Добраахвотная адказнасць, або Адказная дабрыня

- 11:54Сацыяльны ракурс

Дзень спантаннага праяўлення дабрыні — неафіцыйнае міжнароднае свята, якое адзначаецца 17 лютага пачынаючы з 1998 года. Што ж, любое праяўленне дабрыні, спантаннае ці пастаяннае, — з’ява, безумоўна, станоўчая, бо, як гаварыў класік англійскай літаратуры Джон Галсуорсі, дабрыня — гэта якасць, лішак якой не шкодзіць. Не ўпэўнена, што можна гаварыць пра лішак дабрыні ў сучасным грамадстве, але яна, дабрыня, ёсць, яна ў нашым жыцці. Штодзённа, у розных абліччах, у шматлікіх варыянтах. Напрыклад, у выглядзе дабрачыннай і валанцёрскай дзейнасці.

Сацыяльная адказнасць бізнесу таксама адна з многіх магчымасцей дапамагчы тым, каму гэта неабходна, падтрымаць слабых. Адно з вызначэнняў гэтай адказнасці, якое я адшукала ў інтэрнэце, гучыць так: “Гэта добраахвотны ўклад бізнесу ў развіццё грамадства ў сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай сферах, непасрэдна звязаны з асноўнай дзейнасцю кампаніі, які выходзіць за рамкі вызначанага законам мінімуму”.

Нядаўна чарговы раз пашанцавала сутыкнуцца з праявай такой адказнасці і парадавацца за тых, на каго сацыяльная адказнасць распаўсюджваецца: на выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра Заводскага раёна сталіцы. Ужо другі год запар адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій праводзіць заняткі з малымі, якія часова трапляюць сюды, пакуль вырашаецца іх лёс. Спонсарам заняткаў выступае вядомая кампнія Vizor Games — распрацоўшчык дадаткаў для тэлефонаў і сацыяльных сетак, ініцыятар гэтага сацыяльнага праекта. Пачыналі з двух пробных месяцаў заняткаў, якія ў выніку выліліся ў доўгатэрміновую ініцыятыву. І праект у сваю чаргу, хутчэй за ўсё, не закончыцца на адным СПЦ, неўзабаве яго мяркуецца распаўсюдзіць на іншыя сацыяльныя прытулкі Мінска.

Намеснік дырэктара адукацыйнага цэнтра ПВТ па вучэбнай частцы Ігар Шаўчэнка расказаў, што больш за год трэнеры цэнтра чатыры разы на тыдзень прыязджаюць у прытулак, каб займацца з дзецьмі, якіх часова забралі ў бацькоў.

— Дзеці, якія трапляюць у прытулак, прыходзяць сюды з нядобранадзейных сем’яў, — гаворыць І.Э.Шаўчэнка. — Яны часта не маюць уяўлення аб тым, што такое праграмаванне, што можна рабіць з дапамогай камп’ютара, акрамя таго, як гуляць, некаторыя камп’ютарнай мышкі ў руках не трымалі. Нават старэйшыя часта амаль нічога не ўмеюць, бо, магчыма, і дома ў іх камп’ютара няма, і заняткі па інфарматыцы ў школе яны прапускалі.

Кожны з двух выкладчыкаў адукацыйнага цэнтра ПВТ, якія задзейнічаны ў праекце, Дзмітрый Ракавец і Настасся Вазюля, па два разы на тыдзень прыязджаюць у прытулак і па паўтары гадзіны займаюцца з дзецьмі рознага ўзросту — ад дашкалят да амаль васямнаццацігадовых юнакоў і дзяўчат. Канечне, узровень падрыхтоўкі ў іх неаднолькавы, таму ў цэнтры вызначылі некалькі напрамкаў работы з рознымі групамі дзяцей. Гэта заняткі па камп’ютарнай дасведчанасці, робататэхніцы, распрацоўцы камп’ютарных гульняў і курс па вэб-праграмаванні для падлеткаў ад 13 гадоў. Хаця з некаторымі даводзіцца пачынаць з самага элементарнага — паказваць, як карыстацца мышкай.

Зразумела, дзеці знаходзяцца ў прытулку абмежаваны перыяд. За паўгода вырашаецца іх далейшы лёс: яны або вяртаюцца ў родныя сем’і, або ідуць у сем’і замяшчальныя, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты. І не кожны выхаванец застаецца тут на ўсе паўгода. Таму распрацоўшчыкі курсаў (а перш за ўсё гэта знаёмы нам ужо Ігар Шаўчэнка) зрабілі заняткі двух-трохмесячнымі, каб гэта быў завершаны цыкл навучання. Па выніках курсаў дзеці з дапамогай выкладчыкаў ствараюць уласныя праекты, напрыклад, робяць сайты, дэманструюць вынікі сваёй работы супрацоўнікам сацыяльна-педагагічнага цэнтра, кампаніі Vizor Games, рэзідэнтам ПВТ. І, безумоўна, радуюцца таму, чаго яны дасягнулі, чаму навучыліся. Так хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі цікава бавяць час, але і вучацца чамусьці карыснаму, што можа вельмі ім спатрэбіцца ў далейшым жыцці.

