“До-Мі-Соль-ка” прадстаўляе

- 11:22Навіны рэгіёнаў

Прыгожа прыбраныя і ўсхваляваныя дашкаляты спяшаліся ў гэтую раніцу не ў свае дзіцячыя садкі, а ў Гродзенскую гарадскую гімназію. Тут адбыўся фінал раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “До-Мі-Соль-ка”.

Свята творчасці дашкалят адбываецца ў Ленінскім раёне Гродна раз у два гады, арганізуе яго аддзел адукацыі Ленінскага раёна.

— Спачатку агляды праходзяць ва ўсіх дашкольных установах раёна, у фінале сёлета выступілі выхаванцы 34 дзіцячых садкоў і цэнтраў развіцця дзіцяці, — расказвае метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Ленінскага раёна Гродна Ларыса Васюкевіч. — Ва ўсіх установах ёсць таленавітыя дзеці, ствараюцца добрыя ўмовы для развіцця дзіцячай творчасці, папулярызацыі беларускай культуры і традыцый.

Гэта пацвердзілі і выхаванцы ясляў-сада № 54, якія выканалі танец “Бульба-хоп”, а дзіцячы аркестр ясляў-сада № 39 — “Беларускую польку”. Злата Тумашык (яслі-сад № 77), Насця Ключык (яслі-сад № 96), Дамініка Жук (яслі-сад № 73) прадэманстравалі яркія вакальныя даныя, танцавальны калектыў з дашкольнай установы № 28 выканаў танец маракоў, а дзяўчынкі з ясляў-сада № 25 — арыгінальны танец медуз і ўразілі ўсіх спецэфектамі з лямпачкамі на парасонах, як і дзяўчынкі з ДЦРД № 89, нумар якіх так і называўся — “Сюрпрыз”. Увогуле, усе прадстаўленыя нумары ў трох намінацыях — “Вакал”, “Харэаграфія” і “Аркестр” — вызначаліся добрым густам і яркім выкананнем.

Усе ўдзельнікі фінальнага выступлення былі адзначаны дыпломамі і падарункамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.