Для вусоў і лыж, з «душой» і для ляўшэй: у калекцыі Леаніда Вечара каля 600 прасаў

- 13:19Увлечения

Для вусоў і лыж, з “душой” і для ляўшэй: каля 600 прасаў даэлектрычнай эры з розных краін свету сабраў у сваёй калекцыі Леанід Вечар са Слуцка. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітала ў Мінскае абласное кадэцкае вучылішча, дзе шмат гадоў Леанід Яўгенавіч выкладаў геаграфію, а цяпер працягвае асветніцкую дзейнасць праз свой музей прасаў.

Музейная атмасфера

Калекцыі марак, навагодніх паштовак, юбілейных рублёў, манет, грашовых банкнот краін свету, ёлачных цацак, запалкавых пачкаў — далёка не ўвесь скарб Леаніда Яўгенавіча. Калекцыяніраваннем ён захапіўся яшчэ ў дзяцінстве, але 25 гадоў назад усе яго мары сканцэнтраваліся менавіта вакол прасаў.

“Тады я яшчэ працаваў у сярэдняй школе № 8 Слуцка, і мой знаёмы настаўнік гісторыі запрасіў нас з вучнямі на экскурсію да сябе ў вучылішча, каб расказаць пра сваю калекцыю прасаў”, — успамінае Леанід Вечар.

Разглядваючы на той момант самую вялікую ў горадзе калекцыю (у ёй было каля 70 экзэмпляраў), мой суразмоўнік успомніў, што ў яго таксама ёсць з паўтара дзясяткаў прасаў. Дадому ён спяшаўся, ужо ведаючы, што хутка ў яго іх будзе больш. І сапраўды, міні-калекцыя Леаніда Яўгенавіча стала імкліва папаўняцца.

Першую яго экспазіцыю склалі 99 экзэмпляраў, і экспанавалася яна ў Слуцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, куды якраз перайшоў працаваць Леанід Вечар. Пазней гэтая ўстанова была пераўтворана ў Мінскае абласное кадэцкае вучылішча. А сёння гэта ўжо не проста экспазіцыя, а музей прасаў, і пад яго ў вучылішчы адведзены цэлы кабінет. З дапамогай гэтых экспанатаў ў падарожжа па эпохах адпраўляюцца не толькі кадэты, але і навучэнцы школ горада і Слуцкага раёна, Салігорска і інш. Частымі гасцямі тут бываюць і дарослыя — жыхары і госці Случчыны.

Не колькасць, а ўнікальнасць

Хоць сёння калекцыя складаецца ўжо з 600 экзэмпляраў, для іх уладальніка галоўнае — не колькасць. Яго цікавяць эксклюзіўныя экспанаты. Праз іх Леанід Вечар адкрывае новыя падрабязнасці сусветнай гісторыі, сістэматызуе прасы па краінах. Тут ёсць беларускія, расійскія, украінскія, галандскія, брытанскія, нямецкія прасы і інш. І з кожным звязана пэўная гісторыя.

“У якой бы краіне, у якім бы горадзе мне ні даводзілася бываць, усюды я ў першую чаргу спяшаўся на блышыны рынак. Усюды шукаў і купляў менавіта прасы. Іх я прывозіў з беларускіх гарадоў і вёсак, з Самары, Кіева, Адэсы і інш. Два прасы малодшы сын Сяргей прывёз з Індыі, яшчэ адзін набыў старшы сын Яўгеній у Санкт-Пецярбургу, а вось гэты — прэзент з Італіі ад жонкі”, — пачынае экскурсію калекцыянер.

Адзін з экспанатаў некалі служыў на брытанскім ваенным караблі. Там выкарыстоўваць адкрыты агонь было забаронена, таму ў прас залівалі кіпень. Побач размясціўся прас, які працаваў на спірце — яго падпальвалі, і гарэннем награвалася падэшва.

Самы цяжкі экзэмпляр важыць ажно 9,5 кілаграма! Як патлумачыў Леанід Вечар, такімі вялізнымі агрэгатамі некалі карысталіся краўцы: напоўніўшы гарачым вуголлем, ставілі іх на прымятую грубую тканіну, напрыклад, палітовую. Вадзіць па тканіне яго, канечне, было немагчыма — толькі перастаўляць. Для параўнання па суседстве размясціліся мініяцюрныя прасікі — манжэтныя, якімі прасавалі вышыўку па краях рукавоў.

Адзін с самых незвычайных прасаў — для лыж. Калекцыянер тлумачыць яго прызначэнне: “Палазы лыж трэба абавязкова змазваць, каб яны не ліплі да снегу. А якую іменна змазку прымяніць, залежыць ад тэмпературы паветра: на кожны тэмпературны інтэрвал яна свая. А каб лыжніку не залежаць ад надвор’я, выкарыстоўвалі спецыяльны прас, унутр якога запраўлялася змазка. Яна награвалася разам з прасам, і ёй змазваліся лыжы”.