— Важна і тое, як заняткі дапамагаюць дзецям раскрыцца, навучыцца кантактаваць з равеснікамі, з дарослымі, праяўляць ініцыятыву, — гаворыць Аляксандр Францкевіч, трэнер, выкладчык БДПУ імя Максіма Танка, які займаецца распрацоўкай вучэбных праграм. — Я пастаянна чую пра гэта ад калег, выкладчыкаў цэнтра. Гэта, лічу, не менш важна, чым навучанне камп’ютарнай дасведчанасці.

— Некаторыя дзеці, асабліва старэйшыя, настолькі захапляюцца светам ІТ, што плануюць у далейшым паступаць у навучальныя ўстановы, звязаныя з гэтай галіной, — дадае трэнер адукацыйнага цэнтра ПВТ выпускнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Дзмітрый Ракавец. — Хутчэй за ўсё, гэта не будзе ўстанова вышэйшай адукацыі, але я ведаю і дзяцей, якія пасля нашых курсаў самастойна працягваюць ІТ-навучанне. Упэўнены, што такія веды дапамогуць ім у жыцці. Ну, а малодшыя захапляюцца робататэхнікай.

Дарэчы, яшчэ адзін праект Міністэрства адукацыі, ініцыіраваны сумесна з Паркам высокіх тэхналогій, звязаны менавіта з робататэхнікай. Гэта фестываль “Робафэст”, які раней праходзіў толькі ў сталіцы. А зусім нядаўна, на пачатку лютага, такі фестываль упершыню прайшоў на Гомельшчыне. Дзеці, акрамя таго, што маглі паказаць свае здольнасці, атрымалі цудоўныя прызы ад арганізатараў i энтузіяста робаруху ў Беларусі Леаніда Лознера (напрыклад, віртуальныя акуляры, аўтаномныя зарадныя прыстасаванні для тэлефонаў). Прычым падарункі атрымалі па восем удзельнікаў з дзвюх узроставых груп, а сувеніры — усе ўдзельнікі фестывалю. Плануецца, што такія мерапрыемствы будуць праходзіць кожны год.

Безумоўна, арганізатары фестываляў маюць і вельмі прагматычныя мэты: даць магчымасць таленавітым дзецям праявіць сябе ў ІТ, зацікавіць усіх жадаючых, папулярызаваць прафесіі, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, і ў далейшым падрыхтаваць граматныя кадры ў нашых універсітэтах. А чаму б і не? Сумяшчэнне дзіцячага свята, адукацыйных праграм з падрыхтоўкай неабходных краіне кадраў можна толькі вітаць. Асабліва калі гэтыя кадры настолькі патрэбны краіне і могуць прынесці ёй, яе эканоміцы немалую карысць у далейшым. Адукацыйны цэнтр, прынамсі, распрацаваў і курс факультатыўных заняткаў па робататэхніцы, якім можа карыстацца любы жадаючы абсалютна бясплатна. Рэсурс даступны ўжо з 1 верасня бягучага навучальнага года.

Таксама адукацыйны цэнтр ПВТ сумесна з некаторымі беларускімі ІТ-кампаніямі распрацоўвае і бясплатна перадае ў Міністэрства адукацыі іншыя вучэбныя матэрыялы. Так, прыкладна 80 школ Мінска атрымалі вучэбна-метадычны комплекс “Юны распрацоўшчык гульняў”. Карыстацца ім можа любы настаўнік інфарматыкі ці нават матэматыкі, напрыклад, на занятках гурткоў па інтарэсах. Што асабліва важна, 90% курса арыентаваны на практыку — самастойнае выкананне заданняў.

ПВТ і яго адукацыйны цэнтр пры падтрымцы Міністэрства адукацыі распачалі праект Scratch, або “Праграмаванне — другая дасведчанасць” (праект дабрачынны, ПВТ грошай за яго рэалізацыю не атрымлівае). Scratch — гэта мова праграмавання, зразумелая нават малодшым школьнікам, таму і навучаць ёй можна ўжо другакласнікаў.

Кваліфікаваныя трэнеры падрыхтуюць педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і студэнтаў старшых курсаў педагагічных спецыяльнасцей па засваенні асяроддзя праграмавання Scratch.

Запланавана стварэнне суполкі выкладчыкаў у інтэрнэце, курса відэаўрокаў для выкладчыкаў-пачаткоўцаў, пашыранай бібліятэкі спрайтаў (графічных аб’ектаў у камп’ютарнай графіцы) для школьнікаў. Зараз у праекце задзейнічаны прыкладна 50 настаўнікаў з розных школ Беларусі, якія навучаюцца на спецыяльных курсах. Цікава, што праект накіраваны выключна на невялікія населеныя пункты краіны, сталіца і абласныя цэнтры ў ім не ўдзельнічаюць, нават курсы для настаўнікаў праводзяцца ў Оршы.

***

А калі вярнуцца да Дня спантаннага праяўлення дабрыні, то ў кожнага ёсць шанс ператварыць адзін такі дзень у лад жыцця — сёння, заўтра і заўсёды. Ну, хаця б паспрабаваць. Хто як можа: праз рэалізацыю праектаў сацыяльнай адказнасці, праз удзел у валанцёрскім руху, дапамогу бабулі-суседцы ў рэшце рэшт. Любая такая дзейнасць будзе на карысць і тым, хто дапамагае, і тым, хто атрымлівае дапамогу.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій.