістамі, дзецьмі і іх бацькамі, а таксама індывідуальны падыход да кожнага выхаванца. Сістэму рэабілітацыі ва ўстанове можна прадставіць у выглядзе пазла. З раніцы да вечара для нашых падапечных праводзяцца самыя розныя мера-прыемствы, заняткі, лячэбныя працэдуры, якія з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі. Кожны спецыяліст выконвае сваю маленькую задачу, ад паспяховасці вырашэння якой залежыць поспех агульнай справы.

Зразумела, на першым плане — аздараўленне. Для гэтага ў цэнтры створана паўнацэнная лячэбная база. Медыцынская рэабілітацыя забяспечваецца апаратнай фізіятэрапіяй, рэфлексатэрапіяй, водалячэннем, цеплалячэннем. Значная ўвага адводзіцца кінезатэрапіі — лячэбнай гімнастыцы, трэніроўкам на трэнажоры Гроса, заняткам у лячэбным касцюме Адэлі, артапедычным укладкам, механатэрапіі на сучасных трэнажорах, масажу, гідракінезатэрапіі ў басейне, адаптыўнай фізкультуры.

На кожнае дзіця складаецца індывідуальная карта развіцця і план медыцынскай і сацыяльна-педагагічнай рэабілітацыі, дзе адлюстраваны задачы і канкрэтныя рэкамендацыі па падтрыманні фізічнага стану выхаванца, па яго прафарыентацыі, сацыялізацыі і г.д. Напрыклад, хлопчык Андрэй мае патрэбу ў развіцці дробнай маторыкі рук. Яму рэкамендуем заняткі па методыцы Мантэсоры, гульні з пяском, вадой, фасоляй, складванне мазаікі, маляванне, лепку, нанізванне бісеру, LEGO-канструяванне. У той жа час Андрэю неабходна ўдасканальваць навыкі зносін і ўзаемадзеяння, а таксама навыкі працы па гаспадарцы і навыкі самаабслугоўвання. Педагог будзе чытаць з ім і аналізаваць літаратурныя творы, далучаць да гульняў з равеснікамі і да калектыўнай працоўнай дзейнасці, вучыць даглядаць адзенне і абутак і г.д.

У цэнтры дзейнічае школа, дзе яго супрацоўнікі, а таксама педагогі сталічных спецыяльных і агульнаадукацыйных устаноў праводзяць з дзецьмі заняткі па школьных прадметах, каб яны не адсталі ад праграмы, аказваюць карэкцыйна-дэфекталагічную і псіхалагічную дапамогу. Арганізоўваюцца творчыя гурткі, не забываем пра мастацкую самадзейнасць, тэматычныя экскурсіі, наведванне выстаў, кінатэатраў, музеяў. Развіваем і эргатэрапеўтычны кірунак рэабілітацыі. Педагогі разам з выхаванцамі (а часта і пры ўдзеле бацькоў) займаюцца лепкай з гліны, шыццём, вязаннем, бісерапляценнем, вышыўкай, цестапластыкай, работай са скурай, майструюць у тэхніцы дэкупаж, ганутэль і інш. Урокі творчасці фарміруюць добры густ, пазнавальную цікавасць, уменне праяўляць эмоцыі, бачыць прыгожае. Лепшыя работы прадстаўлены ў памяшканні цэнтра.

Медыкі і педагогі адзін раз на тыдзень збіраюцца разам, каб абмеркаваць ход рэабілітацыі кожнага дзіцяці, паколькі работа іх у цеснай звязцы, прызначэнні аднаго спецыяліста дапамагаюць выконваць іншыя. Напрыклад, рэкамендацыі неўролага рэалізуюць з дзецьмі на практыцы і педагогі-выхавальнікі, і інструктар ЛФК, і псіхолаг, і іншыя спецыялісты. Пры такіх сустрэчах адбываецца абмен дыдактычным матэрыялам па самых розных пытаннях, напрыклад, па распрацоўцы і функцыянаванні ніжніх канечнасцей, па карэкцыі паставы і інш.

Нашы выхаванцы атрымліваюць і духоўную падтрымку. Яны наведваюць разам з бацькамі храм Жыровіцкай Божай Маці, які быў адкрыты ў будынку нашага цэнтра. Кожную нядзелю тут праходзіць служба, дзейнічае нядзельная школа.

— Людміла Мікалаеўна, як вы ацэньваеце эфектыўнасць работы рэабілітацыйнага цэнтра? Якой колькасці дзяцей дапамаглі вашы спецыялісты?