Рэдкі і прас Барона Мюнхаўзена, як жартуе Леанід Яўгенавіч. Ён нагадвае маленькую плойку. “Доўгія вусы намочваліся, скручваліся кольцам і фіксаваліся прасам. І цэлы дзень кольца прымала форму”, — дэманструе на сабе працэс закручвання вусоў калекцыянер.

Побач з металічнымі прасамі экспануюцца і іх драўляныя папярэднікі, якімі жанчыны-сялянкі прасавалі льняную бялізну пасля мыцця ажно да канца XX стагоддзя. Найчасцей у Беларусі гэтую прыладу называлі рубель ці пральнік. Гэта доўгая драўляная плашка з рэбрамі на ніжняй паверхні і ручкай на канцы, якой разміналі валокны льнянога адзення, наматанага на качалку.

Хоць гэта даволі даўнія прылады, ёсць у калекцыі майго суразмоўніка і яшчэ старэйшыя.

“Гэта прасы з “душой”, — паказвае незвычайнае прыстасаванне калекцыянер. — Душой называюць металічную балванку, якая знаходзіцца ўнутры праса. Яе даставалі, кідалі ў агонь, награвалі да чырвонага і шчыпцамі ўкладвалі ў сярэдзіну праса. Часта ў праса было па некалькі “душ”. Пакуль першая “душа” грэе, прасуеш, а калі астывае — мяняеш яе на другую, гарачую, каб працэс не спыняўся. Усе прасы з “душой” рабіліся з каляровых металаў — у іх найвышэйшая цеплаправоднасць. У мяне прасаў такога тыпу некалькі. Адзін з іх я набыў у Клецку ў аднаго з жыхароў. На ім выгравіравана дата — 1827 г. Мару адзначыць 200-гадовы юбілей гэтага праса. Ён самы старадаўні з датаваных экзэмпляраў, таму для мяне самы каштоўны. Хаця, калі верыць словам італьянца — прадаўца антыкварнай крамы, у якога жонка падчас падарожжа купіла прас, яго тавару ўжо больш за два стагоддзі. Але ж дакументальных пацвярджэнняў гэтаму я не знайшоў, у каталогах такога праса няма, хоць і відаць, што рэч рарытэтная.

А па кошце самы дарагі кайзераўскі прас. На аўкцыёне за яго просяць мінімум 400 еўра. У адрозненне ад падобных польскіх, у гэтага труба не зафіксавана — яе можна адвярнуць у любы бок, каб парай ад гарачых вуглёў не апарыўся ні праўша, ні ляўша. Тут жа ёсць абмежавальнік, каб не апячы рукі — азбест паміж двума стальнымі пласцінамі. У польскіх прасах для гэтай мэты мацавалася тоненькая бляшанка, якая хутка прагарала. Немцы ж былі вельмі ўважлівымі да бяспекі.

Гэта “амерыканец”, працуе на газе. Да яго падключаўся балон, адкрываўся вентыль, запалкай падпальваўся — і газам прас награваўся.

А вось ганцавіцкі прас — адзін з самых рэдкіх у Беларусі. Ён алюмініевы. Ёсць сведчанні, што сыравінай для іх служылі фашысцкія самалёты, збітыя на нашай тэрыторыі. Іх пераплаўлялі на прасы. Мой экзэмпляр датаваны 1948 годам, а значыць, ён быў адным з апошніх — у тым годзе ганцавіцкая арцель закрылася”.

Некалькі рарытэтных прасаў Леаніду Яўгенавічу падарылі яго вучні. Ім яны засталіся ў спадчыну ад бабуль і прабабуль. Штук пяць прэзентаваў і дырэктар вучылішча.

Перш чым стаць экспанатамі, падораныя прасы Леанід Яўгенавіч рэстаўрыруе — здымае іржу, апрацоўвае кіслатой, паліруе. Усе прасы могуць хоць сёння быць выкарыстаны па прамым назначэнні.

Асобная экспазіцыя — сувенірныя прасы. Яны тут самыя розныя: драўляныя, пластыкавыя, керамічныя, фарфоравыя, маюць выгляд скарбонкі, шкатулкі, званочка ці нават карабля.

Так, “Аўрора” і “Тытанік” сярод іх — самыя маштабныя. Дачка заказала для таты ў рукадзельніцы з Баранавіч вязаны. Хутка з’явіцца ў калекцыі прас-гадзіннік. Шмат у музеі і рэпрадукцый з выявамі прасаў.

“У многіх экспанатаў быў цікавы шлях да музея. Так, адзін з прасаў мне прывезла дачка Ксенія з Карэліі. Яна з сябрамі хадзіла ў паход на байдарках і знайшла прас… у лесе. Як ён там апынуўся, невядома. Магчыма, яго выкарыстоўвалі як якар для байдарак. Ён сапраўды быў цяжкі — нават рукзак пераважыўся і таму перакулілася байдарка з плыўцамі, яны ледзь выцягнулі рукзак з прасам з вады. Дачка даставіла мне яго з такімі перашкодамі, а гэта аказаўся наш лідскі прас! У мяне такіх некалькі, але толькі ў гэтага шлях да майго музея ляжаў праз Карэлію”, — дзеліцца калекцыянер.

