Меладычная музыка льецца па зале. У такт ёй кружацца ў танцы пары: юныя дамы ў белых сукенках і кавалеры ў параднай вайсковай форме… Гэта апісанне не далёкага мінулага, а сучаснасці, а калі дакладней, каляднага балю для выхаванцаў абласнога кадэцкага вучылішча, навучэнак другога абласнога ліцэя і Цэнтра творчасці “Эверэст”. Мерапрыемства надоечы адбылося ў Магілёве.
Сёлета баль ужо шосты раз сабраў сваіх удзельнікаў. Прыбраныя хлопчыкі і дзяўчынкі з хваляваннем чакалі гэтай падзеі, бо для іх баль — магчымасць на справе азнаёміцца з традыцыямі мінулых стагоддзяў.
Паклоны, рэверансы, класічная музыка і адпаведныя танцы. Папераменна музыканты ігралі то паланэз, то павольны вальс, то вясёлую мазурку. Не абышлося і без песень, а таксама карагодаў, жартаў, гульняў з казачнымі персанажамі. А завяршыўся святочны вечар уручэннем падарункаў ад шматлікіх ганаровых гасцей.
Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова, калядны баль праводзіцца ў рэгіёне ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Акрамя гэтага свята, для юных жыхароў Магілёўшчыны прадугледжаны і шэраг іншых мерапрыемстваў.
— У ходзе акцыі кіраўніцтва мясцовых выканаўчых улад наведае абсалютна ўсе дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, а таксама дзяцей з апякунскіх і прыёмных сем’яў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзяцей, якія сталі на час свят пацыентамі бальніц. Плануецца таксама адкрыццё чарговага, ужо пяцьдзясят трэцяга па ліку, дзіцячага дома сямейнага тыпу. Акрамя таго, пройдзе дабрачынны тэлемарафон па зборы сродкаў для дзяцей, якія маюць вострую патрэбу ў дапамозе, — адзначыла Ірына Міхайлаўна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.