Добрая чараўніца і другая мама

- 11:02Людзі адукацыі

Выхавальніца ясляў-сада № 208 Мінска Галіна Васільеўна Жэля з удзячнасцю ўзгадвае шчаслівы выпадак, які змяніў яе прафесійны лёс. Нарадзілася і вырасла Галіна ў вёсцы Цярэнiчы Гомельскага раёна. Пасля школы падала дакументы ў кулінарнае вучылішча на кандытара, але ў прыёмнай камісіі сказалі, што з выдатнымі адзнакамі ў атэстаце ў дзяўчыны можа быць больш неардынарнае прызначэнне. Далейшы выбар Галіны Жэля — паступленне ў Гомельскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Дашкольнае выхаванне”, а пасля ў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай, дзе дзяўчына атрымала кваліфікацыю настаўніка пачатковых класаў.

Пасля заканчэння інстытута Галіна Васільеўна працавала настаўніцай пачатковых класаў у Крыўскай сярэдняй школе Буда-Кашалёўскага раёна. Далей — замужжа і пераезд у Мінск. У Галіны Васільеўны трое дзяцей. Увагі, любові і пяшчоты жанчыны хапае не толькі ўласным дзецям, але і выхаванцам ясляў-сада № 208 Мінска, у якім педагог працуе з дня адкрыцця. “Вы ўсе мае дзеці!” — з гонарам гаворыць яна сваім падапечным. А дзеці, трымаючы за рукі любімую выхавальніцу, адказваюць: “Вы таксама наша мама…”. Дзіцячыя сэрцы не падманеш.

Клопат аб уласнай сям’і зусім не перашкаджае прафесійнай самарэалізацыі Галіны Васільеўны. Наадварот, яе муж заўсёды прыходзіць на дапамогу, калі трэба штосьці змайстраваць або адрамантаваць у пакоі групы, дзе працуе жонка. Яе дачка і два сыны разам з мамай любяць ствараць маляўнічыя плакаты для конкурсаў, майстраваць дапаможнікі для заняткаў, выразаць наглядныя і раздатачныя матэрыялы.

“Мая штодзённая задача — клопат аб малышах, жыццё і развіццё якіх мне даверылі іх бацькі, стварэнне камфорту для кожнага дзіцяці, каб яно адчувала сябе ў садзе, як дома, — гаворыць Галіна Васільеўна.— Да выхаванцаў, з якімі знаёмлюся ўпершыню, спачатку прыглядаюся, шукаю да кожнага свой падыход. Не так проста заваяваць павагу, любоў і давер маленькіх дзяцей. Імкнуся штодня ўносіць у іх жыццё штосьці новае і нечаканае, заняць кожнага выхаванца карыснай справай, якая яму падабаецца”.

Нішто не заменіць непасрэдных зносін педагога і дзіцяці. Хто пачытае дзецям перад сном казку, навучыць быць артыстам, зводзіць на экскурсію…У бацькоў на гэта не заў-сёды хапае часу. Галіна Васільеўна то казачную пастаноўку падрыхтуе разам з выхаванцамі, з якой тыя выступяць перад дзецьмі з іншых груп, то выставу тэматычную арганізуе або цікавы праект рэалізуе (напрыклад, “Мой дамашні гадаванец”). “А што за вулкан вы разглядалі ўчора на прагулцы?” — пытаюцца бацькі ў Галіны Васільеўны, узгадваючы пра тое, што расказалі ім дома дзеці. І выхавальніца расказвае пра чарговы эксперымент, падчас якога яна з малышамі закапала бутэльку з фарбай, содай i вадой у пясок, затым дабавіла воцат, і ў выніку адбылося “вывяржэнне вулкана”. Аднойчы Галіна Васільеўна правяла адкрытыя заняткі з выхаванцамі малодшай групы па тэме “Дапаможам святлафорыку запаліць агеньчыкі”, на якія запрасіла бацькоў. Тыя былі ўражаны глыбокімі ведамі сваіх дзяцей па тэме.