Нажніцы для піцы

Не менш цікавая ў Леаніда Вечара і калекцыя нажніц. Яна самая маладая — ёй усяго тры гады, але экзэмпляраў ужо больш за 200. Гэтыя мудрагелістыя прылады заўсёды прыцягвалі ўвагу майго суразмоўніка і выпадкова сталі перарастаць у калекцыю. Разглядаючы яе, амаль страчвае актуальнасць вядомая загадка: “Два кальцы, два канцы, а пасярэдзіне цвік”.

Тактычныя і электрычныя, каваныя і антыкварныя, для кветак і фруктаў, шпалер і сігар, свечак і лучын — яны прымаюць самую нечаканую форму.

Прызначэнне самых арыгінальных тлумачыць уладальнік: “Гэта нажніцы для рыбака. Яны мацуюцца за рэмень, і, калі трэба адрэзаць лёску, імі карыстаешся, выцягваючы за спружыністы шнурок.

Для цырульнікаў тут цэлы набор — для любой стрыжкі, філіроўкі і г.д. Ёсць і для барады. Дачка Ксенія прывезла мне з Італіі, куды ездзіла на майстар-клас. У іх асаблівая заточка, за кошт чаго волас не слізгае паміж лёзамі. Адметныя нажнічкі для догляду дзіцяці, для жанчын таксама цэлы спектр — ад манікюрных да нажніц для броваў”.

Частка калекцыі — нажніцы для грумінгу, для стрыжкі авечак, абразання кіпцюроў у свойскіх жывёл (для зручнасці — з кантэйнерам і ліхтарыкам). Ёсць для сапёраў, электрыкаў, ляўшэй, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, вучэбныя для школьнікаў, для маленькіх дзяцей, для аматараў творчасці (для скрапбукінгу і інш.).

Ёсць нават для супрацоўнікаў пашпартнага стала і іншых спецыялістаў, якія працуюць з дакументамі, — адным націскам такіх нажніц выразаецца прамавугольнае фота на дакументы. Аб развіцці медыцыны можна меркаваць і па прызначаных для гэтай галіны нажніцах. Хірургічныя, зубатэхнічныя, анатамічныя, для разразання бінтоў — толькі частка.

Арыгінальныя кухонныя нажніцы. Сярод іх для разбірання птушкі, рыбы, для зразання верхавіны шкарлупіны з курыных яек, звараных усмятку, і разразання сырых перапяліных (у іх мяккая шкарлупіна, таму звычайным чынам іх цяжка разбіць).

Адразу і не зразумееш, навошта нажніцы з некалькімі паралельнымі лёзамі. Леанід Вечар распавядае: “Гэтыя нажніцы былі створаны шмат гадоў назад для знішчэння каштоўных папер, банкнот, якія выйшлі з ужытку. А калі з’явіліся машыны, якія дазвалялі здрабніць паперы націскам адной кнопкі, пра нажніцы забылі. Але потым яны знайшлі новы варыянт выкарыстання ў кухараў — такімі сталі наразаць зеляніну для салатаў”.

Некалькі нажніц выкарыстоўваюцца ўжо за сталом. “Гэта для піцы — імі адразаеце адразу трохвугольны кавалак. А гэтыя — для вінаграду. Прычым лёзы замацаваны так, што, адрэзаўшы кавалачак гронкі, месца зрэзу адначасова заціскаецца паміж лёзамі, і таму зручна перакласці ў сваю талерку. Так не прыходзіцца браць рукамі ягады з агульнай”, — дэманструе прыстасаванні Л. Вечар.

Не менш фантазіі было і ў вынаходнікаў нажніц раскройных, кравецкіх, прызначаных для рукадзелля. “Раскройныя трапілі ў маю калекцыю з Германіі і Японіі — яны вострыя і ідэальна паўтараюць лінію зрэзу. Кравецкія — з Расіі і Турцыі. Фестонныя былі запатэнтаваны ў ЗША ў 1893 г. Яны маюць зазубіны на лёзах і рэжуць зігзагам — такімі апрацоўваюць край тканіны, каб ён не абсыпаўся. Для гэтай жа мэты прымяняюцца і гарачыя нажніцы — іх лёзы грэюцца ад электрычнасці і прыплаўляюць край тканіны. А пяцельныя з рэгулятарам прызначаны для разразання дзірак пад гузікі на адлегласці ад краю адзення”, — працягвае знаёміць з экспанатамі Л. Вечар.

Жамчужына ж калекцыі — антыкварныя нажніцы з партрэтамі аўстрыйскага імператара Франца-Іосіфа I і яго жонкі Лізаветы, выпушчаныя да іх сярэбранага вяселля ў 1879 г.

Калекцыі і нажніц, і прасаў карыстаюцца попытам у дзяцей і дарослых, якія прыходзяць на экскурсіі ў кадэцкае вучылішча. Цікава ж вяртацца ў мінулае, трымаючы ў руках такія артэфакты!

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара