Дрэва свеціцца, дрэва спявае

- 11:52Навіны рэгіёнаў

Таленавітыя юныя разьбяры Віцебшчыны спаборнічалі ў абласным конкурсе па дрэваапрацоўцы.

Сёлета Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі прымаў конкурс дзевятнаццаты раз. Па традыцыі, у першым туры ўдзельнікам былі прапанаваны заданні на ўзровень тэарэтычных ведаў, а ў другім журы ацэньвала практычныя навыкі. Гэты тур сёлета праходзіў пад знакам Года малой радзімы. На працягу адведзенага на выпрабаванне часу канкурсанты выразалі дэкаратыўнае пано з зададзенымі параметрамі, у малодшай узроставай групе на тэму “Сэрцу мілы куток”, у старэйшай — “Сімвалы малой радзімы”. Яшчэ адна добрая традыцыя — правядзенне ў рамках конкурсу абласной выставы лепшых работ удзельнікаў гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах у тэхніцы разьбы па дрэве.

— У нашай краіне, багатай лясамі, дрэва здаўна было адным з самых любімых матэрыялаў, — зрабіла экскурс у мінулае метадыст абласнога палаца дзяцей і моладзі Дар’я Пашкевіч. — Продкі ведалі, што драўніна валодае каштоўнымі якасцямі, да таго ж яе зручна апрацоўваць і нарыхтоўваць. Таму дрэва шырока выкарыстоўвалася ў побыце — ад стварэння абарончых збудаванняў да вырабу сельскагаспадарчых прылад. Разуменне прыгажосці драўнянай тэкстуры развівалася ў творчым вопыце многіх пакаленняў народных майстроў. Разьба па дрэве мае свае ўнікальныя асаблівасці, прыёмы і стылі. Ва ўстановах дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі вобласці дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах “Дрэваапрацоўка”. На занятках навучэнцы знаёмяцца з гісторыяй узнікнення і развіцця мастацтва разьбы па дрэве, асаблівасцямі апрацоўкі драўніны, вучацца ствараць уласныя кампазіцыі. Гэтыя заняткі становяцца адной з асноў эстэтычнага выхавання дзяцей і падлеткаў, спрыяюць фарміраванню мастацкага густу праз працоўныя ўменні і навыкі. Роля педагогаў тут выключна важная.

Больш за 20 гадоў аддаў рабоце ў сістэме адукацыі настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Віцебска кіраўнік гуртка “Дрэваапрацоўка” абласнога палаца дзяцей і моладзі Аляксандр Аляксандравіч Баброў. У прафесію педагог прыйшоў па сямейнай традыцыі: Аляксандр Рыгоравіч Баброў — таксама настаўнік працоўнага навучання. Цяпер бацька і сын калегі, Баброў-старэйшы працуе ў Оршы. У абодвух навучэнцы не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў і выстаў.

— Перад тым як вучыць, дзяцей трэба спачатку зацікавіць, — упэўнены Аляксандр Аляксандравіч. — Гэта значыць, прадэманстраваць тое, што ты ўмееш. Тут іншых варыянтаў няма, таму што дзіця “загарыцца” справай, падзеліць мэты настаўніка толькі тады, калі пабачыць яго асабістыя вынікі. А потым будзе вынік вучня. Няма ў настаўніка цярпення і старання паказаць свае ўменні — пра якія веды, уменні і навыкі можна тады гаварыць у дачыненні да навучэнца? Працоўнае навучанне ў школе — прадмет неабходны. Будучы мужчына павінен умець забіць цвік, навастрыць нож, павесіць паліцу, сабраць мэблю: без гэтага ён не будзе спраўным гаспадаром у сям’і. Зараз часам цяжкавата прывабіць моладзь да працы, перашкаджае ІТ-цацка, якая ў кожнага знаходзіцца ў кішэні. Аднак і мабільныя тэлефоны, планшэты, камп’ютары можна ператварыць у памочнікаў. У інтэрнэце дзеці і падлеткі шукаюць інфармацыю, цікавую асабіста для іх. Задача настаўніка — правільна матываваць, сфакусіраваць зацікаўленасць на канкрэтнай вучэбнай мэце.

