“Думаць аб людзях, аб вытворчасці, аб развіцці”

- 10:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нацэльвае ўрад думаць аб людзях і вытворчасці пры рэалізацыі эканамічнай палітыкі. Аб гэтым ішла размова ў час даклада кіраўніку дзяржавы першага намесніка прэм’ер-міністра Васіля Мацюшэўскага.

Першы віцэ-прэм’ер прадставіў кіраўніку дзяржавы, якім бачыцца ўраду 2016 год з улікам знешніх макраэканамічных умоў, што хутка мяняюцца, а таксама сярэднетэрміновыя перспектывы выхаду на ўстойлівыя тэмпы эканамічнага росту.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “пры ўсіх праблемах і складанасцях (іх будзе яшчэ нямала) нам трэба думаць аб людзях, аб вытворчасці, аб развіцці і займацца абавязковымі рэчамі”. Пры гэтым прэзідэнт запатрабаваў, каб аналіз перспектыў праводзіўся ў глабальным плане, не абмяжоўваўся адным рынкам і адным напрамкам. “Хацелася б, каб мы рассунулі гэтыя рамкі і паглядзелі шырэй на тое, што адбываецца. Гэта будзе сапраўдны аналіз, ад якога нікуды не дзецца”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Як было даложана прэзідэнту, урад пры падрыхтоўцы свайго бачання эканамічнага развіцця краіны на 2016 год, на сярэднетэрміновую перспектыву аналізуе як мінімум 12 фундаментальных фактараў, якія ўплываюць на развіццё эканомікі. Такі падыход важны для Беларусі, краіны з адкрытай эканомікай, якая рэалізуе на экспарт 60—70 працэнтаў вырабленай прадукцыі.