Нядаўна ў Маладзечанскім прафесійна-тэхнічным каледжы вядомы беларускі брэнд будаўнічай галіны “Ceresit” быў прадстаўлены ў новым ракурсе. Беларускае прадпрыемства “Хенкель Баутэхнік” адкрыла ў каледжы вучэбны цэнтр па прафесіях будаўнічага профілю. Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел С.Р.Навіцкі, генеральны дырэктар прадпрыемства “Хенкель Баутэхнік”; Т.П.Хамякова, намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама; Г.У.Пальчык, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Прыкладаў цеснага ўзаемадзеяння прадпрыемстваў з навучальнымі ўстановамі настолькі мала, што даводзіцца здавольвацца аднымі і тымі ж адрасамі. Адным з такіх з’яўляецца прадпрыемства “Хенкель Баутэхнік”, якое працуе ў сферы вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Менавіта гэтае прадпрыемства пад кіраўніцтвам С.Р.Навіцкага, сенатара Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, з’яўляецца прыкладам надзейнага, трывалага і дальнабачнага партнёрства з сістэмай прафесійнай адукацыі і шчырага жадання, каб у будаўнічай індустрыі працавалі сапраўдныя майстры сваёй справы. Пацвярджэннем гэтаму стала адкрыццё ў краіне ўжо пяці вучэбных цэнтраў “Ceresit”, дзе навучаюцца выхаванцы прафтэхустаноў будаўнічага профілю, павышаюць кваліфікацыю майстры вытворчага навучання і выкладчыкі, засвойвае будаўнічыя прафесіі дарослае насельніцтва. Толькі ў Мінскай вобласці адкрыты ўжо тры такія цэнтры. Нядаўна да існуючых у Барысаве і Салігорску далучыўся цэнтр, адкрыты ў Маладзечанскім прафесійна-тэхнічным каледжы.
— У будаўнічай галіне, як, бадай, ні ў воднай іншай, ідзе настолькі імклівае развіццё новых тэхналогій і стварэнне будаўнічых матэрыялаў, што цяжка ўгнацца, — адзначыў Сяргей Рыгоравіч Навіцкі. — Асабліва няпроста навучальным установам ісці ў нагу з будаўнічай індустрыяй і рыхтаваць будаўнічыя кадры згодна з патрабаваннямі рынку працы. Таму, натуральна, мы ўзяліся за ідэю стварэння вучэбных цэнтраў “Ceresit”, дзе сканцэнтраваны найноўшыя будаўнічыя тэхналогіі, сучасныя методыкі, будаўнічыя матэрыялы, абсталяванне, дзе можна авалодаць прафесійнымі навыкамі ў будаўніцтве нават з перспектывай на будучыню. Стварэнне такіх цэнтраў дае магчымасць навучальным установам рыхтаваць такіх спецыялістаў будаўнічай галіны, якія цалкам адаптаваны да сучаснай вытворчасці, а таму змогуць на роўных уліцца ў будаўнічыя калектывы і стаць прафесіяналамі.
Як падкрэсліў С.Р.Навіцкі, наша краіна ў адрозненне ад многіх іншых захавала сістэму прафесійнай адукацыі і сёння паспяхова яе развівае. Гэта дазваляе папаўняць працоўныя рэсурсы новымі кадрамі. Якасць іх падрыхтоўкі залежыць у першую чаргу ад саміх вытворцаў, якія павінны прад’яўляць навучальным установам свае патрабаванні да прафесійнага навучання і дапамагаць ім. І важна тое, каб, прыйшоўшы на аб’ект, малады будаўнік працаваў не падсобным рабочым, як сёння часта бывае, а мог бы смела брацца за кваліфікаваную працу.
Калі расказваць пра знакамітае прадпрыемства “Хенкель Баутэхнік”, то сёння яно ўяўляе сабой падраздзяленне будаўнічай хіміі канцэрна Henkel у нашай краіне, створанае для вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. Ужо сем гадоў завод выпускае будаўнічыя сумесі “Ceresit”. Выкарыстанне лакальнай сыравіны дазволіла знізіць кошт прадукцыі на 15 — 20% у параўнанні з імпартнымі аналагамі. На сёння ў асартымент беларускай прадукцыі “Ceresit” уваходзіць больш за 100 найменняў. Унікальнасць гэтай прадукцыі ў тым, што гэта не проста разрозненыя будаўнічыя матэрыялы, а цэлы комплекс, сфарміраваны ў залежнасці ад прызначэння і віду будаўнічых работ — абліцоўкі сцен, укладкі падлогі, гідраізаляцыі, аздаблення, уцяплення фасада і г.д. Пастаўка матэрыялаў і выкананне работ непасрэдна на будаўнічым аб’екце праходзіць пад кантролем спецыялістаў кампаніі, якія на месцы могуць даць неабходныя кансультацыі па выкарыстанні прадукцыі, неабходных будаўнічых механізмаў і тэхналогій, прадэманстраваць будаўнічыя сумесі на практыцы.
Менавіта такія ўмовы імкнуліся стварыць для будучых будаўнікоў кіраўнікі прадпрыемства і ў вучэбных цэнтрах “Ceresit”, якія былі адкрыты ў прафтэхустановах. У структуры такога цэнтра прадугледжаны два спецыялізаваныя памяшканні, адно з якіх з’яўляецца вучэбным кабінетам для правядзення тэарэтычных заняткаў, а ў другім абсталявана вучэбная майстэрня для засваення практычных навыкаў.
Гледзячы на аснашчэнне вучэбнага цэнтра, можна сцвярджаць, што ў ім “вучаць” нават сцены і падлога. Напрыклад, па пакрыцці падлогі можна вывучаць матэрыялы падлогавых пакрыццяў, спосабы іх укладкі, клеявы састаў, які замацоўвае пакрыцці. Сцены ўяўляюць сабой таксама рэальныя дапаможнікі, дзе прадстаўлена паслядоўнасць выканання тынкавальных работ. Першы слой сцяны — гэта аснова аддзелачных работ, за ім ідзе грунтаванне, прыклейванне цеплаізаляцыі, потым — арміравальны і дэкаратыўна-засцерагальны слой, і апошнім выступае непасрэдна фарбаванне сцяны. Побач выстаўлены цэментна-пяшчаныя блокі, з якіх узводзяцца сцены. У цэнтры ў асноўным прадстаўлена прадукцыя нацыянальнай вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, якія экалагічна чыстыя і маюць высокую якасць. Акрамя таго, вучэбны цэнтр аснашчаны сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, электроннымі сродкамі навучання, інтэрактыўнай дошкай, ілюстраванай вучэбна-метадычнай літаратурай і нагляднымі дапаможнікамі.
— Вучэбная майстэрня цэнтра ўяўляе сабой міні-аб’ект, дзе ў рэальным часе вядуцца будаўнічыя работы, — расказала майстар вытворчага навучання Марыя Іванаўна Попчанка. — У такой майстэрні адначасова могуць працаваць 16 чалавек, для якіх створаны спецыяльна абсталяваныя кабінкі. На сценах фрагментарна прадстаўлены віды тынкоўкі, узоры насценнай і падлогавай пліткі, дэкаратыўнай, вонкавай і ўнутранай аддзелкі, узоры шпалераў, спосабы ўкладкі падлогі. Кожны будаўнічы элемент навучэнцы адточваюць непасрэдна на сваім працоўным месцы.
Таццяна Пятроўна Хамякова, намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, адзначыла, што ў цэлым па вобласці 12 устаноў прафтэхадукацыі рыхтуюць кадры для будаўнічай галіны рэгіёна. Такая колькасць устаноў гэтага профілю з’яўляецца найбольш аптымальнай для вобласці і дазваляе ў поўнай меры забяспечваць кадрамі будаўнічыя арганізацыі.
— Зараз мы ставім задачу найбольш якаснай падрыхтоўкі кадраў для будаўнічай галіны, — адзначыла Таццяна Пятроўна. — Як вядома, у будаўніцтве вельмі імкліва адбываюцца інавацыйныя працэсы, таму мэта нашых прафтэхустаноў не адстаць ад іх і рыхтаваць менавіта высакакласных спецыялістаў. Гэтаму паспрыяе адкрыццё рэсурсных цэнтраў па адпаведных галінах эканомікі, у тым ліку і будаўнічай. Як вядома, у Мінскім рэгіёне адкрыта сем такіх рэсурсных цэнтраў.
Трэба сказаць, што Маладзечанскі каледж пастаянна займаецца ўдасканаленнем вучэбнага працэсу, павышэннем якасці прафесійнай падрыхтоўкі. Прыкладам гэтаму стала адкрыццё ў каледжы рэсурснага цэнтра па будаўнічай галіне для вытворчай практыкі навучэнцаў аднапрофільных устаноў Мінскай вобласці ў мэтах засваення новай тэхнікі, абсталявання, тэхналогій, перадавых вытворчых прыёмаў і метадаў працы, удасканалення навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу.
Асноўнымі задачамі рэсурснага цэнтра з’яўляюцца стварэнне ўмоў для вытворчага навучання ў пачатковым і асноўным перыядах, замацаванне і паглыбленне ведаў, атрыманых падчас тэарэтычнага навучання, пашырэнне магчымасцей дадатковай адукацыі дарослых, стварэнне ўмоў для стажыроўкі педагагічных работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, распрацоўка, апрабацыя і ўкараненне ў адукацыйны працэс інавацыйных тэхналогій, вучэбных трэнажораў, лабараторнага абсталявання, сродкаў навучання. На сёння ў рэсурсным цэнтры каледжа прайшлі падрыхтоўку каля тысячы чалавек.