Імя педагога дадатковай адукацыі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Аляксандра Пціцкага вядома далёка за межамі роднай Шуміліншчыны. Яго паважаюць і як выдатнага майстра народных рамёстваў, і як таленавітага, дасведчанага, аўтарытэтнага сярод калег, вучняў і іх бацькоў настаўніка. Пра тое, як у яго з’явілася цікавасць да разьбярства, сам педагог жартуе: абудзіўся на генным узроўні. Доля праўды ў гэтым жарце ёсць, таму што прадзед у Аляксандра Яўгенавіча быў знакамітым разьбяром-чырванадрэўшчыкам.

— З дзяцінства захапляўся народнымі рамёствамі, — расказвае майстар. — Школьнікам займаўся адразу ў некалькіх гуртках: па салома- і лозапляценні, разьбярстве, выяўленчым мастацтве. Спрабаваў сілы і збіраў веды. Я працую з рознымі матэрыяламі, пераважна прыроднымі, але ў век панавання палімераў часам даводзіцца прыстасоўваць да іх традыцыйныя тэхнікі. Калі працуеш з дрэвам — гэта асаблівы стан душы: матэрыял аддае табе сваю цеплыню, станоўчую энергію. Бывае, што ў дрэве бачыш новую работу: яно само нешта падкажа, накіруе. Так можна распазнаць будучы вобраз і адразу наносіць эскіз не на паперу, а на дрэва. Мне асабіста больш цікава мець справу з каштоўнымі, высакароднымі пародамі. Мораны дуб, чырвонае дрэва па ўзросце намнога старэйшыя за ліпу ці бярозу, яны больш інфармацыі назапасілі, і ад работы з імі больш атрымліваеш, нават на ўзроўні энергетыкі.

Любоў і майстэрства настаўніка жывуць, працягваюцца ў яго вучнях. На іх рахунку шмат перамог у конкурсах розных узроўняў, многія звязалі прафесійны лёс з дрэваапрацоўкай, народнымі рамёствамі, лясной гаспадаркай. Дарэчы, і ў абласным конкурсе па дрэваапрацоўцы пераможцам тэарэтычнага тура ў старэйшай узроставай групе стаў вучань Аляксандра Пціцкага Максім Пашкевіч. 1-е месца ён падзяліў з прадстаўніком сярэдняй школы № 1 Дуброўна Максімам Данько. У малодшай узроставай групе лепшым у тэарэтычных ведах прызнаны вучань Воранаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Валерый Міранько, у якога таксама дыплом ІІІ ступені за практычны тур. У другім туры лепшыя вынікі паказалі: у старэйшай узроставай групе — Павел Сляпцоў з сярэдняй школы № 4 Оршы і Міхаіл Бутар з Чашніцкай гімназіі (дыплом ІІ ступені ў тэарэтычным туры), у малодшай — Андрэй Кукуля з сярэдняй школы № 1 Докшыц. У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі сярэдняй школы № 4 Оршы. На 2-м месцы — каманда сярэдняй школы № 1 Докшыц. Замыкае лідарскую тройку каманда сярэдняй школы № 2 Бешанковіч.

— У кожным з вас мы сёння пабачылі мэтанакіраванасць, жаданне далей развівацца, удасканальваць майстэрства, — звярнуўся да ўдзельнікаў конкурсу падчас цырымоніі ўзнагароджання дырэктар абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў. — Радуе, што вас сабралася так многа і што ўсе вы па-сапраўднаму захоплены сваёй справай. Яна патрэбна для вас асабіста, для вашай малой радзімы і ўсёй нашай вялікай Беларусі. Увайсці ў свет дрэваапрацоўкі здольны толькі той, каму неабыякавыя прыгажосць і дасканаласць, хто хацеў бы зрабіць жыццё больш прыемным і радасным для людзей. Веру, што для многіх з вас захапленне стане першай прыступкай да прафесіі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.