Дружба народаў пачынаецца ў БРУ

- 10:58Навіны рэгіёнаў

Адкрыты фестываль творчасці замежных студэнтаў “Дружба народаў” прайшоў на Магілёўшчыне. Яго ўдзельнікамі сталі маладыя людзі розных нацыянальнасцей, якія вучацца ў беларускіх УВА.

Фестываль узнік дзесяць гадоў назад па ініцыятыве кіраўніцтва Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Праводзіцца ён штогод, але цікавасць да яго з боку моладзі не зніжаецца. Сёлета на фэст з’ехаліся замежныя студэнты дзесяці вышэйшых навучальных устаноў з розных рэгіёнаў рэспублікі.

— Фестываль “Дружба народаў” стаў мерапрыемствам, якое аб’ядноўвае моладзь. Творчае спаборніцтва спрыяе ўмацаванню культурна-духоўнага супрацоўніцтва, усталяванню сяброўскіх кантактаў паміж студэнтамі розных краін, — адзначыў прарэктар па выхаваўчай рабоце БРУ Андрэй Казанскі.

Конкурсная праграма расцягнулася на два дні. Удзельнікі маглі прадэманстраваць свае здольнасці ў вакальна-харавой і вакальна-інструментальнай творчасці, харэаграфічным і тэатральным мастацтве. Спачатку канкурсанты выступалі на адборачным туры. На гэтым этапе кожная УВА прадстаўляла сваю праграму, якая складалася з разнажанравых нумароў. Таленты дэманстравалі студэнты з дзевяці краін, у ліку якіх Расія, Кітай, Шры-Ланка, Пакістан, Бангладэш і нават Нігерыя. Кожны канкурсант змог уразіць прысутных. Адны пакаралі журы і гледачоў палымянымі народнымі танцамі, другія — душэўнымі песнямі, трэція — ігрой на нацыянальных інструментах, а некаторыя — даволі добрым веданнем беларускай мовы.

Лепшыя выступленні былі дапушчаны да гала-канцэрта. Па яго выніках і вызначаліся пераможцы. Адметна, што вельмі многія канкурсанты атрымалі пэўныя ўзнагароды. Самы ж галоўны прыз — гран-пры — дастаўся прадстаўнікам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.