— За гады існавання ўстановы курсы рэабілітацыі ў ёй прайшлі больш за 15 тысяч дзяцей-інвалідаў. Эфектыўнасць іх вельмі высокая, з паляпшэннем стану выпісваецца 98,9% выхаванцаў. Толькі ў 2016 годзе 47 дзецям, якія былі ў нас на аздараўленні, знята інваліднасць. Вынікі нашай работы залежаць ад многіх фактараў. Калі, напрыклад, упершыню да нас паступае дзіця, якому споўнілася тры гады — гэта адна справа, а калі падлетак 14 гадоў, то прагноз, зразумела, іншы. Нізка кланяюся бацькам, якія прыкладаюць каласальныя намаганні для таго, каб дапамагчы сваім дзецям. Іх бясконцая любоў і вера ў магчымасці дзяцей часта дазваляюць дасягнуць значных вынікаў. І нашы спецыялісты ў сваю чаргу імкнуцца максімальна сацыялізаваць і адаптаваць выхаванцаў да жыцця ў грамадстве. Аднаго падапечнага літаральна ставяць на ногі, другога вучаць хадзіць, трэцяму ўмацоўваюць мышачны каркас, знімаюць спастыку. Кагосьці вучаць трымаць лыжку або проста ўтрымліваць цацку, завязваць шнуркі ці нават размаўляць. А з некаторымі дзецьмі праводзяць дадатковыя ўрокі па матэматыцы. У кожнага выхаванца свая дасягальная мэта. Ёсць такія бацькі, якія мараць аб цудзе, каб з’явілася залатая таблетка, якая адразу вылечыць дзіця. Часам цуды сапраўды здараюцца. Спецыялісты, напрыклад, былі ўпэўнены, што дзіця ніколі не будзе хадзіць, але раптам яно паднімаецца з інваліднай каляскі і ідзе. Такое адбылося ў нас у цэнтры. Аднойчы раніцай наш выхаванец самастойна ўстаў з каляскі, узяў хадункі і пачаў хадзіць. Нават сам ён не мог паверыць у тое, што адбылося, толькі вымаўляў: “Я хаджу!” Магчыма, у гэтым выпадку спрацаваў назапашвальны эфект рэабілітацыі. Зразумела адно: каб цуды здараліся, трэба доўга і ўпарта працаваць. З гонарам кажу сёння, што толькі ў мінулым годзе мы шасцярых выхаванцаў паднялі з каляскі, яны самастойна пайшлі.

— Як часта да вас прыходзяць госці, валанцёры?

— Мы пастаянна запрашаем да сябе цікавых людзей, каб яны дзяліліся з нашымі выхаванцамі сваім жыццёвым і прафесійным вопытам. Клопат і ўвага да дзяцей — гэта таксама рэабілітацыя. Кожны дзень праходзяць па 2—3 мерапрыемствы з удзелам гасцей. Частымі нашымі гасцямі з’яўляюцца вядомыя артысты, спартсмены. Традыцыйна прыходзяць у цэнтр працоўныя калектывы — і не толькі для таго, каб прынесці падарункі, але і проста пагуляць з нашымі дзецьмі. Уявіце: салідныя людзі, прадстаўнікі вядучых прадпрыемстваў краіны на чале са сваімі дырэктарамі праводзяць з нашымі падапечнымі майстар-класы па бісерапляценні, лепцы або гуляюць з дзецьмі ў тэніс ці більярд, расказваюць аб розных прафесіях.

Пастаянныя госці цэнтра — нашы шэфы: супрацоўнікі НДІ Узброеных Сіл, а таксама прадстаўнікі пагранічных войскаў і МНС, якія заўсёды прыязджаюць са сваімі службовымі сабакамі-ратавальнікамі пароды лабрадор для правядзення заняткаў па догатэрапіі. Да нас прыходзяць школьнікі і гімназісты, а таксама студэнты-валанцёры з БДПУ імя Максіма Танка. Будучыя маладыя педагогі ствараюць для нашых дзяцей сапраўднае свята, гуляюць з імі, ніхто пры гэтым не адчувае псіхалагічнага бар’еру ў зносінах.

Праходзяць ва ўстанове сустрэчы з псіхолагамі і прафарыентолагамі з “Сямейнага бюро Ганны Русецкай”. Майстар-класы і фотасесіі праводзіць візажыст Аксана Наско. Нядаўна пачалася работа над праектам “Навыкі прафесіі. Работа са скурай”. Рэалізацыяй яго кіруе вядучы беларускі дызайнер Марына Шаліма, якая вырашыла паўдзельнічаць у лёсе дзяцей. Яна вядзе ў цэнтры гурток па пашыве скураных вырабаў. Сваю работу з дзецьмі выбудоўвае, як у сапраўдным працоўным калектыве: прызначае дырэктара, бухгалтара і г.д. Пад кіраўніцтвам дызайнера дзеці шыюць бірулькі, кашалькі. Такім чынам яны знаёмяцца адразу з некалькімі прафесіямі, атрымліваюць навык работы ў камандзе.

— Дзякуй вам, Людміла Мікалаеўна, за гутарку. Дазвольце павіншаваць ваш калектыў з высокай узнагародай — прэміяй “За духоўнае адраджэнне”.

— Сапраўды, для нас гэта вельмі высокая ўзнагарода і знак прызнання комплекснасці работы ўстановы па сацыяльнай падтрымцы дзяцей-інвалідаў, якая адпавядае ўсім неабходным патрабаванням сучаснай рэабілітацыі. У той жа час гэта ацэнка сістэмы сацыяльнай дапамогі, якая аказваецца дзецям з боку дзяржавы, каласальнай працы саміх дзяцей, якія ўпарта змагаюцца за сваё здароўе, выконваючы ўсе прадпісанні спецыялістаў. Гэта прызнанне сумесных дасягненняў спецыялістаў, бацькоў, усяго грамадства — прадстаўнікоў бізнесу, мецэнатаў і нераўнадушных людзей, якія прымаюць удзел у лёсе дзяцей, якія ідуць не самым лёгкім шляхам у жыцці.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Андрэя МАРКАВА.