Аб тым, што свабодныя грошы павінны прыносіць дадатковы даход, памятае большасць з нас, прычым адным з найбольш папулярных варыянтаў яго атрымання традыцыйна застаюцца банкаўскія дэпазіты. Між тым варта нагадаць: пасля прыняцця Дэкрэта кіраўніка дзяржавы № 7 “Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)” ад 11 лістапада мінулага года ва ўмовах прыцягнення ўкладаў адбыліся пэўныя змяненні, падрабязна разабрацца з якімі мы паспрабуем з дапамогай начальніка аддзела фінансавай граматнасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Юліі Вячаславаўны САКОВІЧ.
Дэкрэт № 7 прадугледжвае дзве значныя навацыі. Першая з іх тычыцца ўмоў закрыцця ўкладу раней за час, да якога заключаны дагавор з банкам. Норма Банкаўскага кодэкса, паводле якой кожны з нас мог запатрабаваць датэрміновага вяртання свайго ўкладу, а банк быў абавязаны задаволіць гэтае патрабаванне на працягу 5 дзён, тычыцца толькі дэпазітаў, адкрытых да 12 лістапада 2015 года. А пры афармленні дагавораў пасля гэтай даты кожны з нас павінен выбіраць, пакінуць сабе права на датэрміновае вяртанне сваіх грошай або не. Адпаведна, усе ўклады падзяляюцца на адкліканыя ці безадкліканыя, прычым трэба мець на ўвазе: даходнасць па апошніх будзе большай.
— Канкрэтныя ўмовы датэрміновага вяртання адкліканых укладаў па ініцыятыве ўкладчыка павінны вызначацца непасрэдна ў дагаворы паміж ім і банкам, — тлумачыць Юлія Саковіч. — Што ж да безадкліканых укладаў, то іх датэрміновага вяртання па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Зразумела, што сітуацыі здараюцца розныя, і з улікам непрадбачаных акалічнасцей банкі могуць рабіць крокі насустрач сваім кліентам, выкарыстоўваць індывідуальны падыход. Аднак такая практыка не стане масавай з’явай. Для датэрміновага спынення безадкліканага ўкладу спатрэбяцца па-сапраўднаму ўважлівыя прычыны, а таксама іх дакументальнае пацвярджэнне. Другім істотным новаўвядзеннем стала змяненне падыходаў да падаткаабкладання даходаў ад працэнтаў па банкаўскіх рахунках і ўкладах. Раней для ўсіх даходаў па банкаўскіх укладах прадугледжвалася льгота ў выглядзе вызвалення ад падаходнага падатку. Цяпер такая льгота мае больш адрасны характар.
— Вызначана некалькі выпадкаў, калі падаходны падатак з працэнтаў па ўкладзе спаганяцца не будзе, — працягвае Юлія Саковіч. — Першы з такіх выпадкаў — заключэнне дагавора банкаўскага ўкладу да 12 лістапада мінулага года. У такім разе, незалежна ад тэрміну дэпазіту ці датэрміновага зняцця з яго грошай, падатак плаціць не давядзецца.
Выпадак другі — дагавор быў заключаны пасля 12 лістапада 2015 года, але працэнты па ўкладзе выплачваюцца да 1 красавіка сёлета. Трэці выпадак — працэнты па ўкладзе, адкрытым пасля 12 лістапада мінулага года, не перавышаюць працэнт па ўкладзе да запатрабавання. Дарэчы, стаўка па ўкладах да запатрабавання вызначаецца кожным банкам самастойна. Разам з тым, паводле рэкамендацый Нацыянальнага банка, такая стаўка не павінна перавышаць 3-х працэнтаў гадавых у беларускіх рублях і 0,2 працэнта гадавых у замежнай валюце.
І, нарэшце, найбольш істотны момант: ільгота застаецца ў выпадку, калі грошы размяшчаюцца на доўгатэрміновы дэпазіт, прычым беларускія рублі фактычна знаходзяцца на банкаўскім рахунку не менш за 1 год, а замежная валюта не менш за 2 гады. Ва ўсіх астатніх сітуацыях з даходаў па ўкладах будзе ўтрымлівацца падаходны падатак у памеры 13 працэнтаў.
— Мэтай скасавання падатковай ільготы з’яўляецца стымуляванне ашчаджэнняў на доўгатэрміновай аснове і пераважна ў нацыянальнай валюце, аб чым, у прыватнасці, сведчаць розныя беспадатковыя тэрміны для рублёвых і валютных укладаў. Сутнасць змяненняў у тым, што новыя падыходы дазваляюць банкам фарміраваць больш устойлівую рэсурсную базу і накіроўваць яе на крэдытаванне інвестыцыйных праектаў у эканоміцы, на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу, на будаўніцтва жылля для грамадзян. Да таго ж устойлівая рэсурсная база дае магчымасць зніжаць сам кошт крэдытаў, — адзначае Юлія Саковіч. — Неабходна таксама яшчэ раз падкрэсліць, што для грамадзян, якія збіраюцца захоўваць і павялічваць свае ашчаджэнні ў доўгатэрміновай перспектыве, ільгота захоўваецца, плаціць падаходны падатак будуць толькі асобы, якія выбіраюць кароткія ўклады і, такім чынам, маюць спекулятыўныя інтарэсы на дэпазітным рынку. Пры гэтым падаткаабкладанне даходаў па ўкладах не з’яўляецца толькі нашай практыкай, яна распаўсюджана ва ўсім свеце. З гэтых даходаў бярэцца падатак у Польшчы, Германіі, Балгарыі, Літве, іншых еўрапейскіх дзяржавах. Аналагічныя падыходы выкарыстоўваюцца і ва Украіне, а ў Расіі існуе падатак на даходы па ўкладах, якія налічваюцца па высокіх працэнтных стаўках.
Непасрэдна сума грошай, якую кліент прыносіць у банк, падаткаабкладанню не падлягае. Плаціць падатак неабходна толькі з працэнтных даходаў, якія атрымае грамадзянін з 1 красавіка гэтага года. Пры гэтым у выпадку неабходнасці выплаты падаходнага падатку з працэнтных даходаў ніякіх дадатковых дзеянняў ад укладчыка не спатрэбіцца, банк сам разлічыць суму падатку і пералічыць яе ў дзяржаўны бюджэт.
Адначасова ў Нацбанку звяртаюць увагу: дагаворы банкаўскіх укладаў, якія былі заключаны да 12 лістапада мінулага года, павінны выконвацца на ранейшых умовах. А ў выпадку працягнення дагавора на новы тэрмін яго палажэнні будуць прыводзіцца ў адпаведнасць з патрабаваннямі Дэкрэта № 7.
— У любым выпадку кожны павінен памятаць: пры размяшчэнні сродкаў на рахунках або ва ўкладах дзяржава па-ранейшаму гарантуе фізічным асобам поўную захаванасць грошай, а таксама іх 100-працэнтнае вяртанне, што ў аднолькавай ступені тычыцца сродкаў як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, — адзначае Юлія Саковіч. — Сапраўды, час ад часу з’яўляюцца чуткі, нібыта банкі могуць абмежаваць зняцце сродкаў з дзеючых валютных укладаў ці што валютныя ўклады будуць выдавацца ў беларускіх рублях у пераразліку, зыходзячы з курса Нацбанка. Такія размовы не маюць ніякіх падстаў. Банкі абавязаны выконваць свае абавязацельствы ў тэрміны і ў аб’ёмах, якія прадугледжаны дагаворамі, а таксама ў той валюце, у якой размешчаны сродкі. Гэта патрабаванне заканадаўства.
Пытанні і адказы
Да 12 лістапада мінулага года быў адкрыты валютны ўклад на працяглы тэрмін. У дагаворы вызначана, што ўжо з 3 месяца па гэтым укладзе можна знімаць даход. Што будзе ў такім выпадку?
Дзеянне Дэкрэта № 7 не тычыцца дагавораў, якія ва ўстаноўленым парадку былі заключаны да 12 лістапада мінулага года. Адпаведна, канкрэтна на гэты ўклад нормы дэкрэта не распаўсюджваюцца.
Што чакае ўладальнікаў плацежных картак у беларускіх рублях?
Банкаўскія плацежныя карткі — гэта інструмент доступу да банкаўскага рахунку. Такія карткі могуць выпускацца да рахунку па банкаўскім укладзе або да бягучага разліковага рахунку. Па бягучых разліковых рахунках, у тым ліку з доступам да іх дзякуючы банкаўскім карткам, умовы будуць пераглядацца, і працэнтныя стаўкі зменшацца да ўзроўню ставак да запатрабавання. А пры стаўцы да запатрабавання падаходны падатак не спаганяецца.
Аднак банкі могуць прапанаваць сваім кліентам картачныя ашчадныя прадукты на аснове тэрміновых укладаў. У такой сітуацыі падаткаабкладанне залежыць ад умоў дагавора банкаўскага ўкладу і фактычнага тэрміну размяшчэння грашовых сродкаў.
Акрамя ўкладаў, існуюць накапляльныя сістэмы ў страхавых кампаніях, у прыватнасці, сістэмы дзіцячага ці пенсійнага страхавання. Ці распаўсюджваюцца на іх нормы Дэкрэта № 7?
Дэкрэт № 7 тычыцца грашовых сродкаў, якія размяшчаюцца на рахунках банкаўскага ўкладу, бягучых разліковых рахункаў у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, але пры гэтым дэкрэт не рэгулюе пытанні размяшчэння і захоўвання сродкаў у накапляльных сістэмах страхавання.
Ці абавязаны банкі ўказваць інфармацыю аб падаходным падатку па ўкладах у дагаворы і рэкламе?
Не абавязаны. Спагнанне падаходнага падатку вызначаюць некалькі фактараў, якія могуць не залежаць ад самога банка, тады як у рэкламе павінны ўказвацца толькі канкрэтныя факты аб прадуктах, якія прапаноўваюцца кліенту. А дагавор павінен вызначаць канкрэтныя ўмовы карыстання ўкладам. Разам з тым пры заключэнні дагавора банкам неабходна праінфармаваць сваіх кліентаў, у якой сітуацыі даходы ад размяшчэння сродкаў будуць падлягаць падаткаабкладанню.
Сяргей ГРЫБ.