Дом, дзе пануе дабрыня

- 10:54Рознае, Сацыяльны ракурс

На Віцебшчыне два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу адзначылі наваселле. У Гарадоцкім раёне абодва такія дамы цяпер знаходзяцца побач на вуліцы Баграмяна. У новым доме гаспадарамі сталі Уладзімір і Юлія Сапрыкавы разам са сваімі шасцярымі дзецьмі. Пяцёра з іх прыёмныя, прычым гэта родныя браты і сёстры, якія сёлетняй вясной засталіся без апекі бацькоў. Гасцямі навасёлаў сталі: начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, кіраўнікі раённай выканаўчай улады, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў адукацыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і спонсары.


Агульная плошча прасторнага пяціпакаёвага дома з мансардай складае амаль 130 квадратных метраў, побач — прысядзібны ўчастак і гаспадарчыя пабудовы. Усяго на аб’ект затрачана каля 1,8 млрд рублёў з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.

— Для дзіцяці вельмі важна, каб яго любілі, падтрымлівалі і прымалі такім, якое яно ёсць. Важна адчуванне надзейнасці, абароненасці, бяспекі, таму асноўная задача для нас, каб маленькі чалавек жыў у сям’і, — адзначыла педагог-псіхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Зандаровіч. — У рэгіёне актыўна развіваюцца розныя формы замяшчальнага бацькоўства. Мы імкнёмся, каб асновай кожнай такой сям’і стала правіла: усе дзеці любімыя, шчасце, што яны ёсць у таты з мамай, што разам іх чакае выдатная будучыня, часам непрадказальная, але ў любым выпадку цікавая і радасная. Разам з тым галоўнае для нас — дапамагчы дзіцяці вярнуцца дадому або знайсці новую сям’ю. Калі гаварыць пра ўсынаўленне, то многія выказваюць жаданне ўсынавіць дзіця. Існуе нават невялікі рэжым чакання ў дачыненні да дзетак ва ўзросце да трох гадоў. У мінулым годзе на Віцебшчыне былі ўсыноўлены 84 дзіцяці, 57 з іх — жыхарамі вобласці.

Наваселле ў другім дзіцячым доме сямейнага тыпу, які адкрыўся ў аграгарадку Мазалава, адзначалася не ў прыгожым двухпавярховым катэджы, а на пляцоўцы каля мясцовай сярэдняй школы, на стадыёне ўстановы адукацыі, і ператварылася ў маштабнае раённае свята дзяцінства.


— Традыцыйна запрашэнне на раённае свята атрымліваюць дзеткі з прыёмных і апякунскіх сем’яў, выхаванцы дзіцячых дамоў, а таксама тыя людзі, якія замянілі ім татаў і мам, — расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкама Вольга Разанава. — Дзеці ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах “Вясёлыя старты”, велапрабегу “Дружба”, конкурсе малюнкаў на асфальце “Свет вачыма дзяцей”, канцэртна-гульнявой праграме “Сябруюць дзеці на планеце”. На свята многія прыехалі з суседніх вёсак і аграгарадкоў. Канечне ж усе чакаюць падарункі да свята. Камфартабельны і ўтульны катэдж, пабудаваны якраз насупраць школы, стаў галоўным падарункам не толькі для вялікай дружнай сям’і Пісецкіх, але і для ўсіх нас. З Вольгай Уладзіміраўнай і Аляксеем Іванавічам мы працуем з 2008 года. Гэта вельмі станоўчая, гарманічная сям’я. Абодва зарэкамендавалі сябе як добрыя, чулыя, адказныя бацькі, якія многа любові і ўвагі аддаюць дзецям, шчыра клапоцяцца пра іх. Думаю, што ў Мазалаве, дзе ёсць мастацкая і музычная школы, а сярэдняя школа з’яўляецца адной з лепшых у вобласці па арганізацыі спартыўнай работы, умовы для раскрыцця і развіцця здольнасцей кожнага з шасцярых маленькіх навасёлаў будуць яшчэ больш спрыяльнымі.

З віншаваннямі і падарункамі на свята прыехалі старшыня Беларускай федэрацыі валейбола Валянцін Шаеў і начальнік упраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Васіль Захарэвіч, кіраўнікі раёна, дырэктары прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі арганізацый-спонсараў.

— Наш раён адзін з першых у вобласці пачаў укараненне такіх форм жыццеўладкавання дзяцей, як прыёмныя і апякунскія сем’і. Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу — чацвёрты па ліку, — паведаміла намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама Ксенія Карабач. — Яго будаўніцтва было пачата пры садзейнічанні банкаў; у цэлым жа на яго выдаткавана каля 2,5 млрд рублёў, 60% з якіх складаюць бюджэтныя сродкі, астатняя сума — дапамога спонсараў. Хочацца выказаць падзяку за актыўны ўдзел у іх пошуку дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Шыцько. Сродкі на ўнутранае добраўпарадкаванне катэджа, у тым ліку набыццё мэблі (усяго каля 53 млн рублёў), сабраны падчас дабрачыннай акцыі раённай арганізацыі “Белая Русь”.

Як адзначыў Дзмітрый Хома, акрамя двух названых сацыяльна значных аб’ектаў, сёлета быў заселены дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Паставах. На цяперашні час у рэгіёне ёсць 30 дамоў для сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (уключаючы тры аб’екты гэтага года). Паколькі назіраецца пэўнае змяншэнне колькасці дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, неабходнасць у будаўніцтве новых дамоў сямейнага тыпу паступова зніжаецца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.