Галіна Васільеўна ніколі не паскардзіцца бацькам на малыша, калі той дрэнна сябе паводзіць або сваволіць. Разумее, што для кожнай мамы ці таты яго дзіця самае лепшае. Увечары, калі сустракае бацькоў, яна спачатку раскажа ім нешта добрае пра сына або дачушку і толькі ў канцы размовы папросіць звярнуць увагу на пэўную праблему або дасць параду — не ў катэгарычнай форме, а вельмі мякка і добразычліва. Бацькі, канечне, прыслухоўваюцца да меркавання аўтарытэтнага педагога.

Галіна Жэля — пераможца конкурсаў і выстаў, якія праводзяцца ва ўстанове, у раённым конкурсе па АБЖ заняла 1-е месца за распрацоўку i выраб гульнi “Што? Дзе? Калі?”. Падчас гарадскога конкурсу “Лепшая ўстанова адукацыі”, у якой прымаў удзел яслі-сад № 208 Мінска, выхавальніца давала адкрытыя заняткі па тэме “У госцi да насякомых” і атрымала высокую адзнаку журы. Удзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе “Прыступка ў будучыню”.

Выпускнікі Галіны Васільеўны добра падрыхтаваны да навучання ў школе. Нават больш: яны ўмеюць чытаць, пісаць, лічыць і рашаць задачкі. Для таго каб працэс асваення новых ведаў зрабіць больш эфектыўным, на занятках выхавальніца выкарыстоўвае прэзентацыі, метад нагляднага мадэлявання, элементы методыкі Зайцава, мнематэхніку пры завучванні на памяць вершаў і пераказе невялiкiх твораў дзецьмі малодшага дашкольнага ўзросту.
“Працуючы з дашкольнікамі 3—4 гадоў, сутыкнулася з тым, што мала каму з іх падабаецца працэс завучвання вершаў на памяць: у адных гэта выклікае вялікія цяжкасці, у іншых — хуткае стамленне і адмоўныя эмоцыі, а для кагосьці гэта наогул непасільная праца, — гаворыць Галіна Васільеўна. — Для таго каб працэс завучвання вершаваных твораў прыносіў радасць малышам, неабходна ператварыць яго ў гульню. Сродкам для гэтага я выбрала прыёмы мнематэхнікі”.

З дашкольнікамі старэйшага ўзросту Галіна Васільеўна арганізуе даследчую дзейнасць. У групе створана вялікая картатэка доследаў i эксперыментаў. Гэтай вясной, напрыклад, педагог разам з выхаванцамі вырасцілі агарод на падаконніку, дзеці карпатліва вялі каляндар назіранняў за ростам раслін.

Галіна Васільеўна добра валодае беларускай мовай, бо вучылася, а затым на працягу 7 гадоў працавала ў беларускамоўнай школе.

“У мінулым навучальным годзе з выхаванцамі старшай групы мы актыўна вывучалі беларускія словы, чыталі па-беларуску маленькія тэксты, спрабавалі пісаць словы, лісты і віншаванні, рабілі інсцэніроўкі народных казак, развучвалі вершы і песні, праводзілі кірмашы і народныя святы (Калядкі, Масленіца, Гуканне вясны), падчас якіх дзеці выступалі ў нацыянальных касцюмах”, — расказала выхавальніца.

“Як добры чараўнік, Галіна Васільеўна адкрывае дзецям таямніцы навакольнага, пакуль нязведанага вялікага свету,— гаворыць намеснік загадчыка ўстановы Святлана Мікалаеўна Новік. — На занятках, якія яна праводзіць, дзеці акунаюцца ў цудоўны свет беларускіх казак і легенд, быццам адпраўляюцца ў вандроўку па запаветных куточках нашай Радзімы. У пэўны момант малышам пачынае здавацца, што іх абкружаюць пейзажы беларускай глыбінкі, яны чуюць шум векавых дубраў, звон невялікіх рачулак, якія нясуць свае хвалі сярод пакатых берагоў, і ў гэтых водах адлюстроўваецца лес і неба, месяц і сонца, аблокі і зоркі. Менавіта такая работа з дзецьмі дазваляе сфарміраваць у іх любоў да Радзімы, роднай мовы, якая ўвабрала ў сябе багацце розуму, талерантнасці, думак і пачуццяў пакаленняў. Урокі Галіны Васільеўны, упэўнена, запомняцца ім на ўсё жыццё”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.