Будаўнічаму профілю адведзена ва ўстанове і цэлае аддзяленне. Там вядзецца падрыхтоўка па такіх кірунках, як апрацоўчыя будаўнічыя работы, будаўніча-мантажныя і рамонтныя работы, сталярныя, паркетныя работы і работы па шкленні, эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей, санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў. Гэтае аддзяленне ўзначальвае вопытны педагог прафесіянал Фёдар Міхайлавіч Дзяргаўс.
Прыемна адзначыць, што з 2014 года ў навучэнцаў каледжа пасля заканчэння ўзроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі з’явіцца магчымасць працягнуць вучобу непасрэдна ў каледжы і атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў”.
Пацвярджэннем якаснай падрыхтоўкі навучэнцаў з’яўляецца тое, што каманды каледжа не раз станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства. На абласным конкурсе на лепшую майстэрню па прафесіях будаўнічага профілю сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўсе 5 майстэрань Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа перамаглі ў гэтым спаборніцтве.
— Штогод усе нашы выпускнікі паспяхова ўладкоўваюцца на працу на новабудоўлі, — паведаміў дырэктар каледжа Дзмітрый Леанідавіч Богдан. — Сёння будаўнічыя прафесіі вельмі запатрабаваны як у рэгіёне, так і ў краіне. Таму попыт на нашых выпускнікоў вельмі вялікі. Каледж працуе па заказах прадпрыемстваў і арганізацый. Сярод іх ёсць такія, якія робяць заяўкі адразу на 25 — 30 чалавек. У каледжы стварылі спецыяльны банк даных, дзе захоўваецца інфармацыя аб канкрэтных прадпрыемствах горада і рэгіёна, іх патрэбнасць у кадрах, у неабходнай кваліфікацыі.
Каледжу, можна сказаць, пашчасціла на сацыяльных партнёраў і базавыя прадпрыемствы. Яны аказваюць разнастайную дапамогу ў мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа, выдзяляюць месцы на будаўнічых аб’ектах для праходжання вытворчай практыкі навучэнцаў. Не абыходзіцца без удзелу заказчыкаў кадраў і ўдасканаленне зместу прафесійнага навучання будучых будаўнікоў, накіраванае на вывучэнне новых тэхналогій, матэрыялаў і абсталявання, якія выкарыстоўваюцца сёння на сусветным будаўнічым рынку. Прадстаўнікі прадпрыемстваў уваходзяць у склад кваліфікацыйных камісій па атэстацыі навучэнцаў, прымаюць актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні прафесійных конкурсаў сярод будучых будаўнікоў, займаюцца прафарыентацыйнай работай. Найбольш надзейнымі партнёрамі каледжа можна назваць прадпрыемства “Амкадор-унікаб”, якое на працягу 20 гадоў выпускае ўніфікаваныя кабіны для пагрузчыкаў, дарожна-будаўнічай і лесапрамысловай тэхнікі і з’яўляецца адзіным у краіне вытворцам вілавых пагрузчыкаў. Прадпрыемства сёння імкліва мадэрнізуе вытворчасць і таму мае патрэбу ў кваліфікаваных спецыялістах, якіх пастаўляе яму маладзечанскі каледж.
Знакамітае ў Беларусі прадпрыемства “Забудова” таксама з’яўляецца базавым прадпрыемствам Маладзечанскага ПТК. За гады свайго існавання яно заваявала высокі аўтарытэт у будаўнічай індустрыі нашай краіны і ў першую чаргу дзякуючы высокакваліфікаваным спецыялістам, якія там працуюць. Адметна, што істотную частку кадравага складу прадпрыемства складаюць выпускнікі Маладзечанскага ПТК. Па структуры гэтае прадпрыемства ўяўляе сабой цэлы комплекс, у склад якога ўваходзяць чатыры заводы, якія выпускаюць будаўнічыя матэрыялы ў такім асартыменце, што дазваляе пабудаваць з іх дом ад фундамента да даху. Яшчэ адным базавіком ПТК з’яўляецца прадпрыемства “Аддзелачнік-198”, якое выступае падрадчыкам усіх аддзелачных работ пры будаўніцтве дома. Гэта прадпрыемства можна назваць асноўным спажыўцом выпускнікоў каледжа па прафесіі аддзелачніка. Якасць выкананых імі работ задавальняе ўсіх заказчыкаў.
Нормы аб супрацоўніцтве паміж прадпрыемствамі і навучальнымі ўстановамі ў праходжанні вытворчай практыкі навучэнцамі, іх працаўладкаванні, замацаваны ў Кодэксе аб адукацыі, адзначыў Генадзь Уладзіміравіч Пальчык. Але час не стаіць на месцы. Напэўна, патрабуе заканадаўчага замацавання такая норма, як спалучэнне прыватнага партнёрства і прафесійнай адукацыі, каб далучыць да прафесійнай падрыхтоўкі кадраў бізнес-кампаніі і іх фінансавыя ўкладанні. Менавіта такія падыходы падымуць якасць навучання будучых будаўнікоў на новы ўзровень, чаго вельмі сёння не хапае.