Добры прыклад для астатніх краін

- 10:44Інфармацыйная гадзіна

Цесныя і плённыя адносіны паміж Беларуссю і Расіяй з’яўляюцца прыкладам для іншых краін. Аб гэтым заявіў статс-сакратар — намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін у інтэрв’ю карэспандэнту БелТА і журналістам СМІ Саюзнай дзяржавы.

“Вельмі цесныя і плённыя адносіны практычна ва ўсіх сферах паміж Мінскам і Масквой — добры прыклад для астатніх краін, — сказаў Рыгор Карасін. — Таму што Саюзная дзяржава — гэта вышэйшая форма інтэграцыйнай мадэлі. Услед за гэтым з’явіўся Мытны саюз, цяпер ён ператвораны ў Еўразійскі эканамічны саюз, які актыўна дзейнічае”.

Высокапастаўлены дыпламат заўважыў, што апаненты, у тым ліку за мяжой, часта адзначаюць, што беларускі і расійскі бакі нярэдка дыскутуюць наконт цэн, тарыфаў і іншых пытанняў. “Калі людзі блізка жывуць адно з адным і ўзаемадзейнічаюць ва ўсіх сферах, цалкам зразумела, што ўзнікае цэлая сума пытанняў, якія неабходна адрэгуляваць”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС Расійскай Федэрацыі.

Ён нагадаў, што Беларусь і Расія ўстанавілі дыпламатычныя адносіны падпісаннем адпаведнага пратакола 25 чэрвеня 1992 года. “Нягледзячы на тую блізкасць, якая традыцыйна характарызавала нашы сувязі як на палітычным, так і на чалавечым, міжасобасным узроўні, гэта быў неабходны крок, прыняты ў дыпламатычнай практыцы, які даў магчымасць на новым этапе дзвюм краінам абмяняцца дыппрадстаўніцтвамі на ўзроўні пасольстваў”, — сказаў Рыгор Карасін.

Ён адзначыў, што за мінулыя два з паловай дзесяцігоддзі сфарміравана ўстойлівая інфраструктура ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках сумеснай работы і не ў апошнюю чаргу дзякуючы механізму сумесных калегій, які ў той ці іншай форме эфектыўна функцыянуе паміж большасцю беларускіх і расійскіх ведамстваў.

“Выкананне палажэнняў аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года дало магчымасць забяспечыць роўнасць правоў грамадзян дзвюх краін у многіх сферах, паглыбленне гуманітарных сувязей, пашырэнне ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы, дасягненне высокага ўзроўню прамысловай і навукова-тэхнічнай кааперацыі, — прадоўжыў намеснік міністра. — Планы на будучыню ў нас таксама маштабныя. Аб іх зусім нядаўна ішла размова на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы 8 снежня ў Гомелі, дзе быў адобраны канцэптуальны дакумент — прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018—2022 гады. Пасля яго зацвярджэння на чарговым пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы будзем гатовы пачаць яго актыўную рэалізацыю”.